Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Траціна сусветнага рынку». Электробусныя амбіцыі карэспандэнткі АНТ перавысілі рэальныя продажы беларускага транспарту

Наталля Пяткевіч перабольшыла поспехі айчынных вытворцаў электрычных аўтобусаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 05.10.2025
Беларускія электробусы займаюць траціну сусветнага рынку, расказала карэспандэнтка Наталля Пяткевіч у эфіры АНТ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ім не належыць нават траціна рынку ў Беларусі.

У Менску з 29 верасня па 1 кастрычніка 2025 года прайшла міжнародная прамысловая выстава «Інапрам. Беларусь». У відэасюжэце пра гэту падзею, які паказалі ў праграме «Контуры» на АНТ 5 кастрычніка, карэспандэнтка Наталля Пяткевіч распавяла пра дасягненні Беларусі ў вобласці тэхналогіяў:

«У першую чаргу “Інапрам” — гэта, вядома, пра бізнес. Але яшчэ — тая самая магчымасць ацаніць шлях тэхналагічнай эвалюцыі краіны, у якой класічныя трактары ператварыліся ў энерганасычаныя камп’ютары, аўтобусы з прыстаўкай “электра” утрымліваюць траціну сусветнага рынку, а велізарнымі самазваламі, як цацачнымі, можна кіраваць на адлегласці». 

Электробусы займаюць каля 6% ад продажаў аўтобусаў ва ўсім свеце. Значыць на гэтым рынку, паводле Пяткевіч, беларускія электробусы павінны займаць значную долю. Але, як высветлілі журналісты праекту WTF, гэта не так. 

У Беларусі «аўтобусы з прыстаўкай “электра”» выпускаюць ААТ «МАЗ» — кіроўная кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» і ААТ «УКХ "БКМ"». У транспартнай сетцы Менску задзейнічана больш за тысячу аўтобусаў. Прыкладна штодзясяты з іх — электрычны. І гэта 5% ад пасажырскага транспарту «Менсктранса». Два гарады ў Беларусі ўжо перайшлі на электратранспарт — Жодзіна, Шклоў. У Жодзіна ездзіць 14 электрычных МАЗаў, у Шклове — 15 «Альгердаў» ад «Белкамунмаша». Да канца года на электробусы пяройдзе і Наваполацк. Там запусцяць 26 «Вітаўтаў» ад таго ж «Белкамунмаша». У іншых гарадах электробусы адзінкавыя. Ва ўсёй Беларусі электробусаў менш за 200 адзінак. 

Мы выказалі здагадку, што Пяткевіч магла мець на ўвазе расейскі рынак. Але летась продажы электробусаў усіх марак у Расеі склалі трохі больш за тысячу штук — гэта 5% ад купленых аўтобусаў і толькі 2,5% з іх вырабілі ў Беларусі. Гэта значыць, што беларускія электробусы не займаюць траціны нават беларускага і расейскага рынкаў, не кажучы ўжо пра сусветны.

Найбуйнейшымі вытворцамі акумулятарных аўтобусаў лічацца кітайскія BYD, Yutong і Higer. У Еўропе апроч кітайскіх папулярныя нямецкія Mercedes і ірландскія Wrightbus.