Навіны

10 красавіка 2023

У Літву перасталі пастаўляць драўніну з Казахстану і Кыргызстану. Адтуль у ЕЗ трапляла беларуская санкцыёнка

Узмацненне мытнага кантролю ў Літве дало выдатныя вынікі: у 2023 годзе не будзе імпарту драўніны і лесаматэрыялаў з Казахстану і Кыргызстану. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Мытнага дэпартаменту пры Міністэрстве фінансаў Літоўскай Рэспублікі.

Мытны дэпартамент паведамляе, што з пачатку вайны ва Украіне павялічылася колькасць спроб увозу драўніны або лесаматэрыялаў, вырабленых у Расеі і Беларусі, на мытную тэрыторыю Еўрапейскага звязу ў абыход абмежавальных мер, уведзеных у дачыненні да Расеі і Беларусі.

«У мэтах перадухілення падобных злоўжыванняў і ў адпаведнасці з тлумачэннямі Еўрапейскай камісіі ў канцы мінулага года мытныя органы Літвы ўзмацнілі кантроль за такімі таварамі, узмацніўшы праверку дакументаў і маршрутаў перавозкі, што прадʼяўляюцца на пунктах памежнага кантролю з Рэспублікай Беларусь і Калінінградскай вобласцю Расейскай Федэрацыі, каб пераканацца, што тавары, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю Еўрапейскага звязу, сапраўды ўвезеныя з трэцяй краіны і ідуць транзітам праз Расею і/ці Беларусь, а не былі «экспартаваныя» з Расеі ці Беларусі», – гаворыцца ў заяве дэпартаменту.

Мытнікі таксама сталі патрабаваць, каб тавары суправаджаліся не толькі дакументамі, якія пацвярджаюць вываз тавараў з трэцяй краіны, але і дакументамі, якія пацвярджаюць паходжанне тавараў, у тым ліку дакумент, які змяшчае інфармацыю аб вытворцы тавару і адрас месца вытворчасці тавару (у адным выпадку месца вытворчасці было пазначана як шматкватэрны дом, а ў іншых выпадках у кіроўцаў было знойдзена некалькі камплектаў дакументаў, частка з якіх была адрасавана беларускай, а частка – літоўскай мытні).

«Калі мытныя органы выяўлялі, што ўмовы транзіту тавараў праз Расею і/ці Беларусь не былі выкананыя або паходжанне тавараў не было дакументальна пацверджана, драўніна і прадукцыя з яе не дапускаліся на мытную тэрыторыю Еўрапейскага звязу», – адзначаюць у заяве.

Паводле дэпартаменту, у першым квартале 2023 года мытная служба Літвы адмаўляла ў працэдурах імпарту, экспарту і транзіту амаль 9000 разоў (27 000 разоў у 2022 годзе з пачатку вайны ва Украіне) і праводзіць амаль 100 расследаванняў магчымых парушэнняў забаронаў, накладзеных санкцыямі. За невыкананне абмежавальных мер было заведзена 277 адміністрацыйных спраў (970 з пачатку вайны).

Нагадаем, Беларускі расследавальніцкі цэнтр нядаўна выпусціў расследаванне, у якім расказаў, што некаторыя прыватныя кампаніі выкарыстоўваюць шэрыя схемы, каб пастаўляць на еўрапейскі рынак беларускую драўніну праз Казахстан і Кыргызстан. Акрамя таго, у нас ёсць дадзеныя, якія ўскосна паказваюць на тое, што холдынг «Пінскдрэў» можа быць замешаны ў шэрых схемах паставак сваёй прадукцыі ў ЕЗ. І таксама праз азіяцкія краіны.

Акрамя таго, у расследаванні нашых літоўскіх партнёраў з выдання Siena гаворыцца, што падсанкцыйная беларуская і расейская драўніна, забароненая для ўвозу ў краіны ЕЗ, у Літве выкарыстоўваецца ў дзяржаўным сектары: школах, самакіраваннях і нават на адным з прадпрыемстваў літоўскай чыгункі.

Іншыя Навіны