Фэйк № 1: Эксперты Politico мяркуюць, што пасля бунту ПВК «Вагнэр» Пуцін стане мацнейшым
Дата фэйка: 26.06.2023
Яўген Прыгожын, пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі, 24 чэрвеня дамовіўся з кіраўніцтвам Расеі аб спыненні бунту. Падраздзяленні ПВК «Вагнэр» спыніліся прыкладна за 200 кіламетраў ад Масквы і павярнулі ў месцы дыслакацыі. Іх заснавальнік паляцеў у Менск.
Каментуючы «Марш справядлівасці» расейскіх наймітаў, тэлевядоўца Вольга Скабеева ў тэлеграм-канале напісала, што Уладзімір Пуцін цяпер стане яшчэ мацнейшым. Паводле яе слоў, такую выснову зрабілі эксперты выдання Politico, кажучы пра наступствы бунту ў Расеі. У пацверджанне яна прывяла наступныя цытаты:
«Прафесар паліталогіі Мічыганскага дзяржаўнага універсітэту Франц:
“Улічваючы, што іншыя вайскоўцы не далучыліся да закліку Прыгожына аб згуртаванні, Пуцін, верагодна, стане яшчэ мацней. Адзін з магчымых зыходаў — дэманстрацыя сілы праз шырокамаштабныя кампаніі ва Украіне”.
Старэйшы навуковы супрацоўнік Венскага цэнтру па раззбраенні і нераспаўсюдзе Сокаў:
“Я не чакаю ніякага ўплыву на вайну. Я не чакаю ад гэтай падзеі якога-небудзь паслаблення Пуціна і рэжыму. На самой справе, яго падтрымка сярод вайскоўцаў можа ўзрасці — як з боку Шайгу, так і вышэйшага начальства, але, магчыма, што больш важна, з боку генералаў і афіцэраў на перадавой”».
Гэтыя цытаты ў артыкуле Politico сапраўды ёсць. Аднак выданне апытала не дваіх, а 14 экспертаў па Расеі. Большасць выказала меркаванне, што «Пуцін уразлівы, а расейская дзяржава парахнее», а таксама, што «вобраз непераможнага Пуціна заплямлены».
Толькі два эксперты ўгледзелі ў бунце пазітыў для прэзідэнта Расеі: расеец Мікалай Сокаў і амерыканка Эрыка Франц. Апошняя сапраўды заявіла, што ўлада Пуціна, верагодна, умацуецца, але пры гэтым мяцеж ПВК «Вагнэр» акажа моцнае негатыўнае для Расеі ўздзеянне на фронце.
«Бачная расколіна ў даспехах Пуціна можа апынуцца галоўным матыватарам для ўкраінскіх сіл і, што важна, для сусветных дзяржаў, якія іх падтрымліваюць. А калі Пуцін прайграе вайну, у Расеі могуць з'явіцца магчымасці для палітычных пераменаў, якіх у адваротным выпадку не існавала б», — заявіла яна.