Рэгістрацыя юрыдычных асоб для кіравання ЗАЭС пачалася яшчэ 3 кастрычніка, за два дні да ўказа прэзідэнта Расеі аб далучэнні акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці да Расеі

Нашы калегі па OCCRP – балгарскае выданне Bivol разам з украінскім InfoAtom News прыйшлі да высновы, што рэгістрацыя юрыдычных асоб для кіравання ЗАЭС пачалася яшчэ 3 кастрычніка, за два дні да ўказа прэзідэнта Расеі аб далучэнні акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці да Расеі. Выснова была зроблена пасля вывучэння дакументаў з расейскіх рэестраў.

Гэта адбылося без абмеркавання ва ўрадзе, Савеце Федэрацыі ці Дзярждуме. У адпаведнасці з першым указам Пуцін пастанавіў даць паўнамоцтвы па эксплуатацыі акцыянернаму таварыству «Эксплуатуючая арганізацыя Запарожскай АЭС». Яе яшчэ да даты ўказа заснавала даччыная кампанія Росатама – «Канцэрн Росэнергоатом».

Выданні таксама звярнулі ўвагу на зарэгістраваны капітал аб'екта крытычна важнай інфраструктуры – 500 тысяч рублёў ці крыху больш за 8 тысяч еўра. Былы кіраўнік Мінэнерга Украіны Іван Плачкоў у інтэрвʼю журналістам заявіў, што актывы атамнай станцыі можна ацаніць у 60-80 мільярдаў долараў.

Па словах экс-міністра энергетыкі Украіны Вольгі Буславец, Расея спрабавала ўключыць Запарожскую АЭС у сваю энергасістэму, аднак Узброеныя сілы Украіны зрабілі гэта немагчымым, разбіўшы адпаведныя энергавузлы.

Паводле яе слоў, Украіна падрыхтавала прапановы санкцый супраць Росатама, яго актываў і персанальныя санкцыі супраць кіраўніцтва.

Іншыя Навіны