Нават у 2020 і 2021 гадах – на фоне масавых пратэстаў і рэпрэсій – колькасць новых работнікаў у галіне перавышала колькасць звольненых.

Адток работнікаў сферы інфармацыі і сувязі – куды ўваходзяць IT-спецыялісты, работнікі выдавецтваў і тэлекамунікацыйных кампаній – у 2022 годзе склаў 17 308 чалавек, падлічыў БРЦ на аснове дадзеных Белстату.

У выніковай справаздачы за мінулы год гаворыцца, што з галіны звольнілі 49 431 чалавека, а нанялі – 32 123. Якую частку з гэтых работнікаў склалі IT-спецыялісты, сказаць немагчыма, паколькі Белстат засакрэціў разбіўку дадзеных па падкатэгорыях.

Гэта рэкордны адток за ўсю гісторыю гэтага паказніка, гэта значыць з 2017 года. Нават у 2020 і 2021 гадах – на фоне масавых пратэстаў і рэпрэсій – колькасць найманых работнікаў у сферы перавышала колькасць звольненых.

Скарацілася ў год вайны і сярэднеспісачная колькасць работнікаў галіны інфармацыі і сувязі – на 5517 чалавек. У мінулым годзе ў гэтай сферы былі заняты 108070 чалавек, а ў 2021 годзе – 113587. Гэта сярэдняя колькасць работнікаў на справаздачныя даты перыяду. Туды не трапляюць, напрыклад, тыя, хто знаходзіцца ў адпачынках па цяжарнасці і родах або па доглядзе дзіцяці. Пры гэтым супрацоўнікі, якія працавалі няпоўны працоўны час або прыцягнутыя для працы па спецыяльных дагаворах, улічваюцца як няпоўныя адзінкі.

Паводле dev.by, тэндэнцыя працягваецца і сёлета. Паводле інфармацыі выдання, толькі за першыя два месяцы 2023 года адток IT-спецыялістаў мог скласці каля 1500 чалавек.

Раней Белстат публікаваў аператыўныя звесткі з разбіўкай па трох катэгорыях – IT, выдавецкая дзейнасць і тэлекамунікацыі. Цяпер у публічным доступе засталіся толькі дадзеныя аб колькасці звольненых і прынятых на працу супрацоўнікаў у цэлым па сектары «інфармацыя і сувязь».

Іншыя Навіны