«Лукашэнка хворы» – рэкордны запыт беларусаў у Google

На фоне знікнення Аляксандра Лукашэнкі і паведамленняў аб праблемах з ягоным здароўем беларусы пачалі цікавіцца ў Google станам здароўя палітыка. БРЦ заўважыў, што папулярнасць запыту «Лукашэнку хворы» дасягнула максімуму за пяць гадоў.

На тыднёвых і месячных графіках дадзеныя сэрвісу абнаўляюцца ў дынаміцы. На момант публікацыі бачна, што пікі цікавасці прыпалі на 5 і 11 траўня. 5 траўня на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод Лукашэнка выступаў з ахрыплым голасам, пра што пісалі беларускія медыі. Да 11 траўня Лукашэнка ўжо два дні не зʼяўляўся на публіцы, зʼявіліся паведамленні ў СМІ і тэлеграм-каналах аб магчымых праблемах са здароўем. На гадавых графіках пік цікавасці – 7-13 траўня. Пазнейшых дадзеных сэрвіс пакуль не падае.

Да гэтага беларусы актыўна цікавіліся станам здароўя Лукашэнкі перад выбарамі ў 2020 годзе і ў лістападзе 2019 года. Тады ў сетцы абмяркоўвалі, што Лукашэнка сурʼёзна хворы і лечыцца ў ААЭ. Яшчэ адзін пік прыпаў на жнівень 2022-га. 26 жніўня таго года Лукашэнка заявіў, што беларускія самалёты атрымалі магчымасць перавозіць ядравыя зарады.

Лукашэнка хворы
Крыніца: Google

Аналагічны ўсплёск цікавасці БРЦ выявіў і ў статыстыцы Yandex Wordstat. Словазлучэнне «Лукашэнка хворы» у расейскім пошукавіку на тэрыторыі Беларусі за мінулы тыдзень убівалі больш за 1200 разоў, што ў дзясяткі і часам у сотні разоў перавышае паказнікі за папярэднія тыдні. Вырасла у пошукавіку цікавасць і да тэмы смерці Лукашэнкі. За тыдзень словазлучэнне «Лукашэнка памёр» убівалі амаль 1300 разоў, што ў дзясяткі разоў перавышае паказнікі за папярэднія перыяды гэтага года.

Лукашэнка хворы запыты Яндэкс
Крыніца: Yandex Wordstat

Пасля 9 траўня Лукашэнка амаль шэсць дзён не зʼяўляўся на публіцы. СМІ і апазіцыйныя палітыкі паведамлялі, што ён мае праблемы з сэрцам і эндакрыннай сістэмай. Гэта ўскосна пацвярджалі фотаздымкі з параду ў Маскве і тое, што Лукашэнка не вымавіў прамову на святочных мерапрыемствах у Менску. Акрамя таго, у яго на руцэ заўважылі эластычны бінт, што можа сведчыць аб выкарыстанні кропельніц.

15 траўня прэс-служба ўсё ж апублікавала фатаграфіі і відэа з жывым Лукашэнкам, які наведаў цэнтральны камандны пункт ваенна-паветраных сілаў і войскаў СПА. На кадрах зноў бачны бінт на яго руцэ, самі фотаздымкі, на думку некаторых СМІ, апрацаваныя ў фотарэдактары. Адзін з самых дзіўных здымкаў прэс-служба ў выніку выдаліла з сайту Лукашэнкі. На ім у палітыка быў ненатуральна бледны твар, з-за чаго карыстальнікі сетак параўналі яго з васковай фігурай. 16 траўня прэс-служба размясціла яшчэ адну фатаграфію, на ёй рука Лукашэнкі зноў перабінтаваная.

Іншыя Навіны