Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант 7 лютага ў эфіры «Альфа Радыё» распавёў пра вялікую папулярнасць навін першага каналу Беларускага тэлебачання ў замежных гледачоў.
«Мы цяпер працуем на замежных мовах, на многіх — на польскай, на англійскай, на іспанскую нават перакладаем, на нямецкай. Вядома, гэта карыстаецца папулярнасцю. Той жа польскі кантэнт. Найшырэйшая геаграфія праглядаў па ўсёй Польшчы, дзясяткі, часам сотні тысяч праглядаў таго, што мы робім на працягу дня. Ну, вядома, каму гэта спадабаецца», — сказаў ён.
На ютуб-канале Агенцтва тэлевізійных навін сюжэты з замежным перакладам, як правіла, набіраюць ад пяцісот праглядаў да пяці тысяч. Самы папулярны ролік не на расейскай мове — польскамоўны анонс фільму пра беларускага апазіцыйнага палітыка Вольгу Кавалькову. Яго паглядзелі 38 тысяч разоў. Пры гэтым сам фільм на польскай мове набраў крыху больш за тысячу праглядаў.
У Белтэлерадыёкампаніі таксама ёсць Міжнароднае радыё «Беларусь» для Польшчы, якое вяшчае на польскай мове. Самы папулярны ролік на ютуб-канале гэтага Радыё — рэклама самога радыё. Яна набрала 86 тысяч праглядаў. Яшчэ два папулярныя відэа — заявы Аляксандра Лукашэнкі пра Польшчу. Адно з іх паглядзелі каля 70 тысяч, другое — крыху менш за 50 тысяч разоў. Астатнія відэаролікі на гэтым канале рэдка набіраюць больш за тысячу праглядаў.
Папулярнасць кантэнту гэтага радыё ў сацсетках яшчэ ніжэй. У ЦікТоку яго ролікі звычайна набіраюць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў праглядаў, у Фэйсбуку — у сярэднім каля дваццаці.