Як беларускія дзяржслужбоўцы скуплялі кватэры ў Балгарыі

Новае

Як беларускія дзяржслужбоўцы скуплялі кватэры ў Балгарыі

Цяпер афіцыйны Менск варожа ставіцца да заходніх краінаў. Супрацоўнікі беларускіх дзяржструктураў публічна падтрымліваюць адпаведную рыторыку. Аднак, як высветліў Беларускі расследвальніцкі цэнтр сумесна з Балгарскім расследвальніцкім цэнтрам BIRD.BG, дзяржслужбоўцы, якія на працы замежжа лаюць, адпачываць любяць якраз на еўрапейскіх курортах. У нашым новым расследаванні гаворка пойдзе пра чатырох беларусаў, якія былі на дзяржаўнай службе і ўзначальвалі дзяржаўныя прадпрыемствы, але вырашылі набыць нерухомасць на беразе Чорнага мора ў Балгарыі.
  • Дзмітрый Партон ужо шмат гадоў захоўвае вернасць Аляксандру Лукашэнку, працуе ў дзяржаўных СМІ і лае Еўразвяз. Аднак такое стаўленне не перашкаджае яму ўвесь гэты час адпачываць на самым вядомым курорце ў Балгарыі і атрымліваць асалоду ад чарнаморскага паветры ва ўласных апартаментах.
  • Станіслаў Іодзіс набываў жыллё ў Еўропе, калі быў кіраўніком найбуйнейшага алкагольнага дзяржхолдынга краіны, калі яго афіцыйны заробак не быў вельмі высокім. Але нават гучны карупцыйны скандал, у які трапілі ягоныя падначаленыя, не перакрыў яму шлях у Еўропу.
  • Абзаводзіліся кватэрамі ў Балгарыі і беларускія дзяржслужбоўцы рангам ніжэй. У кожнага з іх для гэтага былі свае крыніцы даходу, але выключна на заробак гэта было б зрабіць складана.

Дзмітрый Партон

Дзмітрый Партон пачынаў у вайсковых СМІ і на радыё, потым узначаліў прэс-службу МУС, скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце і выйшаў на кіруючыя пасады ў дзяржаўных СМІ. «СБ. Беларусь сегодня», «СТВ», «Минск-Новости».

У сваёй працы Дзмітрый Партон часта крытыкуе парадкі «у перанасычанай і распуснай Заходняй Еўропе».

«Падобна, французскія паліцэйскія, як надзелі ружовыя шалікі, дык страцілі нюх, або яны ўжо не могуць зразумець, хто свой, хто чужы ў шматмільённым эмігранцкім натоўпе? Няўжо было незразумела, што ўвесь гэты еўрапейскі лібералізм і ёсць бомбаю запаволенага дзеяння?», – гэта адзін з яго пасажаў.

У 2011 годзе ён абзавёўся жыллём на самым вядомым курорце ў Балгарыі, Сонечным беразе. За кватэру ў 38 квадратных метраў медыяменеджар выклаў прыкладна 26 тысяч долараў.

Яна знаходзіцца ў 500 метрах ад пляжу; побач басейн, зона для загару і адпачынку, рэстаран.

У маі 2022 года намеснік дырэктара «Минск-Новости» адпачываў з сям'ёй у Балгарыі і фатаграфаваўся з унукам.

Крыніца: профіль Дзмітрыя Партона ў https://vk.com/ 

Такія падарожжы для сям'і функцыянера дзяржаўных СМІ сталі традыцыяй. Як вынікае з адкрытых крыніцаў, за апошнія 10 гадоў Партон разам са сваёй жонкай-хатняй гаспадыняй пабываў у многіх еўрапейскіх сталіцах.

Крыніца: профіль Дзмітрыя Партона ў https://vk.com/ 

Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызан», ягоны афіцыйны заробак на дзяржаўнай службе складае каля 20 тысяч долараў на год.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Партон не заўсёды крытыкаваў еўрапейскія ўстоі. У 2012 годзе, калі ў дзяржаўных СМІ яшчэ можна было хваліць Еўропу, ён параўноўваў беларускіх і еўрапейскіх памежнікаў і, не баючыся быць пакараным, адкрыта аддаваў перавагу апошнім.

Мы папрасілі Дзмітрыя Партона пракаментаваць сітуацыю, але ён адмовіўся гэта рабіць.

Станіслаў Іодзіс

Кар'ера Іодзіса таксама пачалася ў праваахоўных органах: у канцы дзевяностых ён працаваў пракурорам у Менску. 

Пасля перайшоў у гандаль. Быў дырэктарам мннскага рэстарана «Лідо» і Камароўскага рынку, а ў 2010 годзе апынуўся на кіруючай пасадзе ў Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі. 

Праз год Аляксандр Лукашэнка даверыў яму найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі па вытворчасці алкаголю, «Менск Крышталь».

Першую кватэру Іодзіс набыў на вуліцы Лабанка ў Менску ў 2009 годзе, калі ўзначальваў Камароўскі рынак. 

Праз тры гады ў сям’і Іодзіс з’явіўся двухпавярховы дом у Стоўбцах на 130 кв. м. з лазняй.

Акрамя таго кіраўнік алкахолдынга любіць машыны. Дастаткова прыгадаць новы Land Rover 2014 г., які каштуе не адзін дзясятак тысяч долараў. 

Пры гэтым па дадзеных, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызан», у сярэднім афіцыйны заробак Станіслава Іодзіса на «Менск Крышталі» складаў 20 тысяч долараў. 

А яго тагачасная жонка Алена Іодзіс працавала ў фірме пашыву і продажу спецвопраткі «Бяспека працы» і зарабляла у сярэднім каля 2,5 тысяч долараў на год. 

У 2016 годзе – праз год пасля развода з жонкай – Станіслаў Іодзіс купіў кватэру ў Балгарыі, на курорце Паморые. 

Горад на беразе Чорнага мора славуты лячэбнымі гразямі і салёнымі азёрамі. На момант куплі кошт апартаментаў у раёне, які абраў Іодзіс, пачынаўся ад 29 тысяч еўраў. Па дадзеных, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызан», у Балгарыю ён лётаў практычна штогод, пачынаючы з 2007 года, заўсёды ў ліпені-жніўні, з тагачаснай жонкай Аленай.

Праз 3 гады пасля куплі балгарскай нерухомасці Станіслаў Іодзіс трапіў у скандал. У кастрычніку 2019 года яго знялі з пасады кіраўніка «Менск Крышталю» за тое, што ён, нібыта, не даглядзеў за падначаленымі і дапусціў карупцыю на прадпрыемстве. З доказамі злачынства былі затрыманыя трое супрацоўнікаў алкагольнага заводу. Паводле дадзеных следства, за 2018 – 2019 гады сумарна яны атрымалі хабару прыкладна на 17 тысяч долараў. СМІ са спасылкай на КДБ паведамлялі, што намеснік начальніка транспартнага аддзелу «Менск Крышталю» Баркоў абвінавачваўся ў хабары за абслугоўванне службовых аўтамабіляў у камерцыйнай структуры. А галоўны інжынер Жарын, паводле версіі следства, меў намер падрабіць дакументы і конкурсныя працэдуры. У 2020 годзе яго за гэта асудзілі на 6 гадоў калоніі.

Станіславу Іодзісу, пры якім дзеялі гэтыя схемы, следства абвінавачанняў не выставіла. Больш за тое, ужо праз месяц пасля скандалу Іодзіс спакойна выехаў у Літву, а ў канцы 2019-га быў у Латвіі. Таксама з дапамогай «Кіберпартызанаў» мы знайшлі ягоную паездку ў Польшчу ў 2020-м і агулам дзесяць пералётаў пасля звальнення з «Менск Крышталю».

Па словах Станіслава Іодзіса, ён «шчаслівы», што журналісты ўсё ведаюць пра яго нерухомасць, але ад каментароў адмовіўся, прыгразіўшы звярнуцца ў праваахоўныя органы.

Аляксандр Кадышаў

Аляксандр Кадышаў кар’ерны шлях пачынаў у МУС, 

з 2008 года працаваў у сістэме юстыцыі. Каля 5 гадоў узначальваў «Цэнтр судовых экспертыз», паўгода працаваў у «БІП – Інстытуце правазнаўства». З 2016 года – гендырэктар РУП «БелЮрЗабеспячэнне»,

якое падпарадкоўваецца Мінюсту і задавальняе аўкцыёны па продажы арыштаванай маёмасці. Як сцвярджае нашая крыніца ў Мінюсце, на працу дзяржканторы неаднаразова скардзіліся судовыя выканаўцы.

Па дадзеных, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызан», у сярэднім Кадышаў зарабляў у «БелЮрЗабеспячэнні» каля 20 тысяч долараў на год. 

Гэта амаль у 6 разоў больш, чым заробкі шараговых супрацоўнікаў, якія, паводле слоў нашай крыніцы, у 2020 годзе не перавышалі 3,5 тысячы долараў на год. Такую розніцу ў ацэнцы працы можна было б растлумачыць вялікімі поспехамі Кадышава на пасадзе, але факты гэтага не пацвярджаюць. Так, у 2021 годзе прыбытак «БелЮрЗабеспячэння» скараціўся ўдвая.

У 2017 годзе, праз паўгады пасля пачатку працы на пасадзе гендырэктара, Кадышаў купіў кватэру на вуліцы Леаніда Бяды ў Менску ацэначным коштам больш за 70 тысяч долараў.

Тады ж, як высветлілі мы з дапамогай калегаў з Балгарскага расследніцкага цэнтру BIRD.BG, ён абзавёўся нерухомасцю ў Балгарыі.

Невялікая кватэра знаходзіцца ў жылым комплексу ў горадзе Свэты-Влас, якія прыцягвае турыстаў залацістымі пляжамі, горнымі хрыбтамі, цёплым морам і мноствам бухтаў.

Аляксандр Кадышаў заявіў, што ў красавіку 2022 года пакінуў пасаду кіраўніка «БелЮрЗабеспячэння» і пайшоў на пенсію. Паводле яго слоў, жытло ў Менску і Балгарыі набыў на грошы, якія зарабіў яшчэ да прыходу ў «БелЮрЗабеспячэнне». Набыццё нерухомасці адбывалася на фоне разводу з жонкай і падзелу маёмасці.

Кадышаў называе балгарскую кватэру «нумарам у гатэлі», якую купіў пасля азнаямленчага тура. У той час агенты нерухомасці актыўна заваблівалі беларусаў абзавесціся жытлом на балгарскіх курортах, дзе самая танная еўрапейская нерухомасць на чарнаморскім узбярэжжы. Ды і прадукты тут амаль на чвэрць таннейшыя, чым у сярэднім у Еўразвязе.

Асноўны матыў пакупкі Кадышава – блізкасць да мора, плаванне ў якім дазваляе 66-гадоваму функцыянеру падтрымліваць здароўе. У цяперашні час ён падумвае прадаць кватэру ў недаступнай цяпер для паездак Балгарыі. Да таго ж у Беларусі змяніліся адносіны з ЕЗ, а Кадышаў працягвае прытрымлівацца «дзяржаўных пазіцый». У размове з намі ён заявіў, што пайшоў на пенсію і зараз мае намер ездзіць на мора ў Крым.

Людміла Вольвач

Недалёка ад кватэры Аляксандра Кадышава мы знайшлі яшчэ адныя апартаменты з беларускімі гаспадарамі. У 2012 годзе кватэру ў 48 квадратаў прыкладна за 23 тысячы долараў купіла сям'я Вольвач.

З вокнаў верхніх паверхаў гэтага комплексу адкрываецца від на мора і горы. На апошнім паверсе ёсць зона з джакузі і лежакамі на панарамнай тэрасе.

Маці сямейства Людміла Вольвач на момант пакупкі ўжо 9 гадоў была ў разводзе і працавала ў Гарадзенскім гарвыканкаме на пасадзе начальніка аддзелу бухгалтарскага ўліку, фінансаў і цэнаў упраўлення гандлю і паслугаў.

Можа, апартаменты Людміле дапамог набыць былы муж? У 2012-м, у год набыцця балгарскай кватэры, ён зарабіў 3 тысячы долараў у кампаніі «ТэхБудКантракт»; прыкладна такі ж быў яго заробак і ў папярэднія гады. У выніку выразнага адказу на пытанне, адкуль у Людмілы Вольвач кватэра ў камфартабельным комплексе ў Балгарыі, мы не атрымалі. Яна толькі сказала, што, «працуючы ў гарвыканкаме, нельга не тое што купіць кватэру, нават дазволіць адпачываць там». Так ці інакш, уласнікам гэтых апартаментаў яна стала, калі знаходзілася на дзяржслужбе.