За мінулы год пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію выраслі амаль у тры разы. Ва ўмовах заходніх санкцый гэта было немагчыма без маніпуляцый з таварнымі кодамі. Канчатковымі бенефіцыярамі дадзенай схемы сталі людзі, звязаныя з беларускім бізнесоўцам Мікалаем Варабʼём

Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас ужо даручыла разабрацца з беларускім транзітам праз Эстонію.

За мінулы год пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію выраслі амаль у тры разы. Ва ўмовах заходніх санкцый гэта было немагчыма без маніпуляцый з таварнымі кодамі. Канчатковымі бенефіцыярамі дадзенай схемы сталі людзі, звязаныя з беларускім бізнесоўцам Мікалаем Варабʼём. Гэта высветлілі праграма «Давайце разбірацца», Цэнтр журналісцкіх расследаванняў «Re: Baltica» і выданне Delfi.ee.

Што за схема?

Пастаўкі нафтапрадуктаў прыносяць беларускім уладам мільярды долараў выручкі. 

Раней каля паловы тавараў накіроўвалася на экспарт праз еўрапейскія парты. Але з 25 чэрвеня 2021 года такія пастаўкі сталі фармальна немагчымымі. Гэта адбылося пасля скандальнай пасадкі самалёта Ryanair у Менску, калі пад еўрапейскае абмежаванне патрапілі цэлыя сектары беларускай эканомікі, у тым ліку і нафтавай

Хоць трэба абмовіцца, што трапілі пад санкцыі ключавыя катэгорыі нафтапрадуктаў – бензін, дызельнае паліва, керасін, мазут. Іх класіфікуюць пад таварным кодам 2710.

Са звестак, якія расследавальнікі атрымалі ад Еўрастата, відаць, што ўжо ў ліпені экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі ў ЕЗ рэзка скараціўся. 

Але адначасова з гэтым падзеннем здарыўся «экспартны цуд». Яшчэ да ўвядзення санкцый пачалі імкліва расці пастаўкі ў ЕЗ нафтапрадуктаў пад кодам 2707, які ўключае, напрыклад, аліва, бензол, талуол, ксілол, нафталін ды іншыя, якія не трапляюць у заходнія абмежаванні. 

Паводле звестак Еўрастата, за апошні год экспарт з Беларусі ў ЕЗ алівы пад кодам 2707 павялічыўся ўтрая – да 1,7 млн тон. 

І гэта пры тым, што рэзкае павелічэнне прыйшлося ўжо на апошнія месяцы 2020 года. Калі ж параўнаць з дадзенымі за 2019 год, то гэтая колькасць павялічылася больш чым у чатыры з паловай разы за два гады. У грошах за няпоўны мінулы год «экспартны цуд» ацэньваецца ў больш за паўмільярда еўра. Асноўны паток паставак прыпадае на Эстонію.

Ці ведалі ў Эстоніі аб гэтых пастаўках?

У эстонскай мытні распавялі, што старанна правяраюць пастаўкі з Беларусі. Правяраюцца і нафтапрадукты, якія не трапілі пад абмежаванні. Калі гэта неабходна, то мытня бярэ ўзоры з гэтых партый і аналізуе іх у лабараторыях. «Падобныя праверкі мы ажыццяўлялі ўжо ў гэтым годзе. У нас было падазрэнне, што ў пададзенай нам дэкларацыі адлюстраваны непраўдзівы таварны код. Мы праверылі, узялі доследныя ўзоры і, на шчасце, нашыя падазрэнні не апраўдаліся», – сказаў прадстаўнік падаткова-мытнага дэпартаменту Эстоніі Пірэт Тынкус.

У Міністэрстве замежных спраў Эстоніі былі здзіўленыя, калі даведаліся, што асноўныя абʼёмы беларускіх нафтапрадуктаў пад кодам 2707 ідуць праз іх краіну. Пазней кіраўніца МЗС Эва-Марыя Ліймэтс адзначыла, што «поўнага эмбарга ў дачыненні да Беларусі не было ўведзена, і ў такіх выпадках заўсёды ёсць тавары і асобы, якія не падпадаюць пад дзейныя санкцыі». «Хоць транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію ў яго цяперашнім выглядзе зʼяўляецца законным, я цалкам згодная з тым, што ён дрэнна выглядае на фоне санкцый», – дадала Эва-Марыя Ліймэтс.

Прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас даручыла профільным міністэрствам высветліць, ці мела месца зламыснае парушэнне санкцый падчас транзіту праз Эстонію беларускіх нафтапрадуктаў.

«Па тэме захавання санкцый супраць Беларусі дзяржаве выказаны сурʼёзны папрок. Сітуацыя выглядае вельмі дрэнна, і я стаўлюся да гэтага вельмі сурʼёзна. Прынцыповая знешняя палітыка павінна выяўляцца і ў яе ўжыванні дома – калі мы дамовіліся аб санкцыях, мы павінны іх прымяняць, і калі зʼяўляюцца прабелы, то трэба іх ліквідаваць. У адваротным выпадку мы прымяншаем сваю ўласную пераканаўчасць і голас на міжнароднай арэне», – лічыць Кая Калас.

Хто ж стаіць за «экспартным цудам»?

Журналісты Delfi.ee. даведаліся, што беларускія нафтапрадукты ў Эстонію перавозіла эстонская кампанія «Merktrans». Пад якім таварным кодам яны ішлі, прадстаўнік экспедытарскай фірмы адмовіўся распавесці.

«У 2021 годзе «Merktrans» перавёз з Беларусі каля 1,8 млн тонаў наліўных грузаў. Гэта нафтапрадукты, што не ўваходзяць у санкцыйны спіс і, у сваю чаргу, дазволеныя да транзіту мытнымі органамі», – сказаў чалец праўлення «Merktrans» Аляксандр Кавалёў.

Колькасць нафтапрадуктаў, якія перавёз «Merktrans», амаль цалкам супадае з лічбамі Еўрастату па імпарце беларускай алівы. Хто ж стаіць за гэтым перавозчыкам?

Расследавальнікі знайшлі сувязі гэтай фірмы з эстонскім бізнесоўцам Аляксеем Чульцом, які быў даўнім партнёрам Мікалая Варабʼя – галоўнага беларускага нафтавіка, набліжанага да ўладаў

Адзін з ланцужкоў сувязі выглядае наступным чынам. Аляксей Чулец уваходзіць у раду «Merktrans». А раней ён быў саўладальнікам гэтай кампаніі праз Эстонскі холдынг «Baltic Sea Bunkering».

А Мікалай Варабей быў звязаны з «Merktrans» праз падкантрольную яму кампанію «БелКазТранс». У 2020 годзе дырэктар даччынай структуры «БелКазТрансу» у Маскве Аляксей Лысянкоў узначальваў адначасова прадстаўніцтва «Merktrans» у Расеі.

Мікалая Варабʼя таксама называлі асноўным уладальнікам «Новай нафтавай кампаніі». Гэта адзіная прыватная кампанія, якая мае права на экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі. У кастрычніку 2020-га і студзені 2021-га ННК прадала больш за два мільёны тонаў мазуту для пастаўкі праз Эстонскі порт Мууга. Паводле інфармацыі ад удзельнікаў рынку, адна з кампаній, якая выкупіла мазуту ў ННК, называецца «Tintrade». Яе дзейнасць таксама звязваюць з Аляксеем Чульцом. 

Мікалай Варабей трапіў пад санкцыі ЕЗ у снежні 2020 года. Пазней у чорны спіс трапіла і «Новая нафтавая кампанія». У Бруселі падазравалі, што ННК выкарыстоўваецца для абыходу абмежаванняў

Чулец займаецца транзітным і партовым бізнесам у краінах Балтыі ўжо каля 30 гадоў. Сумесна з бізнес-партнёрам Сяргеем Пастэрсам ён валодае эстонскім Паўночным партом Пальдыскі. Акрамя таго, ім належаў рыжскі тэрмінал «B.L.B Baltijas terminals». Праз Яго Беларусь шмат гадоў экспартавала нафтапрадукты ў трэція краіны.

У красавіку 2021 года холдынгавая кампанія Чульца-Пастэрса прадала «B.L.B Baltijas terminals» вышэйзгаданаму «БелКазТрансу», які да снежня 2020 года належаў Варабʼю. Аднак у латвійскім рэестры юрыдычных асобаў уладальнікам значылася беларуска Лідзія Ушакова. Яна пераняла ў Варабʼя «БелКазТранс» роўна за тыдзень да таго, як ЕЗ уключыў яго ў санкцыйны спіс.

0 / 2

Пра яе мала што вядома, акрамя таго, што раней працавала ў кампаніях Варабʼя, была партнёрам іншага алігарха Аляксея Алексіна, які патрапіў пад санкцыі, у адным з яго і Варабʼя прадпрыемстве («Неанафта») і зʼяўляецца саўладальніцай рэстарацыі «Бруклін» у Менску. Ушакова не адказала на просьбу аб каментары. Зрэшты, яе валоданне тэрміналам доўжылася нядоўга. У верасні 2021 года ён быў прададзены зарэгістраванай на Кіпры кампаніі, якая належыць грамадзяніну Азербайджана.

Аляксей Чулец сваю цяперашнюю сувязь з Мікалаем Варабʼём адмаўляе: «Пасля накладання на яго санкцый прадпрымальніцкай дзейнасці з ім не маю».

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што беларускія нафтатрэйдары раней ужо зараблялі маніпуляцыямі з таварнымі кодамі. Можна ўзгадаць гучную гісторыю з «растваральнікамі», калі беларусы бяспошлінна закуплялі ў Расеі нафтапрадукты, а потым прадавалі іх у Еўропу пад выглядам хімічнай прадукцыі. Схема праіснавала з пачатку 2011 да канца 2012 года. Толькі за 2012 год было пастаўлена нафтапрадуктаў на 2,8 млрд долараў. У параўнанні з 2011 годам рост склаў 77%. Кампанія Варабʼя была адным з удзельнікаў дадзенай схемы. У 2013 годзе пад ціскам расейскіх уладаў, якія ацэньвалі свае страты ад рээкспарту ў 1,5 млрд долараў Беларусь была вымушаная спыніць «растваральную» схему.

Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека, рэдактар Станіслаў Івашкевіч

 

Іншыя Расследаванні