Антыфэйк / фактчэк

24 студзеня

Фэйкі тыдня: Беларусь стала спажываць больш зялёнай энергіі, а Давоскі эканамічны форум перастаў быць сусветным

А таксама — дацкі прадзюсар аблаяў матам з трыбуны ўдзельнікаў форуму ў Давосе, суд над польскім блогерам за жаданне з'ехаць жыць у Беларусь і сакрэтны пратакол да пакта Молатава — Рыбэнтропа, які выдумалі ЗША. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: Давоскі эканамічны форум перастаў быць сусветным

Дата з'яўлення фэйка: 16.01.2024

У швейцарскім Давосе з 15 па 19 студзеня прайшоў Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Прадстаўнікоў афіцыйных уладаў Беларусі і Расеі на яго не паклікалі, аднак у ім узяла ўдзел Святлана Ціханоўская. Палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што форум у Давосе страціў былую значнасць.

«Я не лічу гэтую элітку сусветнай. Форум хоць і называецца Сусветны эканамічны форум, такога пафасу шмат выдае, а гэта звязана з іх снабізмам, расізмам і аднапалярнасцю галаўнога мозгу, але мы бачым, што з кожным годам Давоскі эканамічны форум — ён скукожваецца. Калі раней яго наведвалі прадстаўнікі Індыі, Кітая, Расейскай Федэрацыі, то цяпер мы бачым выключна заходні форум часткі заходніх ліберальных элітаў», — заявіў ён 16 студзеня ў эфіры «Азаронак. Наўпрост».

Індыя даслала сваіх прадстаўнікоў на Давос-2024, у тым ліку трох міністраў.

Кітай адправіў на СЭФ самую шматлікую дэлегацыю з 2017 года на чале са старшынём Дзяржсавету Лі Цянам.

У 2024 годзе ў Давос прыехалі таксама прадстаўнікі Пакістану, Іраку, Саудаўскай Аравіі, Катару, ААЭ і нават Ірану. Усяго там сабраліся дэлегацыі 120 краін свету. Для параўнання, у 2019 годзе на СЭФ прыехалі ўдзельнікі са 115 краін.

Фэйк №2: Дацкі прадзюсар з трыбуны форуму ў Давосе абмацюкаў яго ўдзельнікаў

Дата з'яўлення фэйка: 17.01.2024

Вядоўца Рыгор Азаронак 17 студзеня ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў відэа, на якім мужчына падчас выступу на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе нецэнзурна выказваецца на англійскай мове на адрас прысутных. На сцэне таксама знаходзяцца прэзідэнтка Швейцарскай Канфедэрацыі Віёла Амхерд і старшыня СЭФ Клаўс Шваб. Амхерд падчас выступу мужчыны збянтэжана апускае вочы. Затым яна і Шваб падымаюцца і сыходзяць са сцэны. На гэтым трансляцыя абрываецца. 

«Хлопца завуць Дамон Імані — ён прадзюсар з Даніі. Родам з Ірану:

Я ўдзячны Сусветнаму Эканамічнаму форуму за магчымасць быць на гэтай сцэне і сказаць : f@ck yourself, Клаўс Шваб і ваш новы сусветны парадак. Мы, людзі, народжаныя свабоднымі, а вы і вашыя сябры-глабалісты, уключаючы кожнага, які сядзіць у гэтай залі, можаце ісці і f@ck yourselves" ... сonnection lost (сігнал страчаны)… 

Брава. Менавіта так трэба размаўляць з сусветнай "эліткай"», — гаворыцца ў посце Азаронка. 

На арыгінальным відэа, размешчаным на ютуб-канале Форуму, Віёла Амхерд апускае вочы падчас выступу Клаўса Шваба. Пасля заканчэння выступу яны сыходзяць са сцэны. 

Дэймана Імані — менавіта так клічуць мужчыну — на Давоскім форуме не было. Відэа змантавана і апублікавана ў сацсетцы Х (раней Twitter) самім дацкім прадзюсарам. Ён яго назваў сатырычным. 

Фэйк №3: У 2023 годзе Беларусь нарасціла спажыванне зялёнай энергіі

Дата з'яўлення фэйка: 10.01.2024

Вядоўца Дзмітрый Прымшыц 10 студзеня ў перадачы «Эканамічная серада» на «Беларусь 1» распавёў пра дасягненні беларускай энергетыкі:

«Беларусь нарошчвае спажыванне зялёнай энергіі. У 2023 годзе магутнасць аднаўляльных крыніц перавысіла 630 мегават. Гэта ў 14 разоў больш за паказнік 13-гадовай даўніны».

Намеснік дырэктара Дэпартаменту па энергаэфектыўнасці Леанід Паляшчук 20 кастрычніка распавёў, што магутнасць 630 МВт была дасягнутая ў пачатку 2023 года. Гэта значыць агучаныя дадзеныя — гадавы даўнасці.

У 2017 годзе ў Міністэрстве энергетыкі прагназавалі значна больш хуткі тэмп росту спажывання экалагічнай энергіі. Па плане, да 2020 года яно павінна было скласці 798 МВт. Але тэмпы зменшылі, таму што зялёная энергія абыходзіцца дорага. З будаўніцтвам БелАЭС дзяржава амаль страціла да яе цікавасць.

Фэйк №4: Польскага блогера асудзілі за жаданне з'ехаць у Беларусь

Дата з'яўлення фэйка: 17.01.2024

На тэлеканале СТБ 17 студзеня распавялі пра польскага блогера і грамадскага дзеяча Войцеха Альшанскага.

«Альшанскага не раз затрымлівалі і нават прысудзілі амаль да двух гадоў турмы і штрафу. Прычым толькі за тое, што актывіст аднойчы сказаў, што з'едзе жыць у Беларусь. Сёння, у дзень вызвалення Варшавы ад нямецкіх захопнікаў, прыхільнікі новай фашысцкай ідэалогіі судзяць свайго земляка, сапраўднага патрыёта толькі за тое, што ён адмаўляецца лічыць Беларусь і Расею ворагамі», — гаворыцца ў сюжэце.

На лаву падсудных Альшанскі трапіў не праз стаўленне да Беларусі. Яго судзяць за абразу ў сваім відэастрыме службовай асобы — намесніка дырэктара аднаго з цэнтраў прафесійнай і бесперапыннай адукацыі, якая не пусціла на экзамен студэнтаў без прышчэпкі.

Год і восем месяцаў турмы ў красавіку мінулага года ён атрымаў за тое, што пагражаў забіць дэпутатаў польскага парламенту, калі тыя прымуць антыковідны закон.

«Калі яны падтрымаюць законапраект, яны выракаюць сябе на смерць, і мы ствараем гэтыя спісы смерці. <…> Я, Войцех А., вядомы ў інтэрнэце як Аляксандр Ябланоўскі, хачу іх забіць. І чаму не?! Таму што я поўны радаснай нянавісці і хачу іх смерці!» — заявіў ён на мітынгу ў студзені 2022 года.

Фэйк №5: Сакрэтны пратакол да пакту Молатава — Рыбэнтропа выдумалі ЗША

Дата з'яўлення фэйка: 17.01.2024

Сакрэтных пратаколаў да пакта аб ненападзе паміж СССР і фашысцкай Нямеччынай не існавала, заявіў латвійскі блогер Саламон Бернштэйн, які пераехаў у Беларусь. 

«У Латвіі была дакладна такая ж правакацыя — так званыя сакрэтныя пратаколы пакту Молатава — Рыбэнтропа. У вочы арыгінал ніхто не бачыў, да ўпора ўсе, каго да гэтага працэсу прылічаюць, казалі, "хлопцы, які пакт, пра што вы кажаце наогул, быў акт аб ненападзе адзін на аднаго". Але нейкім цікавым чынам высветлілася, што арыгіналы, маўляў, згарэлі ў рэйхсканцылярыі ў 45 годзе. Але фотакопіі, якія значна больш адчувальныя да тэмпературы, чамусьці не згарэлі. Знайшлі іх чамусьці на тэрыторыі ЗША», — заявіў ён 17 студзеня ў эфіры перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1».

Нямецкі асобнік пратаколу і пакта сапраўды не захаваўся, і ў 1948 годзе яго копію апублікаваў Дзярждэпартамент ЗША. Але ёсць яшчэ асобнік пагаднення савецкага боку. СССР, а затым Расея доўгі час хавалі існаванне гэтых дакументаў. 

У 2019 годзе электронныя копіі савецкага арыгіналу Дамовы аб ненападзе і сакрэтнага пакту да яго ўсё ж пабачылі свет. Іх апублікаваў фонд «Гістарычная памяць», паказаўшы, што копіі прадстаўлены гісторыка-дакументальным Дэпартаментам МЗС Расеі. Пра гэта паведамлялі ў тым ліку расейскія дзяржаўныя медыі.

Пазней дакументы былі выдаленыя з сайта фонду, але засталіся ў інтэрнэт-архіве.