Беларусь і Расея пакуль не змаглі ўзгадніць цану на газ у 2023 годзе. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 19 снежня паведаміў кіраўнік беларускага Мінэнерга Віктар Каранкевіч

Беларусь і Расея пакуль не змаглі ўзгадніць цану на газ у 2023 годзе. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 19 снежня паведаміў кіраўнік беларускага Мінэнерга Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт Office Life. Паводле яго слоў, гэта «адчувальнае пытанне, якое вырашыцца на самым высокім узроўні». Мы вырашылі ўзгадаць гісторыю «газавых» адносінаў дзвюх краін, каб зразумець: чаму бакі не змаглі дамовіцца, нягледзячы на прыезд Пуціна ў Менск?

29 снежня 2021 года

Летась аб цэнах на газ уладам Беларусі і Расеі ўдалося дамовіцца 1 снежня. Бакі сышліся на пастаўках расейскага газу ў рэспубліку ў памеры $128,52 за 1 тысячу куб. м. Толькі пасля гэтага Лукашэнка прыехаў на сустрэчу да Пуціна 29 снежня. Паводле афіцыйнай заявы Крамля, прэзідэнты абмеркавалі «лепшыя ўмовы для развіцця эканомікі дзвюх краін». Аднак газаваму пагадненню папярэднічалі як мінімум чатыры тэлефонныя размовы, якія адбыліся на працягу аднаго месяца – 4, 9, 16 і 19 лістапада. Як пісала расейская адміністрацыя, падчас гэтых гутарак Лукашэнка і Пуцін гаварылі аб партнёрстве, саюзніцтве і міграцыйным крызісе на межах Беларусі.

4 лістапада 2020 года

У тым годзе з-за пандэміі COVID-19 Уладзімір Пуцін практычна адмовіўся ад вочных сустрэч з замежнымі калегамі. Таму зносіны з Лукашэнкам праходзілі ў фармаце тэлефонных размоваў, адна з якіх адбылася 4 лістапада 2020 года. Аднак цана на газ для Беларусі была вызначана толькі 24 снежня. Прычым улады і Расеі, і Беларусі дакладную лічбу адразу называць не сталі. У прэс-службе Мінэнерга Беларусі толькі растлумачылі, што «узгоднены бакамі ўзровень цэн на газ на 2021 год практычна на ўзроўні 2020 года». Толькі ў студзені 2021 года Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю супрацоўніцы расейскага дзяржтэлебачання Наіле Аскер-задэ сказаў, што цана на расейскі прыродны газ для Беларусі на 2021 год склала $128,5 за тысячу кубаметраў. «Думаю, што гэта цана ва ўмовах нашых адносін магла б быць больш справядлівай», – сказаў тады беларускі прэзідэнт.

20 снежня 2019 года

У той дзень Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Санкт-Пецярбурзе перад паседжаннем Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Па выніках перамоваў Лукашэнка заявіў, што бакі «канцэптуальна» дамовіліся аб пастаўцы энерганосьбітаў. Пры гэтым Максім Арэшкін, які займаў тады пасаду міністра эканамічнага развіцця Расеі, адзначыў, што «засталіся тры групы пытанняў, якія блакуюць фінальныя дамоўленасці: гэта дамоўленасці ў нафтавай сферы, дамоўленасці ў газавай сферы і дамоўленасці ў падатковай сферы». У выніку, аб кошце на 2020 год дамовіліся толькі ў лютым – $ 127 за 1 тысячу куб.м. Дзеля гэтага Лукашэнку прыйшлося зноў прыехаць у Расею.

Іншыя Навіны