У жніўні 2020 года ў Малі адбыліся падзеі, якія шмат у чым нагадваюць суданскі сцэнар: пачаліся масавыя пратэсты апазіцыі; вайскоўцы перахапілі ініцыятыву і здзейснілі пераварот, абяцаючы забяспечыць транзіт улады грамадзянскаму ўраду; на працягу года былыя паплечнікі перасталі быць хаўруснікамі — у траўні 2021-га ваенныя пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Асімі Гоіта зрынулі кіраўніка дзяржавы Ба Ндао, транзіт улады адклалі да 2026 года.
У снежні 2021-га стала вядома, што ў Малі прыбылі байцы ПВК «Вагнэр», якіх ваенная хунта назвала «ваеннымі кансультантамі». Вымушаны раней каментаваць здзелку расейскіх наймітаў з малійцамі кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў сцвярджаў, што Крэмль не мае да гэтага дачынення.
У красавіку 2022 года ўлады Малі паведамілі, што атрымалі ад Расеі ўдарныя верталёты і мабільныя радыёлакацыйныя станцыі. Гэта, паводле дакладаў ААН, дапамагло ўрадавым войскам разам з вагнэраўцамі дасягнуць пэўных поспехаў у цэнтральных і паўночных раёнах. Доля правінцый, якія ўлады кантралююць у цэнтральных і паўночных частках краіны, з пачатку мінулага года да пачатку 2023-га вырасла з 10%-20% да 44%.
Абвінавачанні ў ваенных злачынствах і выхад міратворцаў
Расейскіх наймітаў неаднаразова абвінавачвалі ў здзяйсненні пазасудовых пакаранняў смерцю, парушэннях правоў чалавека і марадзёрстве. Напрыклад, падчас штурму пасёлка Мура ў цэнтральнай частцы Малі паведамлялася аб забойстве 500 мірных жыхароў.
Падобныя расправы над насельніцтвам, як лічаць некаторыя праваабаронцы, выгадныя экстрэмістам, якія выкарыстоўваюць незадаволенасць мірных жыхароў для іх вербавання. Акрамя таго, з прыходам ПВК «Вагнэр» эксперты адзначылі ўсплёск гвалту: з чэрвеня па верасень 2022 года групоўка, звязаная з «Аль-Каідай», здзейсніла больш за 90 нападаў на мірных жыхароў і вайскоўцаў, хоць годам раней за той жа перыяд іх было ўсяго шэсць.
Медыі са спасылкай на крыніцы восенню 2021-га паведамлялі, што ў Малі дзейнічаюць каля тысячы наймітаў ПВК «Вагнэр», якім урад у месяц плаціць $11 млн.
Прысутнасць ПВК «Вагнэр» у краіне і невыкананне кіроўнай хунтай абавязанняў па правядзенні выбараў прывялі да пагаршэння адносін Малі з Францыяй, яе еўрапейскімі хаўруснікамі і Канадай. У лютым 2022 года яны абвесцілі аб поўным вывадзе сіл, якія ўдзельнічалі ў контртэрарыстычных аперацыях «Бархан» і «Такуба». У жніўні таго ж года Нямеччына прыпыніла місію бундэсверу ў Малі і запатрабавала растлумачыць прысутнасць у краіне расейскіх сіл.
У студзені 2023-га эксперты, якія супрацоўнічаюць з ААН, заклікалі правесці незалежнае расследаванне дзейнасці расейскіх наймітаў і ўрадавых войскаў. Ужо 16 чэрвеня міністр замежных спраў Малі запатрабаваў ад Рады бяспекі ААН вывесці з краіны міжнародны міратворчы кантынгент, бо ён, на думку чыноўніка, не палепшыў сітуацыю ў краіне. Шматпрофільная комплексная місія ААН па стабілізацыі ў Малі (MINUSMA) дзейнічала ў рэспубліцы з 2013 года і лічылася адной з самых небяспечных аперацый арганізацыі.
Пры гэтым ваенныя поспехі расейскіх наймітаў абмежаваныя — у дакладзе амерыканскага Цэнтру па барацьбе з тэрарызмам гаворыцца, што нягледзячы на іх дзейнасць, актыўнасць экстрэмістаў у краіне расце. Аднак з Малі ПВК «Вагнэр», падобна, змагла распаўсюдзіць уплыў на багатую золатам Буркіна-Фасо, дзе расейцы ўжо асвойваюць капальні.
Золата і перавароты — спакуса для «ваенных інструктараў». Буркіна-Фасо
Буркіна-Фасо — адзін з найбуйнейшых вытворцаў бавоўны ў Афрыцы. Бавоўна — другая крыніца даходу краіны пасля золата.
У 2022 годзе ў Буркіна-Фасо адбыліся два ваенныя перавароты. Першы — у студзені, у выніку якога да ўлады прыйшоў часовы прэзідэнт падпалкоўнік Поль-Анры Даміба. Пасля гэтага на вуліцах сталі з'яўляцца расейскія сцягіі, а Яўгена Прыгожына абвінавацілі ў масавым таргетаванні антызаходняй прапаганды на мясцовых жыхароў у сацсетках. Аднак ужо ў верасні ваенныя зрынулі часовага прэзідэнта, абвінаваціўшы ўлады ў няздольнасці справіцца з джыхадыстамі, пасля чаго распусцілі ўрад і парламент.
Наступны самаабвешчаны лідар, былы камандзір спецназу «Кобра» Ібрагім Траорэ, у адрозненне ад свайго папярэдніка, карыстаецца падтрымкай ПВК «Вагнэр». Прыйшоўшы да ўлады ў 34 гады, Траорэ стаў самым маладым кіраўніком дзяржавы ў свеце. Ён ужо зрабіў некалькі прыкметных крокаў: дазволіў кампаніі Nordgold расейскага мільярдэра Аляксея Мардашова здабываць золата, дэнансаваў пагадненне аб прысутнасці ўзброеных сіл Францыі і запрасіў расейскіх «ваенных інструктараў».
Пра якія-небудзь ваенныя поспехі вагнэраўцаў у Буркіна-Фасо пакуль казаць рана.
Гонар і паражэнне. Мазамбік
Наступная краіна, дзе вагнэраўцы выпрабавалі свае сілы, размешчана на паўднёвым усходзе Афрыкі. Мазамбік багаты сярод іншага золатам і прыродным газам.
Тут расейскія найміты пацярпелі, мабыць, самае вялікае паражэнне на кантыненце. Вядома, што ПВК «Вагнэр» знаходзіцца ў Мазамбіку з 2019 года для барацьбы з «Аш-Шабаб». Гэтая групоўка арганізоўвала напады на правінцыю Кабу-Дэлгаду, дзе размешчаны паклады прыроднага газу і каштоўных выкапняў. Мясцовы ўрад заключыў з вагнэраўцамі кантракт, але ў тым жа годзе яны, як паведамлялася, трапілі ў засаду і панеслі вялікія страты.
Паражэнне расейскіх наймітаў у рэгіёне таксама тлумачылі тым, што яны не так добра, як паўстанцы, былі знаёмыя з джунглямі і спецыфікай мясцовых гарадоў. Да гэтага вагнэраўцы ваявалі, у асноўным, у пустэльнях і саванах на поўначы і ў цэнтры Афрыкі. Акрамя таго, у ліку прычын паражэння называлі залішнюю самаўпэўненасць — байцы нібыта лічылі мясцовых ваенных недастаткова навучанымі і дысцыплінаванымі, і гэта перашкодзіла наладзіць узаемадзеянне.
Пасля сыходу ПВК «Вагнэр» у Мазамбік прыйшлі руандыйцы, якія, верагодна, фінансуюцца Францыяй, і спынілі прасоўванне баевікоў.
Нягледзячы на правал расейскіх наймітаў у Мазамбіку, у пачатку года медыі паведамлялі, што за дапамогай у барацьбе з паўстанцамі да іх мог звярнуцца ўрад Конга — самай вялікай краіны Афрыкі пасля Алжыра і адной з самых багатых у свеце па мінеральных рэсурсах.
Золата і дыяменты ў абмен на падтрымку дыктатуры
ПВК «Вагнэр» у Афрыцы ўдалося замацавацца ў некалькіх краінах: Судане, Лівіі, ЦАР, а таксама Малі, адкуль зараз яе ўплыў распаўсюджваецца на Буркіна-Фасо. Акрамя таго, вагнэраўцы падтрымліваюць паўстанцаў у Чадзе. Аднак дапамога прыватнай ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына афрыканскім рэжымам і паўстанцам, як правіла, не стварае значнай перавагі сіл.
Адзіным уласным ваенным поспехам расейскіх наймітаў, хаця і абмежаваным, можна лічыць Малі. Аднак, мяркуючы па паведамленнях медыяў, сітуацыя ў краіне пагаршаецца. Няпоўнай перамогай можна назваць ЦАР: да прыходу руандыйцаў ПВК «Вагнэр» не дабілася там прыкметных поспехаў.
Можна меркаваць, што галоўная каштоўнасць вагнэраўцаў для наймальнікаў была ў падтрымцы ад імя Крамля ўлады дыктатараў у абмен на кантроль над радовішчамі золата, алмазаў і іншых каштоўных выкапняў і мільярды долараў прыбытку, які выкарыстоўваецца ў тым ліку для вайны ва Украіне.
Што будзе далей з афрыканскай імперыяй стваральніка ПВК «Вагнэр» — вялікае пытанне. Верагодна, Крэмль будзе імкнуцца замяніць Прыгожына ў якасці лідара наймітаў і захаваць іх структуру на кантыненце для працягу распачатых аперацый, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Не выключана таксама, што Прыгожын накіруецца ў Афрыку як прадстаўнік Беларусі. У яго і Лукашэнкі там «могуць быць, а можа ўжо ёсць, сумесныя бізнес-інтарэсы», піша палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Беларускі рэжым даўно цікавіцца Афрыкай, у Прыгожына ж ёсць там і сувязі, і досвед прасоўвання інтарэсаў наймальніка.