На момант публікацыі адно з прадпрыемстваў беларускага гіганта ў Расеі «Амкадор-Анега» прапануе новую тэхніку з фінскімі дэталямі, у тым ліку забароненымі для ўвозу ў Расею. У харвестэрах Амкадор 2541, Амкадор 2551, Амкадор 2561, Амкадор 2531 выкарыстоўваюцца маніпулятары і харвестэрныя галоўкі Kesla. «Амкадор-Анега» таксама вырабляе шэсць форвардэраў і іншыя машыны, якія абсталяваныя маніпулятарамі гэтага вытворцы.
Праз дзень пасля ўварвання ва Украіну, 25 лютага 2022 года, генеральны дырэктар Kesla Сіма Саастамойнен заявіў, што кампанія адмяняе пастаўкі на «Амкадор-Анега» на агульную суму € 10 млн. Пазней прадаваць краіне-агрэсару некаторыя дэталі фінскага вытворцы стала нельга з-за абмежаванняў ЕЗ. Тэрмін выканання апошняга дасанкцыйнага кантракта скончыўся ў сакавіку 2023-га – праз год пасля пачатку вайны.
Аднак БРЦ удалося не толькі знайсці санкцыйныя фінскія кампаненты на сайце прадпрыемства, але і зрабіць заказ у дыстрыбутара на тэхніку з забароненымі да ўвозу дэталямі. Акрамя таго нам гарантавалі сэрвіснае абслугоўванне на працягу двух гадоў пасля пакупкі, у тым ліку з заменай імпартаваных кампанентаў. У камерцыйным сказе, якое нам выслаў дыстрыбутар, таксама гаворыцца, што ён гатовы вырабіць тэхніку з санкцыйнымі маніпулятарамі Kesla.
На наш запыт з просьбай пракаментаваць наяўнасць на тэхніцы «Амкадор» у Расеі забароненых дэталяў вытворчасці Kesla афіцыйнае прадстаўніцтва кампаніі паведаміла, што спыніла дзейнасць у Расеі з лютага 2022 года, і з тых часоў не прымала заказаў і не дастаўляла тавараў у гэтыя краіны, у тым ліку запчасткі, а таксама не аказвала пасляпродажную падтрымку.
Аляксандр Шакуцін у тэлефонным каментары БРЦ заявіў, што ўсе дэталі «Амкадор» «робіць самастойна»:
«["Амкадор"] стаў трэцім вытворцам тандэмных мастоў у свеце пасля кампаніі Dana (Злучаныя Штаты Амерыкі) і кампаніі NAF. Мы вырабляем самастойна тандэмныя масты. Прадукцыю, якую па Kesla... усе маніпулятары — гэта 12 адменнікаў маніпулятараў, мы вырабляем на ўласных заводах. Мы не маем патрэбы ні ў якой Kesla. Мы пачалі вытворчасць харвестарных галовак самастойна, і яна праходзіць выпрабаванне. Таму мы не маем патрэбу больш у прадукцыі ні Kesla, ні кампаніі NAF (Нямеччына), ні Злучаных Штатаў Амерыкі. Мы сёння самастойныя, незалежныя ні ад каго, ні ад адной кампаніі ў свеце. Усё».
Больш падрабязна ў нашым новым расследаванні «Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга».