З пачатку года, на фоне росту колькасці адміністрацыйных справаў па «экстрэмісцкіх» артыкулах у Беларусі, звязаныя з сілавікамі тэлеграм-каналы апублікавалі дзясяткі відэазапісаў з прабачэннямі затрыманых. Сабралі самыя дзіўныя прычыны для пакаянняў.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал ГУБАЗ (@gubop_centr_e) 31 студзеня апублікаваў відэа з прабачэннямі мужчыны, у віну якому, сярод іншага, паставілі адпраўку лістоў палітвязням. Аўтары канала не ўдакладнілі, чаму адпраўка карэспандэнцыі зняволеным зʼяўляецца незаконнай. Пры гэтым затрыманага назвалі «чарговым актывістам прыватных дваровых чатаў».

У той жа дзень у канале зʼявілася відэа з арганізатарам інтэлектуальна-забаўляльных гульняў «Футбольныя войны». Затрыманы «раскаяўся» у тым, што па выніку спаборніцтваў уручаў кубкі і медалі з гербам «Пагоня».

У пачатку красавіка тэлеграм-канал «Бліжэй да зорак. Гомель» (@gomelZV) апублікаваў відэа з затрыманнем мужчыны, на аўтамабілі якога была налепка з партрэтам Віктара Цоя і словамі: «Пераменаў патрабуюць нашыя сэрцы». У выніку, як сцвярджае канал, мужчыну за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» адправілі ў ІЧУ на 15 сутак.

Праз шэсць дзён у канале «Кніга ГУ База» зʼявілася яшчэ адно відэа. Па дадзеных канала, сілавікі затрымалі тату-майстра, які рабіў «экстрэмісцкія тату», напрыклад з фразай «Рускі ваенны карабель, ідзі на ***». Затрыманы на камеру парэкамендаваў сваім кліентам пазбавіцца гэтых татуіровак, але ўжо без яго дапамогі, бо цяпер ён «будзе знаходзіцца ў месцах, дзе яго навыкі могуць яму спатрэбіцца».

У канцы красавіка ў тэлеграм-канале ГУБАЗ зʼявілася відэа з затрыманым беларускім гітарыстам. Як распавёў на камеру сам мужчына, ён напісаў песню «Стоп прус» і адправіў яе ў некалькі «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў. У зробленым ён «раскаяўся».

Іншыя Навіны