Як Алексін папаўняў аўтапарк Службы бяспекі прэзідэнта і атрымліваў кантроль над тытунёвым бізнесам

Новае

Як Алексін папаўняў аўтапарк Службы бяспекі прэзідэнта і атрымліваў кантроль над тытунёвым бізнесам

Калі ў 2018 годзе беларускі алігарх Аляксей Алексін нечакана атрымаў самыя смачныя напрамкі тытунёвай галіны, многія гэта спісалі на блізкасць да сям'і Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, як высветлілі расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца», у тым жа годзе бізнесовец павялічыў аўтапарк Службы бяспекі прэзідэнта (СБП) на 9 рарытэтных і дарагіх асобнікаў.

На пачатак 2021 года аўтапарк Алексіна налічваў 16 машын, матацыкл «Harley-Davidson» і лодачны прычэп. 

У ягоных сыноў – яшчэ 9 машын на дваіх. Ацэначны кошт сямейнага аўтапарку – амаль $ 1,5 млн. 

Калекцыя аўтаў магла быць і большай. Але восенню 2018 года бізнесовец перадаў паводле дамовы дарэння Службе бяспекі прэзідэнта 9 транспартных сродкаў. Сярод іх – мадэрнізаваны аўтамабіль «ГАЗ-69» 1960-х гадоў, чорны кабрыялет «Chevrolet Impala» 1958 года выпуску, два «Maybach» 62S, а таксама матацыклы «Harley-Davidson» і «Jawa». 

Але жамчужынай гэтага падарунку стала кастамная машына «BCC Vintage RB» 2018 года выпуску. Агульны кошт падоранай тэхнікі ацэньваецца на $ 1,247 млн. Варта сказаць, што на падобных машынах быў заўважаны Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, 12 кастрычніка 2018 года ён вазіў Уладзіміра Пуціна на «ГАЗ-69» па пустых вуліцах аграгарадка Александрыя ў Шклоўскім раёне.

Для таго, каб зразумець, з чым звязаны шырокі жэст, расследавальнікі вырашылі ўспомніць, колькі прэферэнцыяў Алексін атрымаў ад Лукашэнкі напярэдадні падарунку.

Сапраўды, 2018 год аказаўся вельмі ўдалым для Аляксея Алексіна і ягонага бізнесу. У лютым з яго кампаніяй «Энерга-Оіл» быў падпісаны інвестыцыйны дагавор на стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі ў тытунёвай сферы. Такое рашэнне прынялі пасля нарады ў Лукашэнкі

З чэрвеня «Энерга-Оіл» атрымаў права ўвозіць у краіну цыгарэты. Раней такая прэферэнцыя была выключна ў прадпрыемства Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.  

А ўжо ў ліпені Аляксандр Лукашэнка сваім указам змяніў межы Менску, каб бізнесовец мог пабудаваць уласную тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака» у прамзоне Шабаны

На гэтым плюшкі не скончыліся. Са жніўня «Энерга-Оіл» стаў адзіным аператарам продажу тытунёвых вырабаў Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Кампанія забрала сетку спецыялізаваных кіёскаў для продажу цыгарэтаў – «Тытунь», якая належыць дзяржпрадпрыемству, і на базе якой пачала будаваць сваю ўласную сетку пад брэндам «Табакерка».

Цяпер «Энерга-Оіл» пазіцыянуе сябе як № 1 на тытунёвым рынку Беларусі і ацэньвае сваю долю на 40 %. Кампанія кантралюе збыт двух з трох беларускіх тытунёвых фабрык. Выручка «Энерга-Оіл» за мінулы год павялічылася на траціну і склала больш за $ 600 млн. 

Адкуль у Алексіна зʼявіўся капітал? «Энерга-Оіл» паўстаў на базе «Трайпл-Энерга» у лютым 2013 года. Але гэтаму папярэднічалі даволі скандальныя падзеі. Рэч у тым, што першапачаткова Алексін вёў бізнес з вядомым у мінулым беларускім алігархам Юрыем Чыжом, калі ўліўся ў ягоны холдынг «Трайпл» у пачатку нулявых гадоў. Партнёры атрымалі поспех у нафтавым бізнесе. У сакавіку 2012 года Рада Еўразвязу ўвяла санкцыі ў дачыненні Чыжа і ягоных шматлікіх кампаніяў.

У гэты ж час структуры «Трайплу» ўдзельнічалі ў схемах з «растваральнікамі і разбаўляльнікамі», чым выклікалі незадаволенасць у расейскіх уладаў. Адначасова з гэтым паміж Чыжом і Алексіным узніклі непаразуменні, якія абярнуліся разводам. Адным з актываў, які адышоў Алексіну, стаў якраз «Энерга-Оіл». Але неўзабаве бізнесовец ледзь не страціў усё. У кастрычніку 2013 года Алексіна затрымалі ў якасці падазраванага ў справе намесніка старшыні «Белнафтахіму» Уладзіміра Волкава. Аднак бізнесовец здолеў выйсці сухім з вады і пачаў паступова пашыраць свой уплыў.

Улетку 2021 года ўжо сам Алексін трапіў пад санкцыі ЕЗ за блізкасць да Лукашэнкі. Але ён да таго моманту зрабіў крокі на апярэджанне. У пачатку 2021 бізнесовец перапісаў свае ключавыя актывы на сыноў. Раней разам з жонкай ён кантраляваў СЗАТ «Энерга-Оіл» і ТАА «Белнафтагаз». Потым яго не стала сярод уладальнікаў гэтых кампаніяў.

Наколькі эфектыўныя былі маніпуляцыі? Супраць амерыканскіх санкцыяў – толькі часткова. У жніўні 2021-га ЗША наклалі санкцыі персанальна на Алексіна і ягоныя актывы – «Энэрга-Оіл», «Белнафтагаз», «Інтэр Табака», хоць фармальна яны яму ўжо не належалі

А вось у ЕЗ усё аказалася не так сумна для алігарха.

Напрыклад, у Латвіі працуюць кампаніі «Latgales Alus D»  (вытворчасць піва) і «Mamas D»  (вытворчасць біядызельнага паліва). Гэтым летам яны перайшлі пад поўны кантроль партнёраў сямʼі Алексіных, што цалкам задаволіла МЗС Латвіі: «Аляксей Алексін не мае прамога дачынення да «Mamas D» і «Latgales Alus D», таму накладзеныя санкцыі не распаўсюджваюцца на рэальнага бенефіцыяра кампаніі».

«Калі санкцыі не былі яшчэ настолькі жорсткія, Латвія была той краінай, якая змагалася супраць уключэння спадара Алексіна ў спіс санкцый, – кажа кіраўніца Цэнтру журналісцкі расследаванняў «Re:Baltica» Саніта Ембэрга. – Я, памятаю, тады цікавілася ў дыпламатаў, чаму такая падтрымка. І неафіцыйны адказ быў, што трэба думаць таксама пра працоўныя месцы. Гэта «Latgales Alus D», гэта дэпрэсіўны рэгіён і ўсё такое. Але цяпер, калі Алексіна ўключылі ў гэты спіс, латышскія ўлады інтэрпрэтуюць гэта так, што санкцыі датычаць толькі яго. У Латвіі, калі жонка ці сын валодаюць прадпрыемствам, санкцыі іх не датычаць. Толькі мусіць быць пацвярджэнне, што грошы не даходзяць да Алексіна, што трошкі смешна».

Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека, Вольга Ратмірава, рэдактар Станіслаў Івашкевіч