Пра прадказанні, якія спраўдзіліся
«Па выніках электаральных мерапрыемстваў Аляксандру Лукашэнку прыпісалі 86,82% "галасоў", што з дакладнасцю да коскі супадае з вынікам, прадказаным мной яшчэ ў сярэдзіне лістапада мінулага года. <...> Ну і іншае прадказанне, пра тое, што другое месца аддадуць камуністу [Сяргею] Сыранкову, зробленае на падставе аналізу праграм кандыдатаў-спойлераў, яшчэ да таго, як Лукашэнка асабіста пахваліў яго, таксама пацвердзілася.
Тлумачэнне, чаму другое месца не дасталася сталаму спарынг-партнёру Лукашэнкі [дэпутату Алегу] Гайдукевічу, у дадзеным выпадку не матэматычнае, а эканамічнае. Калі прапанова такіх паслуг перавышае попыт, цана непазбежна падае да непрыстойнасці.
І гэта, мабыць, усё, што можна сказаць па выніках мінулага фарсу. Увогуле, не дзіўна, што пасля таго, як Цэнтрвыбаркам максімальна дакладна выканаў жаданне Лукашэнкі, апошні знаходзіўся ва ўзбуджаным эмацыйным стане, які можна было ў яго назіраць кожны раз пасля таго, як ён пераконваў сябе ва ўсенароднай любові да сябе».
Споведзь пасля галасавання
«На прэс-канферэнцыі для журналістаў, сабранай адразу пасля яго (Аляксандра Лукашэнкі — рэд.) галасавання, ён прызнаўся, што не хацеў удзельнічаць у выбарах: "Некалькі месяцаў таму, на апошнім Савеце бяспекі сярод людзей, якія вырашалі, я пра гэта сказаў: "Хлопцы, ну колькі можна, 30 гадоў, ну чыста вонкава непрыстойна, я сябе не ў сваёй талерцы адчуваю"". <...>
Вось проста веру, што так і было. Што гэта не звычайнае яго какецтва. Галоўнае, што гэта цалкам супадае з маімі папярэднімі развагамі пра тое, што ён не хацеў. Але Качанава прымусіла. Яна, кажа [Аляксандр Лукашэнка], першая паднялася: "Я яе такой ніколі не бачыў: "Як так, вы што, кідаеце ўсё?! Вы сыходзіце?! Мы не гатовыя сёння бачыць іншага кандыдата"”.
І зноў веру. Бо Качанава больш за ўсіх з блізкага кола губляла ў сцэнары транзіту ўлады. Не кажучы ўжо пра тое, што стогны "на каго ты нас кідаеш" — гэта самыя рацыянальныя і бяспечныя паводзіны для паплечнікаў любога тырана, які загаварыў пра тое, што ён стаміўся і сыходзіць.
Псіхалагічнай дакладнасці дадае, што ў сувязі з гэтым Лукашэнка прымераў на сябе лёс Брэжнева: "Я калісьці глядзеў фільмы пра Брэжнева. Ён хацеў сысці. Але не сышоў. Вось чаму — яго асяроддзе трымала. "Якая бздура", — раней я, як маладзейшы быў, так думаў. А калі сам у гэта трапіў цяпер, я разумею, што гэта не ад цябе залежыць".
І зноў усё праўда. Лукашэнка брэжневее на вачах. І, як Брэжнеў, добра разумее, што ўсе гэтыя людзі, якія ўгаворваюць яго застацца, робяць гэта не ад вялікай любові да яго. Ды і наогул не ад любові. Якая там любоў?»
Каханне не за грошы і падачкі
«Падчас гэтай жа прэсавай канферэнцыі Лукашэнка распавёў кранальную гісторыю з'яўлення шпіца Умкі: "Падарылі яго не мне, але ён прывязаўся да мяне. Таму я яго вельмі люблю. Гэта як дзіця. <...> Галоўны канкурэнт у яго — Коля, вядома. Я не думаў, што можна так ставіцца да жывёлы, да малога — адданы, надзейны. Людзі, напэўна, не могуць быць такімі адданымі, як сабакі".
І зноў, веру. У момант з'яўлення шпіца з Лукашэнкам, я выказаў версію,<...> [што ён] мае патрэбу ў некім, хто любіць яго безумоўна, а не за ўладу, грошы ці падачкі. А Коля якраз выйшаў з узросту безумоўнай любові да бацькоў. Так што так, шпіц — гэта эрзац-Коля».
Прышчэпка ад смяротнай хваробы
«Паўтарае на прэс-канферэнцыі Лукашэнка тэзу, якая ўпершыню прагучала на "Марафоне адзінства": "Кажуць, што 26 студзеня — дзень, ад якога залежыць наша жыццё. <...> Не, сваё жыццё мы вызначылі даўно". І тут зноў той выпадак, калі хочацца сказаць: "Праўда!" Сапраўды, пасля 2020 года 26 студзеня 2025-га нічога не мяняе. Але як гэтую думку працягвае сам Лукашэнка: "20-ы год — гэта была важная прышчэпка для нашага арганізма. Мы гэтую прышчэпку атрымалі. Мы зрабілі працу над памылкамі і больш такога не дапусцім".
Ён кажа, што ў 20-м годзе арганізм перанёс у лёгкай форме смяротную хваробу і вылечыўся. І ўсё б нічога, калі б яго ўласныя паводзіны не казала пра адваротнае. Я ж, кажа, не магу сысці з кляймом, апраўдваецца Лукашэнка за 2025-ы. Не змог сысці з кляймом лузера, які прайграў хатняй гаспадыні, так застаўся з падвойным кляймом — лузера, які і прайграў хатняй гаспадыні ў 2020-м, і не можа пра гэта забыцца. <...>
У імправізацыйных развагах Лукашэнкі падчас шматгадзіннай прэс-канферэнцыі можна пачуць рэха спрэчак унутры яго апарата — паміж партыяй закручвання гаек і партыяй грамадзянскага прымірэння і збліжэння з Захадам. Сам Лукашэнка прызнаў, што "некаторыя перагібы дапускаліся з боку тых, хто разбіраўся з наступствамі беспарадкаў 2020 года". <...> Відавочна, ён агучвае не свае думкі. Таму што да гэтага яго галоўным пасылам было: нікому спуску не дамо. І ўсё б нічога, калі б не наступнае: "Трэба даць чалавеку шанец. Я не кажу дараваць. <...> Яны ўсе ў нас на кантролі. Трэба ўмець дараваць, але тым, каму можна дараваць".
Пра што кажа Лукашэнка? Нават у тых, каму далі шанец, вярнулі ў грамадства, <...> нармальнага жыцця ўжо не будзе. Вы ўсе пад кантролем».