Расейскую ядравую зброю могуць размясціць у Менскай і Магілёўскай вобласцях. Зона дасяжнасці расейскіх ракет павялічыцца на 600 кіламетраў.

У чацвер, 25 мая, кіраўнікі мінабароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу заявілі аб падпісанні дакументаў аб перадачы Менску расейскай нестратэгічнай ядравай зброі. Сховішчы ракет могуць размясціць на тэрыторыі Менскай і Магілёўскай вобласцяў. Пра гэта БРЦ расказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

«З пункту гледжання аддаленасці ад патэнцыйных напрамкаў дзеяння магчымага суперніка – гэта перш за ўсё Польшча, але, магчыма, і Украіна. Хутчэй за ўсё, сховішча для «Іскандэраў» і магчымая авіяцыйная база будуць дзесьці на тэрыторыі Менскай вобласці, або дзесьці ў Магілёўскай вобласці. На адлегласці, якая перавышае далёкасць ракетных сістэм HIMARS і JASSM», – растлумачыў эксперт, дадаўшы, што вайскоўцы могуць стварыць некалькі ілжывых сховішчаў на базе савецкіх абʼектаў.

Такое размяшчэнне сховішчаў Алесін растлумачыў асаблівасцямі дастаўкі і транспартавання ракет.

«Боегалоўкі «Іскандэр-М» могуць размяшчацца дзе заўгодна, машыны гэтага комплексу маюць вялікі запас ходу і могуць заехаць за імі куды заўгодна. Яшчэ ёсць бомбы свабоднага планавання. Каб іх хутка падвесіць на штурмавік ці знішчальнік, яны павінны быць недалёка ад узлётна-пасадачнай паласы. Я думаю, што дзесьці на адлегласці 100-150 км ад кропкі базавання ракетных брыгад будзе сховішча «Іскандэраў», а авіяцыйныя носьбіты могуць размяшчацца ў раёне авіяцыйных баз», – падсумаваў эксперт.

За кошт размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі, Масква павялічыць зону пакрыцця сваіх ракетных сістэм як мінімум на 600 кіламетраў, лічыць Алесін:

«Беларусь вельмі зручная для таго, каб дастаць абʼекты на тэрыторыі Польшчы, якія нельга дастаць з Калінінградскай і Смаленскай абласцей. Наша працягласць на Захад – больш за 600 кіламетраў. Зона дасяжнасці «Іскандэраў» павялічваецца на гэтую колькасць кіламетраў».

Па сцвярджэнні міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, кантраляваць ядравую зброю, а таксама прымаць рашэнне аб яе прымяненні, будуць расейскія ўлады. Гэта дазволіць паставіць Менску ракетныя сістэмы большай далёкасці, тлумачыць Алесін.

«У рамках палажэнняў аб кантролі за экспартам ракетных тэхналогіяў краіны не могуць перадаваць іншым дзяржавам ракеты далёкасцю звыш 300 кіламетраў. Але ў выпадку з Беларуссю, гэтае правіла можа быць парушана. Гэтая зброя фармальна будзе лічыцца за расейцамі. Можна будзе паставіць «Іскандэр-М» і «Іскандэр-К», далёкасць гэтых сістэм – 500 кіламетраў».

Іншыя Навіны

«Наносіць шкоду рэпутацыі Швейцарыі». Праваабаронцы Libereco просяць пазбавіць статусу ганаровага консула Беларусі — пасля выхаду расследавання БРЦ

Навіны

«Наносіць шкоду рэпутацыі Швейцарыі». Праваабаронцы Libereco просяць пазбавіць статусу ганаровага консула Беларусі — пасля выхаду расследавання БРЦ

Libereco называе Беелера «вядомым прапагандыстам тэорый змовы і верным прыхільнікам беларускага дыктатара Лукашэнкі».

02/02 Чытаць