Антыфэйк / фактчэк

17 чэрвеня

На «Беларусь 4» паказалі фрагмент інтэрв'ю «Маланка-медыя» з літоўскім экспертам. Мы параўналі абедзве версіі і знайшлі адрозненні

Палітолаг распавядае зусім не пра рэакцыю на беларусаў, якія прыехалі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 10.06.2024
У эфіры «Беларусь 4» ТРК Брэст паказалі сюжэт пра рост антыбеларускіх настрояў. У якасці пацвярджэння паказалі фрагмент інтэрв'ю з літоўскім палітолагам, які нібыта заявіў, што ў грамадзян ЕЗ пачалася «алергія» на беларусаў, якія панаехалі. Каманда Weekly Top Fake знайшла арыгінал гэтага відэа.

Сюжэт, прысвечаны беларусам, якія з'ехалі, тэлерадыёкампанія Брэст выпусціла ў праграме «Прамая размова» 10 чэрвеня 2024 года. 

«Жыхары Еўразвязу ледзь стрымліваюць алергію на змагароў з чужымі рэжымамі, якія панаехалі», — распавядае вядоўца дзяржтэлеканалу Марыя Варакуліна ў падводцы да відэа.

Далей паказваюць інтэрв'ю з ананімным экспертам, які адказвае на пытанне пра рост антыбеларускіх настрояў у Літве.

— Чыста эмацыйная рэакцыя — гэта рэакцыя на раздражняльнік. З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам, — адказвае эксперт.

Гэта цытата з інтэрв'ю з літоўскім палітолагам Уладзімірам Лаўчусам, якое выйшла на партале «Маланка-медыя». У відэа беларускага тэлеканалу заўважная злепка розных фраз. Мы знайшлі арыгінальны сюжэт і паслухалі, што Лаўчус казаў на самой справе. 

«Чыста эмацыйная рэакцыя — гэта рэакцыя на раздражняльнік», — так гучыць першая фраза палітолага ў відэа на ТРК Брэст.  

«Гэта чыста эмацыйная рэакцыя на раздражняльнік. У дадзеным выпадку гэтым раздражняльнікам вядома ж выступае імперская палітыка і дзеянні Расейскай Федэрацыі», — кажа эксперт у арыгінале відэа.

То бок палітолаг распавядае зусім не пра рэакцыю на беларусаў, якія прыехалі.

Далей у сюжэце «Беларусь 4» Лаўчус кажа: «З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам».

Гэтая фраза ў арыгінале інтэрв'ю гучыць гэтак жа, але кажа яе эксперт у іншым кантэксце

«Нейкія падобныя рэчы могуць адбывацца пры любым нацыянальным адраджэнні, няхай гэта будзе літоўскае, польскае, беларускае нацыянальнае адраджэнне. З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам. Здараюцца такія рэчы, але тут павінны гісторыкі высвятляць усё гэта».

Больш за тое, літоўскі палітолаг у гэтым інтэрв'ю выказаў меркаванне, супрацьлеглае сцвярджэнню вядоўцы беларускага тэлеканалу пра тое, што ў літоўцаў ёсць алергія на беларусаў. 

«Такой наогул з'явы, што ў Літве моцна змянілася да горшага стаўленне да беларусаў, я б не сказаў. Дзесьці, нешта, нейкія раздражняльныя фактары прысутнічаюць. Зноў жа, я паўтаруся, я звязваю іх з вайной, якую Расея вядзе супраць Украіны».