У сакавіку звязаныя з сілавікамі тэлеграм-каналы пачалі часцей публікаваць відэазапісы затрыманняў і прабачэнняў.

За першыя чатыры месяцы 2023 года ў Беларусі да адміністрацыйнай адказнасці па «экстрэмісцкіх» артыкулах прыцягнулі 721 асобу. Такія звесткі Беларускі расследавальніцкі цэнтр атрымаў, вывучыўшы базу судовых рашэнняў.

За аналагічны леташні перыяд па двух «экстрэмісцкіх» артыкулах Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў у Беларусі прыцягнулі да адказнасці 537 чалавек, што на траціну менш, чым сёлета.

Размова ідзе пра два артыкулы КаАП – 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі. Па артыкуле 19.11 з пачатку года аштрафавалі або адправілі пад арышт 669 чалавек. За аналагічны леташні перыяд гэты паказнік склаў 508 чалавек.

Часцей за ўсё – 277 разоў – беларусаў прыцягвалі да адказнасці ў сакавіку. Гэта амаль у два разы больш, чым у першы месяц вясны мінулага года. Як пісаў Праваабарончы цэнтр «Вясна», у другой палове сакавіка беларусаў масава затрымлівалі за «экстрэмісцкія матэрыялы» напярэдадні Дня Волі.

Па артыкуле 19.10 з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 52 чалавекі, што амаль у два разы больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Часцей за ўсё ў сакавіку – за першы месяц вясны да адказнасці прыцягнулі 17 чалавек. Менавіта ў сакавіку тэлеграм-канал ГУБАЗіК, а таксама іншыя звязаныя з сілавікамі тэлеграм-каналы, пачалі часцей публікаваць відэазапісы затрыманняў і прабачэнняў беларусаў за «экстрэмісцкія» матэрыялы.

Іншыя Навіны