Расследаванні

28 мая

Пашпарт «Новай Беларусі» і стары «гаманец» Лукашэнкі. Як кампанія-распрацоўшчык дакументу звязана з Віктарам Шаўцовым

Падрадчыка параіў блізкі да дэмсілаў бізнесовец, які працаваў у органах унутраных справаў.

Журналісты БРЦ высветлілі, што літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам пашпарта «Новай Беларусі», звязанае з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. Гэтую кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінету параіў кіраўнік Геральдычнага савету. Ён апынуўся былым супрацоўнікам МУС, які пасля звальнення з сілавых структураў  ездзіў за мяжу са следчым па справе аб тэракце ў менскім метро.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з літоўскім выданнем 15min.lt і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

У верасні 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасведчанні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — удома ім можа пагражаць турэмны тэрмін.

Абʼяднаны пераходны кабінет заняўся распрацоўкай пашпарта «Новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасцю сапраўдных пасведчанняў для тых, хто не можа паехаць на радзіму. У пачатку кастрычніка лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюцца. Пазней высветлілася, што матэрыялы для іх толькі плануюць закупіць. Першую партыю дакументу на момант публікацыі не выпусцілі.

Паводле інфармацыі з сайту Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі (АПК) —

пастаянны дзеючы выканаўчы орган, створаны Святланай Ціханоўскай, які ва ўмовах палітычнага крызісу на калегіяльнай аснове распрацоўвае і забяспечвае прыняцце і выкананне палітычных рашэнняў, неабходных для захавання незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі, абароны інтарэсаў, правоў і свабодаў яе грамадзянаў і забеспячэння пераходу да дэмакратычнага кіравання ў краіне.

Абʼяднанаму пераходнаму кабінету для рэалізацыі гэтага праекту трэба будзе пераадолець пэўныя складанасці. Па-першае, ёсць цяжкасці з атрыманнем міжнароднага кода, які дазволіць пашпарту «Новай Беларусі» атрымаць прызнанне іншых краінаў. Па-другое, пашпарты могуць надрукаваць не так шмат кампаніяў, у тым ліку з-за рызыкі закрыць сабе шлях да кантрактаў з афіцыйным Менскам і ягонымі хаўруснікамі.

ЦЕНЬ КАРУПЦЫІ

Для друку пашпартоў «Новай Беларусі» выбралі літоўскую кампанію UAB Garsų pasaulis (у перакладзе — «свет гукаў»), даведалася выданне 15min.lt. Гэтую інфармацыю журналістам БРЦ пацвердзіў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету па замежных справах Валер Кавалеўскі. Паводле яго, кантракту з Garsų pasaulis пакуль няма, але ўжо падпісаны мемарандум аб супрацы і праведзена вялікая падрыхтоўчая праца. 

«Гэтыя спецыялісты нам вельмі дапамаглі з самага пачатку, дапамаглі нам распрацаваць дызайн дакументу, каб ён цалкам адпавядаў патрабаванням бяспекі», — сказаў Кавалеўскі.

У Garsų pasaulis ёсць досвед працы з дакументамі з пэўнай ступенню абароны. Менавіта яны друкуюць бланкі пашпартоў для грамадзянаў Літвы. На першы погляд, кампанія здаецца прыдатным партнёрам для дэмсілаў, аднак журналісты БРЦ высветлілі, што Garsų pasaulis фігуравала ў карупцыйных скандалах.

У 2019 годзе фірма Garsų pasaulis выйграла тэндар на вытворчасць біяметрычных пашпартоў для Кыргызстану на амаль $13,5 млн. У тым жа годзе Дзяржкамітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстану абвесціў, што пераможца праспансаваў чыноўнікам паездкі за мяжу, і пачаў дасудовае следства. Першамайскі раённы суд Бішкека ў 2020 годзе вынес абвінаваўчы прысуд па справе аб парушэннях пры правядзенні тэндару траім былым чыноўнікам. Паралельна ішло іншае разбіральніцтва. Спачатку міжраённы суд Бішкека ў траўні 2019 года прызнаў рашэнне тэндарнай камісіі аб перамозе Garsų pasaulis несапраўдным. Потым кампанія падала апеляцыю ў Бішкекскі гарадскі суд і ў верасні 2019 года выйграла спрэчку. Міжнародны арбітражны суд Стакгольму ў красавіку гэтага года таксама вынес рашэнне на карысць Garsų pasaulis і абавязаў Кыргызстан выплаціць тры мільёны еўра кампенсацыі.

Чарговыя абвінавачванні на адрас кампаніі прагучалі ў 2021 годзе. Garsų pasaulis падпісала з урадам Зімбабвэ кантракт на вытворчасць электронных пашпартоў. Але мясцовая прэса раскрытыкавала гэты праект, паведамляючы, што аналагічны быў запушчаны ў 2016 годзе і ствараць яшчэ адзін не было абʼектыўнай неабходнасці.

У Малдове Garsų pasaulis фігуруе ў расследаванні справы аб карупцыі. У 2017 годзе журналісты абвінавацілі былога саўладальніка Garsų pasaulis — бельгійскую кампанію Semlex Europe — у карупцыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. [*] [*]

Дамову на вытворчасць кангалезскіх пашпартоў яна падпісала ў 2015 годзе. Журналісты Reuters сцвярджалі, што частка сумы кантракту пайшла на рахункі афшорнай кампаніі, уласнікам якой зʼяўляўся сваяк Жозэфа Кабілы, прэзідэнта ДРК на той момант.

Інфармацыя пра тое, што Garsų pasaulis фігуруе ў скандалах, ёсць у адкрытых крыніцах, і літоўскім спецслужбам, хутчэй за ўсё, яна вядомая. Нягледзячы на гэта, яны дапускаюць Garsų pasaulis да друку бланкаў важных дакументаў. А вось пра сувязі кампаніі з беларускімі бізнесоўцамі, якія выявіла расследаванне БРЦ, падобна, не ведалі ані беларускія дэмсілы, ані літоўскія ведамствы.

І ЗНОЎ ШАЎЦОЎ

Каб разабрацца ў сувязях Garsų pasaulis з бізнесоўцамі, набліжанымі да беларускіх уладаў, узгадаем Леаніда Таніна — навукоўцу і суаўтара шматлікіх патэнтаў у сферы аптычнай фізікі. У мінулым расследаванні мы пісалі, што яго кампанія ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» выпускае ахоўныя галаграмы ў Беларусі. Іх выкарыстоўваюць для аховы дакументаў ад падробак і маркіроўкі вялікай колькасці тавараў.

Другая заснаваная Таніным кампанія — ТАА «Магія святла» —

стварае галаграфічныя карціны, якія Аляксандр Лукашэнка дорыць падчас афіцыйных візітаў. У 2009 годзе фірма супрацоўнічала з беларускімі спецслужбамі: займалася распрацоўкай для КДБ новага віду галаграмаў з кадаванай інфармацыяй.

«Галаграфічная індустрыя» дасягнула поспеху пасля таго, як бізнес-партнёрам Таніна стаў Віктар Шаўцоў. Пра гэта журналістам БРЦ навуковец распавёў сам: «[Шаўцоў] у свой час зрабіў вельмі добры крок. Ён дзяржаве аддаў частку сваіх акцыяў. <…> Але ўзамен на гэта дзяржава нам дала замовы, стабільныя замовы».

Віктара Шаўцова медыі называлі «гаманцом» Лукашэнкі. Расследаванне паказала, як бізнесовец разам з дзяржавай з 2007 года да пачатку 2020-х зарабіў на праектах ЗАТ «Белзамежбуд» у Венесуэле. Там кампанія выканала замовы як мінімум на паўмільярда долараў. Шаўцоў быў адным з канцавых уладальнікаў «Трастбанку», які ў 2004 годзе называўся ЗАТ «АКБ «Інфабанк». [*] [*] [*] [*] [*] [*] Праз яго бізнесовец быў бенефіцыярам СТАА «Белметалэнерга». Кампанія атрымала квоты ў межах праграмы «Нафта ў абмен на прадукты харчавання». ЗША западозрылі «Інфабанк» у адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна і ўвялі супраць яго санкцыі. Праўда, пазней іх знялі.

Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шаўцоў, Садам Хусэйн
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шаўцоў, Садам Хусэйн

ААН запусціла праграму «Нафта ў абмен на прадукты харчавання» ў 1995 годзе.

Праз міжнародныя санкцыі жыццё насельніцтва Іраку сур'ёзна пагоршылася. Таму рэжыму Садама Хусэйна дазволілі экспартаваць нафту пры ўмове, што на атрыманыя грошы будзе закупляцца харчаванне. 

Аднак у пачатку 2000-х вакол праграмы разгарэўся скандал: высветлілася, што прадукты харчавання не даходзяць да іракцаў, а на продажы нафты зарабляе толькі клан Хусэйна.

У кастрычніцкай справаздачы 2005 года камітэт ААН абвінаваціў амаль палову з 4500 удзельнікаў праграмы ў выплаце адкатаў для атрымання кантрактаў. Сутнасць схемы была ў тым, што Ірак прадаваў нафту ніжэй рынкавага кошту, яго партнёры перапрадавалі яе, а частку звышпрыбыткаў вярталі прадстаўнікам Хусэйна наяўнымі. Паводле падлікаў арганізацыі, такім чынам рэжыму Хусэйна ўдалося прысабечыць $1,8 млрд. Сярод дзяржаваў, якія трапілі пад абвінавачванні ААН, была і Беларусь, якая падтрымлівала шчыльныя кантакты з рэжымам Хусэйна.

З 2011 года ў Вільні працуе сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства UAB GP Holographic. Яно вырабляе ахоўныя галаграмы для еўрапейскага рынку. Да 9 лістапада 2023 года 70% акцыяў належала беларусам: 40% — ужо знаёмаму нам бізнесоўцу Віктару Шаўцову, 15% — дырэктару «Галаграфічнай індустрыі» Аляксандру Бабарэку, 10% — самой «Галаграфічнай індустрыі» і 5% — Аляксандру Грыбоўскаму, былому супрацоўніку «Трастбанку». [*] [*] [*]

Garsų pasaulis была звязаная з GP Holographics з моманту заснавання апошняй. Спачатку кампаніі мелі агульнага заснавальніка — UAB GP GRUPĖ. [*] [*] У 2016 годзе Garsų pasaulis пераняло іх долю ў GP Holographic і стала непасрэдным акцыянерам сумеснага прадпрыемства. У чэрвені 2022 года, праз чатыры месяцы пасля нападу Расеі на Украіну, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі, Garsų pasaulis перадала свае акцыі дырэктару Раймандасу Красаўскасу. Той валодаў імі каля паўтара года. У лістападзе 2023 года, неўзабаве пасля абвяшчэння пра распрацоўку пашпарта «Новай Беларусі», акцыі літоўца перайшлі Віктару Шаўцову. Да яго ў выніку трапіў мажарытарны пакет GP Holographics — 70%. Красаўкас заявіў журналістам 15min.lt, што быў толькі часовым намінальным уладальнікам акцыяў пры перадачы іх ад Garsų pasaulis.

Красаўскас як мінімум дзесяць гадоў з 2011-га сумяшчаў пасаду кіраўніка GP Holographics з працай у Garsų pasaulis. [*] [*] Спачатку — кіраўніком аддзелу закупак, потым — дырэктарам па экспарце. Паводле звестак Дзяржаўнага фонду сацыяльнага страхавання Літвы, унёскі за яго ад Garsų pasaulis перасталі паступаць у ліпені 2021 года. [*]

Падчас расследавання мы таксама атрымалі інфармацыю, якая магла б значыць, што Красаўскас і сёння звязаны з гэтай фірмай. Калі журналісты БРЦ патэлефанавалі яму пад выглядам кампаніі, якая хоча замовіць галаграмы, ён казаў ад імя Garsų pasaulis і толькі напрыканцы размовы пачаў адмаўляць сувязь з ёй. Таксама ахоўнік у будынку гэтай фірмы прадставіў яго журналістам 15min.lt як дырэктара па экспарце. Акрамя Красаўскаса у Garsų pasaulis і GP Holographics на дадзены момант адзін і той жа чалавек працуе бухгалтарам. [*]

Красаўскас рэгулярна наведваў Беларусь і меў кантакты з работнікамі «Галаграфічнай індустрыі».

У чэрвені 2019 года ён, напрыклад, заехаў у Беларусь з Літвы на легкавым аўто з былым супрацоўнікам МУС, старшым лейтэнантам міліцыі Сяргеем Сыраквашам. [*] [*]  [*] Апошні як мінімум з 2017 па 2020 гады працаваў у «Галаграфічнай індустрыі». [*]

Журналісты БРЦ і 15min.lt звярнуліся па каментар да генеральнага дырэктара Garsų pasaulis Аны Янаўскіене. Яна паведаміла, што кампанія атрымала прапанову ад «Галаграфічнай індустрыі» на куплю галаграмы каля 15 гадоў таму. Спецыялісты двух прадпрыемстваў удасканалілі тэхналогію вытворчасці дадзенага прадукту. Гэта дазволіла выкарыстоўваць яго для абароны некаторых дакументаў, якія выпускаюцца Garsų pasaulis. Для тэхналагічнага развіцця і пошуку новых рынкаў было створана сумеснае прадпрыемства. Янаўскіене адзначае, што Garsų pasaulis паспяхова выкарыстоўвала ахоўную галаграму GP Holographics у трох экспартных праектах, аднак ніколі — для абароны літоўскіх дакументаў.

«У лютым 2022 года было прынятае рашэнне не працаваць з пастаўшчыкамі з краінаў, якія напалі на Украіну», — сцвярджае Ана Янаўскіене. Паводле яе словаў, апошняя партыя з ахоўнымі галаграмамі ад GP Holographics паступіла ў студзені 2023 года па замове, аформленай у сакавіку 2022-га.

ДАВЯРАЙ, АЛЕ СПРАЎДЖВАЙ

Журналісты БРЦ і 15min.lt звярнуліся ў ведамствы Літвы з пытаннем, ці ведалі яны пра сувязі Garsų pasaulis з беларускім бізнесоўцам. У адказе паведамляецца, што цэнтру выдачы асабістых дакументаў і Міністэрству ўнутраных справаў гэтая інфармацыя раней не была вядомая. Чыноўнікі адзначылі, што надзейнасць пастаўшчыка паслугаў і адсутнасць пагрозы нацыянальнай бяспецы ацэньвае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) краіны: «МУС ужо звярнулася ў ДДБ з просьбай ацаніць прадстаўленую вамі інфармацыю».

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі таксама паабяцаў правесці праверку Garsų pasaulis. «Тая інфармацыя, якую вы агучылі, заслугоўвае самай пільнай увагі, — адзначыў Кавалеўскі. — Мы зыходзім з таго, што давер да пашпартнага праекту — гэта 99% поспеху самога праекту».

У выпадку з бланкамі пашпартоў для грамадзянаў Літвы персанальныя дадзеныя ў іх уносіць не вытворца дакументаў, а дзяржаўная ўстанова. Паводле планаў, якія ў размове з БРЦ агучыў Валер Кавалеўскі, у межах праекту пашпарта «Новай Беларусі» Garsų pasaulis будзе працаваць у тым ліку і з персанальнымі дадзенымі.

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету запэўніў, што Garsų pasaulis будзе выдаляць атрыманыя звесткі пасля пераносу іх у пашпарт. Але хто і як гэта пракантралюе — незразумела. «Звесткі будуць захоўвацца на серверах, якія не будуць знаходзіцца пад кантролем Garsų pasaulis», — запэўнівае Кавалеўскі.

Генеральны дырэктар Garsų pasaulis Ана Янаўскіене паведаміла, што кампанія мае ўсю неабходную інфраструктуру для бяспечнай выдачы дакументаў.

ХТО ВЫ, ТАВАРЫШ ЗАБУГА?

Журналісты БРЦ высветлілі, як у праекце пашпарта «Новай Беларусі» зʼявілася кампанія Garsų pasaulis і хто яе прыцягнуў.

Валер Кавалеўскі, Святлана Ціханоўская, Мікіта Забуга, Віктар Шаўцоў, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Валер Кавалеўскі, Святлана Ціханоўская, Мікіта Забуга, Віктар Шаўцоў, Аляксандр Лукашэнка

У распрацоўцы новых дакументаў для беларусаў удзельнічала Геральдычная рада. Яна зарэгістраваная ў Літве як кампанія Pahonia, VšĮ. Ёй кіруе грамадзянін Беларусі Мікіта Забуга. Са словаў Валера Кавалеўскага, менавіта Забуга параіў Garsų pasaulis Кабінету ў якасці распрацоўніка пашпарта «Новай Беларусі».

«Гэта менавіта яго прапанова была, і ў гэтым сэнсе гэта выглядала абсалютна лагічна, таму што мы мелі магчымасць размаўляць з Garsų Pasaulis наўпрост», — кажа Кавалеўскі.

Геральдычная рада стварыла медаль «Гонар і Годнасць» для Абʼяднанага пераходнага кабінету і геральдычную эмблему для абʼяднання сілавікоў BELPOL.

Таксама арганізацыя працуе над формай будучага беларускага войска і над дызайнам пашпарта «Новай Беларусі».

Мікіта Забуга ў СМІ згадваецца як бізнесовец і дзеяч сферы культуры і гісторыі. Паведамлялася, што ў 2013-м Мікіта Забуга выступіў спонсарам устаноўкі помніка ў гонар 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага каля вёскі Слабодка ў Астравецкім раёне. У 2015 годзе ўвайшоў у склад рады Таварыства беларускай культуры ў Літве, у 2016-м прафінансаваў адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар паэта і святара Казіміра Сваяка ў Вільні. А ў 2017-м разам з археолагамі займаўся раскопкамі парэшткаў Каліноўскага, за што пазней Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла даследчыкаў Знакам пашаны. Забугу можна ўбачыць на публічных фота і відэа ў кампаніі яе паплечнікаў.

Крыніца: tsikhanouskaya.org / На фота Мікіта Забуга, Святлана Ціханоўская
Крыніца: 15min.lt / На фота Мікіта Забуга, Святлана Ціханоўская
0 / 2

Журналісты БРЦ знайшлі ў біяграфіі кіраўніка Геральдычнай рады факты, якія заслугоўваюць увагі ў сувязі з тым, што ён удзельнічае ва ўразлівым праекце пашпарта «Новай Беларусі». Забуга скончыў Акадэмію МУС у 2002 годзе. [*]

Як ён сам кажа — з чырвоным дыпломам. На пачатку двухтысячных працаваў следчым ва Упраўленні Следчага камітэту па Менскай вобласці, а таксама ў атрадзе аператыўнага рэагавання і вышуку ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. [*] [*]

Звольніўшыся ў 2003 годзе, пераехаў у Літву, дзе пазіцыянуе сябе як актывіст, мецэнат і бізнесовец. 

Мікіта Забуга
Крыніца: БРЦ / Мікіта Забуга

Нягледзячы на супрацу з дэмакратычнай апазіцыяй, Мікіта Забуга працягваў весці бізнес на тэрыторыі Беларусі. Да 13 сакавіка ён быў адным з саўладальнікаў кампаніі ААТ «Ферата», якая прадае рэкламу ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Забуга ўхіліўся ад адкрытага адказу на пытанне журналіста БРЦ пра магчымасць весці «бізнес, які не чапаюць ўлады», і сказаў, што ў «Фераце» аніразу не быў і даўно прадаў акцыі.  Дарэчы, яшчэ адным уладальнікам гэтага бізнесу з моманту рэгістрацыі кампаніі ў 2010 годзе быў былы міліцыянт Юрый Місько. Ён застаецца адзіным уладальнікам на дадзены момант. [*] [*] [*]

У снежні 2020 года, праз чатыры месяцы пасля пачатку масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Забуга разам з партнёрам зарэгістраваў у краіне новую кампанію ТАА «Дойлідбел». Паводле звестак дзяржрэестру беларускіх кампаніяў, яна вядзе дзейнасць у сферы нерухомасці. Праз сем месяцаў ён перадаў сваю долю літоўскай кампаніі UAB Tevuco Statyba. [*] [*]

Фірма належыць Манвідасу Шмігельскасу, які таксама зʼяўляецца дырэктарам і адным з саўладальнікаў літоўскай кампаніі UAB ŽEMĖS PLĖTRA. У ёй 33% належыць жонцы Забугі Санце Савіцкай-Забузе, а 47% — фірме яго партнёра па беларускаму бізнесу літоўцу Аўшрысу Жукаўскасу. [*] [*] [*] [*] [*] [*]

Мікіта Забуга і на момант выхаду гэтага расследавання застаецца адным з уладальнікаў беларускіх кампаніяў ТАА «РасцісКэпітал» і ТАА «РОССЭМсэрвіс». [*] [*] [*] [*]

Нашую ўвагу таксама прыцягнулі дзве кампаніі Забугі, юрыдычны адрас якіх супадае з адрасам Астравецкага РАУС, гэта значыць аддзялення міліцыі. Гаворка ідзе пра ТАА «Расціс», якое было зарэгістравана там з 2012 па 2015 год, і «РасцісКэпітал» — з 2013 па 2015 год. [*] [*] [*] [*]

У РАУС журналістам паведамілі, што ў будынку знаходзіцца толькі міліцыя. Паводле звестак сэрвісу Легат, на гэты ж адрас зарэгістраваныя некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў і яшчэ адна кампанія.

Мы звярнуліся да Мікіты Забугі па каментар. Спачатку ён не мог узгадаць, па якім адрасе зарэгістраваны гэтыя дзве фірмы. На наступны дзень паведаміў, што нехта зарэгістраваў яго кампаніі ў будынку, які знаходзіцца поруч з аддзяленнем міліцыі, але мае той жа нумар. Па дадзеных агульнадаступных мапаў, у суседняй пабудовы іншы нумар, не такі, як у будынку РАУС.

Забуга быў удзельнікам расколу ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні ў 2015 годзе, у выніку якога тагачасны кіраўнік Рады арганізацыі Хведар Нюнька страціў пасаду.

На сайце арганізацыі тады пісалі, што крызіс справакавалі спрэчкі наконт нерухомасці, якой валодала Таварыства. Нюньку папракалі тым, што ён незаконна абмяняў сядзібу ў цэнтры Вільні на кватэру. Сам ён заявіў, што яго спрабавала ачарніць група людзей, сярод якіх быў і Забуга. У Вільні прайшоў суд, які разглядаў пазоў аб прызнанні ўгоды па абмене нерухомасці несапраўднай. Суд вынес рашэнне, якім адхіліў пазоў і спагнаў на карысць адказчыка Нюнькі судовыя выдаткі ў памеры трох тысяч еўра. [*] [*] Аднак у беларускай дыяспары ў Літве дагэтуль ёсць сумневы наконт дзейнасці былога кіраўніка Таварыства.

Хоць афіцыйна Забуга звольніўся з міліцыі ў званні старэйшага лейтэнанта яшчэ ў 2003 годзе, сувязь з адным з супрацоўнікаў сілавых структураў ён падтрымліваў і праз дзесяць гадоў пасля заканчэння службы. Паводле дадзеных «Кіберпартызанаў», у 2013-м Забуга ездзіў у Літву на легкавым аўто з Вадзімам Грыцам, следчым па як мінімум дзвюх скандальных справах. [*]

Грыц вёў расследаванне тэракту ў менскім метро, па выніках якога да смяротнага пакарання прысудзілі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Расейскі «Першы канал» зрабіў спецвыпуск праграмы «Чалавек і закон» на гэтую тэму, пасля чаго Грыц атрымаў медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». Высновы следства і рашэнне суда выклікалі сумневы ў большай часткі апытаных жыхароў Беларусі, пра што сведчаць дадзеныя даследавання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Яшчэ адна гучная справа, якую вёў Вадзім Грыц, — аб прызямленні «плюшавага дэсанту». У 2012 годзе шведскія актывісты нелегальна прыляцелі з тэрыторыі Літвы на лёгкаматорным самалёце і скінулі над Беларуссю плюшавых мядзведзікаў з улёткамі ў падтрымку свабоды слова.

У кампаніі Грыца Мікіта Забуга ездзіў за мяжу не толькі ў 2013, але і ў 2007 годзе. [*] Бізнесовец сказаў журналістам БРЦ, што не памятае пра такія паездкі, але прызнаўся, што знаёмы з Грыцам яшчэ з часоў Акадэміі МУС.

«НЕ МОЖА БЫЦЬ ШЭРЫХ ЗОНАЎ»

Пазбегнуць сумневаў і рызык адносна бяспекі праекту пашпарта «Новай Беларусі» можна толькі пры дапамозе «максімальнай празрыстасці», кажа кіраўнік літоўскага офісу Freedom House Віціс Юрконіс:

«З пункту гледжання ўразлівасці гэтага праекту, я думаю, што тут ужо не можа быць ніякіх шэрых зонаў. Гэта павінна быць максімальная празрыстасць. Каб і людзі, якія спадзяюцца на гэты працэс, і дзяржава, якая разважае, ці прыняць такі пашпарт, мелі поўную карціну ўсіх рызык і таго, што гэты пашпарт увогуле вырашае».

Журналісты БРЦ спыталі галоўнага дарадцу Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку, ці ведаў ён пра бізнес-актыўнасці Забугі ў Беларусі пасля 2020 года і пра ягоныя паездкі са следчым Грыцам. Са словаў Вячоркі, пра гэтыя факты яму не было вядома. Ён паабяцаў праверыць гэтую інфармацыю і адзначыў, што офіс Святланы Ціханоўскай не мае працоўных стасункаў з Забугай.

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру спрабавалі ўзяць каментар у Віктара Шаўцова. Але ані на нашыя званкі, ані на пісьмовы запыт бізнесовец не адказаў.

Гэты матэрыял/публікацыя/відэа створаныя пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага звязу. Яго змест зʼяўляецца выключнай адказнасцю праекту EU4IM, які фінансуецца Еўрапейскім звязам. Змест матэрыялаў/публікацыі/відэа належыць аўтарам БРЦ і неабавязкова адлюстроўвае бачанне Еўрапейскага звязу.

Іншыя Расследаванні