БРЦ знайшоў уладальніка ўчастка ў Сочы, які знаходзіўся ва ўласнасці беларускай дзяржавы. Тэрыторыя плошчай 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна належыць ТАА «Комплекс-Инвест». У 2021 і 2022 гадах Аляксандр Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю гэтай расейскай кампаніі па кошце ў 20 разоў ніжэйшым за рынкавы, высветліў BelPol. Беларусь магла страціць на гэтай угодзе блізу $100 млн. У лютым 2024 года 99,9% «Комплекс-Инвест» набыў грамадзянін Беларусі Аляксандр Раманоўскі [*].
Раманоўскі — былы афіцэр аховы Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Іх можна ўбачыць разам на фотаздымку з Параду Перамогі 9 траўня 2014 года.
Праз ланцужок кампаніяў Раманоўскаму належыць яшчэ адзін участак — 20 га на ўзбярэжжы Чорнага мора. Улады самаабвешчанай рэспублікі Абхазія перадалі яго ТАА «Жемчужина 2010», 90% якога валодае Раманоўскі, пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2022 года.
Рэшта, то бок 10% кампаніі, якая атрымала ўчастак, праз падстаўную асобу звязаныя з братамі Нугзарам і Зорыкам Чконія. Першага медыі называлі «правай рукою» адэскага крымінальнага аўтарытэта па мянушцы «Палтава». Другі — старшыня пасёлку Кындыг, дзе размешчаны выдзелены ўчастак.
Больш падрабязна пра гэта чытайце ў расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтру «Кошт візіту ў Абхазію. Ці прамяняў Лукашэнка нацыянальныя інтарэсы на ўчастак каля мора».