Больш за ўсё выракаў – 320 – суды вынеслі ў сакавіку. Гэта ў два разы болей, чым летась.

За першую палову 2023 года ў Беларусі склалі 1398 адміністрацыйных пратаколаў па «экстрэмісцкіх» артыкулах Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў. Такія дадзеныя БРЦ атрымаў, вывучыўшы базу судовых рашэнняў.

За аналагічны леташні перыяд было амаль у два разы менш выракаў – 779.

Размова ідзе пра два артыкулы Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў – 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

Больш за ўсё пастановаў – 320 – суды вынеслі ў сакавіку. Гэта ў два разы болей, чым за першы месяц вясны летась. Як пісаў праваабарончы цэнтр «Вясна», у сакавіку беларусаў масава затрымлівалі за «экстрэмісцкія матэрыялы» напярэдадні Дня Волі.

Рост колькасці выракаў прадоўжыўся ў красавіку (285 пастаноў супраць 147 у 2022 годзе) і ў траўні (301 пастанова супраць 117 у 2022 годзе). Па апошніх актуальных звестках, за чэрвень на беларусаў склалі 239 пратаколаў.

Варта адзначыць, што пастановы ў базу загружаюцца не адразу, таму лічбы за травень і чэрвень, хутчэй за ўсё, прадоўжаць расці. Напрыклад, у пачатку траўня, на момант напісання нашага мінулага матэрыялу аб прыцягненні жыхароў Беларусі да адказнасці па экстрэмісцкіх артыкулах, у базе было размешчана 185 пастаноў за красавік гэтага года. З таго часу ў базу загрузілі яшчэ 100 справаў за гэты ж месяц.

Іншыя Навіны