Як былы трэнер Лукашэнкі выбіваў эксклюзіўныя ўмовы вядзення бізнесу і як аддзячыў за шчодрыя прывілеі

За апошнія дзесяць гадоў асабісты трэнер Лукашэнкі па тэнісе Сяргей Цяцерын чым толькі не займаўся. Пастаўкі алкаголю і трактароў, рээкспарт кветак і дэзінфекцыя транспарту, сетка кінабараў і медыябізнес. Вядучую ролю тут адыгралі шчыльныя стасункі з беларускім аўтарытарным лідарам. Расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца» высветлілі, як пачынаўся бізнес Цяцерына, колькі ён здолеў зарабіць грошай і чаму патранаж Лукашэнкі гэта НЕ заўсёды гарантыя поспеху.

Сяргей Цяцерын у савецкія часы дамогся поспехаў у моладзевым тэнісе. Быў шматразовым пераможцам першынстваў Беларусі, СССР і чэмпіёнам Еўропы. На світанку беларускай незалежнасці стаў капітанам мужчынскай зборнай Беларусі на Кубку Дэвіса.

Лічыцца, што менавіта Цяцерын зацікавіў Лукашэнку вялікім тэнісам у дзевяностыя гады. Пасля такога настаўніцтва кар'ера спартсмена пайшла ў гару. У 1997 годзе ён стаў першым намеснікам міністра спорту і турызму. З 1999 па 2001 год – памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму. Потым працаваў то ў Беларускай тэніснай асацыяцыі, то кіраваў спарткомплексам у Раўбічах, то ўзначальваў Палац тэнісу.

У 2012 годзе Сяргея Цяцерына, Ігара Зайчкова і Алега Качана Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасадаў віцэ-прэзідэнта НАК, памочніка па спорце і міністра спорту і турызму адпаведна. Такая рэакцыя рушыла ўслед на няўдалае выступленне на Алімпіядзе ў Лондане. Больш за тое, Качану, які прапрацаваў тры гады міністрам, нібыта пагражала крымінальная справа за пабудаваную за кошт бюджэту прыбіральню на лецішчы. Аднак літаральна праз год усе трое ўсплылі ў бізнесе, які запусціў Цяцерын.

За 2012 год ён зарабіў каля 20 тысяч долараў. Да гэтага пры гадавым заробку ў НАК у 18,5 тысяч долараў Цяцерын пабудаваў за два гады дом у Драздах ацэначным коштам больш за 350 тысяч долараў. Незразумела, колькі трэба было яму сродкаў, каб пачаць новую справу, але напрацаваныя сувязі прыйшліся, верагодна, тут вельмі дарэчы.

Як паказалі дакументы, атрыманыя ад Кіберпартызанаў, Сяргей Цяцерын, як правіла, дзейнічаў па наступнай схеме – пісаў ліст Лукашэнку і прасіў даць зялёнае святло яго бізнесу. Схема дзейнічала яшчэ і таму, што з пачатку 2010-х яны шмат часу праводзілі ў нефармальнай абстаноўцы – іх часта бачылі разам, напрыклад, за збіраннем кавуноў, касьбой травы і на конкурсах прыгажосці.

Пачынаў Цяцерын з паставак імпартных прадуктаў харчавання ў сетку магазінаў Белкаапсаюзу. У лютым 2013 года Лукашэнка раскрытыкаваў працу дзяржаператара і даручыў наладзіць аптовыя закупы крытычнага імпарту, каб можна было канкураваць з іншымі гандлёвымі сеткамі

Нескладана здагадацца, што ў ролі такіх пасярэднікаў выступілі кампаніі Цяцерына – «БелГлобалСтарт» і «БелГлобалГарант». 

Яны пастаўлялі Белкаапсаюзу гарбату, каву, кандытарскія вырабы, бакалею, садавіну, марожаную рыбу.

Але ўжо ў 2015 годзе Цяцерын паскардзіўся Лукашэнку на Белкаапсаюз. Сутнасць яго ліста, груба кажучы, у тым, што яго прадукцыю прадаюць не ва ўсіх сельскіх крамах, а за гарбату і каву плацяць не ў час.

Трэба сказаць, што ў сістэме Белкаапсаюзу Цяцерына не вельмі шанавалі. І зразумець дзяржаператара было можна. З 2016 года Белкаапсаюз прымусілі апрацоўваць пушніну ў кампаніі сям'і Цяцерына «БелГлобалСэрвіс» у Маладэчне. Праз тры гады Камітэт дзяржкантролю выкрыў асабістага трэнера Лукашэнкі ў тым, што бізнесовец, аказваючы паслугі дзяржарганізацыі па вырабу футравых шкурак, завышаў кошты ў разы. 

«Такім чынам, прадпрыемствам за кошт «прымусовай» апрацоўкі норкі ў ТАА «Белглабалсэрвіс» за 2016-2018 гады недаатрымана прыбытку больш за 350 тысяч еўра», вынікае з ліста КДК па Гомельскай вобласці ад 16 студзеня 2019 года. 

0 / 2

Цяцерын зачыніў кампанію, абвінавачаную ў атрыманні звышпрыбытку ад дзяржавы. Аднак да таго часу паспеў пашырыць свой уплыў на рынку. Ён запусціў бары пры сталічных кінатэтрах, стаў спецімпарцёрам алкаголю і пачаў пастаўляць яго ў розныя гандлёвыя сеткі па ўсёй краіне

У 2015 годзе кампанія сям'і Цяцерына стала дылерам Менскага трактарнага заводу ў Пакістане.

0 / 2

Але гэты бізнес не заладзіўся. У 2017 годзе Цяцерын у чарговым лісце паскардзіўся Лукашэнку, што нядобрасумленныя канкурэнты і кіраўніцтва завода перашкаджаюць працаваць: «...непрадуманая палітыка завода прывяла да цэнавых войнаў у Пакістане, выклікала недавер дылераў, спажыўцоў, пачаліся судовыя разгляды, пагоршылася рэпутацыя ААТ «МТЗ» у Пакістане».

Нягледзячы на цяжкасці, Цяцерын не сумаваў, а генераваў новыя бізнесы. У 2018 годзе яго кампанія выбіла права не плаціць увазны ПДВ у Беларусі пры пастаўках тавараў у іншыя краіны. Такім чынам «БелГлобалГарант» апынуўся датычны да ўжо згаданых раней шэрых схемаў па рээкспарту кветак, садавіны і гародніны, а таксама незаконных паставак сырнага прадукту ў Расею. Пацверджанне гэтаму расследавальнікі знайшлі ў дакументах, прадастаўленых Кіберпартызанамі і справаздачах веткантролю Расеі.

Але і ў Беларусі ў Цяцерына не ўсё было гладка з законам. 16 сакавіка 2020 года бізнесовец напісаў ліст старшыні Мытнага камітэту, дзе распавёў, што толькі філіял кампаніі «БелГлобалГарант» працаваў згодна з указам Лукашэнкі, паводле якога можна не плаціць увазны ПДВ. А галаўная кампанія імпартавала тавары для продажу на беларускім рынку і не вывозіла іх далей, як гэта належыць, працягваючы пры гэтым карыстацца ільготамі. Гэта не спадабалася правяраючым органам і тыя сталі патрабаваць ад кампаніі выконваць заканадаўства. Цяцерын прасіў кіраўніцтва мытнага камітэту садзейнічаць «БелГлобалГаранту» па ўвозе тавараў у Беларусь з нулявым ПДВ і без абавязковага рээкспарту.

У сталіцы Цяцерын пралабіяваў буйны дэвелаперскі праект – будаўніцтва адміністрацыйна-дзелавога цэнтра насупраць Палаца Незалежнасці. Спярша гарадскія ўлады адмовілі яму, паколькі запытаная тэрыторыя знаходзіцца ў межах чырвоных ліній, а сам аб'ект супярэчаць генплану і будаўнічым нормам. Тады Цяцерын вырашыў выкарыстаць ужо правераны метад і напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім распавёў, што для далейшага развіцця тэніса ў Беларусі трэба пашырыць інфраструктуру побач з Палацам тэніса і пабудаваць шматфункцыянальны комплекс. У ім ён мае намер размясціць цэнтральны офіс «Белаграпрамбанка», гатэль, сталоўку, басейн, трэнажорную залу, памяшканне для Федэрацыі і Акадэміі тэніса. Фінансаванне праекту – за грошы Цяцерына і банка. Пасля ліста Лукашэнку справа пайшла. Мінгарвыканкам перадаў у арэнду Цяцерыну два ўчасткі зямлі пад будаўніцтва комплексу коштам каля 16 мільёнаў рублёў. Але Цяцерын заплаціць толькі 700 тысяч рублёў за падрыхтоўку зямлі да будаўніцтва, плюс штогод каля 175 тысяч рублёў за арэнду.

З 1 ліпеня па 1 кастрычніка 2021 года «БелГлобалГарант» удзельнічаў у эксперыменце: дэзінфікаваў транспартныя сродкі на пункце пропуску «Нова Гута» (мяжа з Украінай). Паслуга была платная. Магчыма, што яе распаўсюдзяць на ўсе міжнародныя пункты.

Які ж абарот меў бізнес Сяргея Цяцерына? Атрымаць дадзеныя аб ўсіх кампаніях праблематычна. Але, напрыклад, у 2020 годзе «БелГлобалГарант» і «БелГлобалСтарт» выручылі больш за 80 мільёнаў долараў, іх чысты прыбытак – больш за 2,5 мільёнаў долараў.

Зрэшты, як вынікае з дакументаў «Кіберпартызанаў», Цяцерын, як і шэраг іншых алігархаў, адорваў машынамі асяроддзе Лукашэнкі. Праз «БелГлобалСтарт» ён падарыў серабрысты Rolls-Royce 1954 года Службе бяспекі прэзідэнта. Рынкавы кошт рарытэтнай машыны на момант яе перадачы СБП – каля 100 тысяч долараў. 

Падобна на тое, што ён купіў машыну і тэлевядучай Паліне Шубе, якая знаёмая з Лукашэнкам з 12 гадоў. У 2019 годзе на пошту кампаніі Цяцерына прыйшоў ліст з прапановай аб продажы аўтамабіля MINI Cooper 2019 года выпуску чырвонага колеру. Дагавор быў аформлены на імя Паліны Шубы. Кошт машыны – амаль 26 тысяч еўра. 

У кантракце быў азначаны і яе VIN-нумар. На Шубу зарэгістраваны ідэнтычны аўтамабіль. Паліна Шуба не захацела каментаваць здзелку, але і не адмаўляла, што машыну купіў Цяцерын.

У 2019 годзе была і іншая купля машыны. Усё было па той жа схеме, што і ў Шубы. Але ў гэты раз машыну купілі для асабістага лекара Лукашэнкі Святланы Канашэнкі за 63 тысячы долараў. 

Канашэнка і аўтадылер адмовіліся ад каментароў.

Зрэшты, ва ўмовах палітычнага крызісу і пандэміі справы ў Сяргея Цяцерына ішлі ўжо не так вясёлкава. Яму «прылятала» з самых розных сфераў.

У 2020 годзе Цяцерына пасунулі ў медыябізнэсе, якім ён займаўся разам з Леанідам Мінцам – мужам спявачкі Алесі і зяцем Анатоля Ярмоленкі. 

Крыніца: https://sputnik.by/

Крыніца: https://sputnik.by/ 

 

Гаворка ідзе аб продажы рэкламы і вымярэннях рэйтынгаў на тэлебачанні. Коўдру на сябе перацягнулі менеджары дзяржканалаў. Іншая праблема ў Сяргея Цяцерына была звязаная з дачкой Таццянай, саўладальніцай папулярнага Менскага бара Svobody.4. 

Крыніца: https://kyky.org/ 

 

26 кастрычніка 2020 года, у Дзень «Народнага Ультыматуму», ўстанова, як і многія іншыя, не працавала. Пасля гэтага ў бар зачасцілі правяраючыя, а ў пачатку 2021 года ён зачыніўся. Сам Цяцерын займеў на гэтай гісторыі шмат галаўнога болю.

У чэрвені 2021 года бізнесовец трапіў у чацвёрты пакет еўрапейскіх санкцый, а ў пачатку жніўня падаў у адстаўку з пасады кіраўніка федэрацыі тэніса на фоне няўдалага выступу зорных падапечных на Алімпіядзе ў Токіа.

Нервовая праца ва ўмовах пандэміі не магла не адбіцца на здароўі 60-гадовага Цяцерына. Увосень на шэрагу публічных мерапрыемстваў ён перасоўваўся з кіем.

Сяргей Цяцерын не адказаў на званкі журналістаў.

Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека, рэдактарка Вольга Ратмірова

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць