Антыфэйк / фактчэк

23 мая

Аляксей Дзермант: Узровень падтрымкі дзяржавай шматдзетных сем'яў у Беларусі здзіўляе палякаў. Праверылі словы палітолага

Гаворка, верагодна, ідзе пра сямейны капітал ды ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 13.05.2024
Палякаў здзіўляюць «элементы беларускай сацыяльнай дзяржавы», упэўнены праўладны палітолаг Аляксей Дзермант. У прыватнасці, як дзяржава клапоціцца пра шматдзетныя сем'і. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці так гэта. 

Пра дзяржаўную сацыяльную падтрымку шматдзетных сем'яў у Беларусі Аляксей Дзермант разважаў у эфіры СТБ 13 мая 2024 года. 

«Дзівяцца палякі і з іншых элементаў нашай сацыяльнай дзяржавы: дзіцячых садкоў і школ, якім дапамагаюць буйныя прадпрыемствы, з прафсаюзнай дапамогі у адпачынку і аздараўленні, асабліва дзяцей. З рэальнага клопату пра шматдзетныя сем'і», — сказаў палітолаг.

Гаворка, верагодна, ідзе пра сямейны капітал ды ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў. 

У Беларусі пры нараджэнні трэцяга ды наступных дзяцей сям'я атрымлівае на рахунак суму, эквівалентную 10 тысячам долараў. А ільготны крэдыт на жыллё выдаецца шматдзетным пад 1% на 40 гадоў. 

У Польшчы няма асобнага віду фінансавай падтрымкі пры нараджэнні трэцяга дзіцяці. Сем'і атрымліваюць дадатковыя выплаты ўжо пры нараджэнні другога — каля 3 тысяч долараў. Яшчэ столькі ж — пры нараджэнні трэцяга. Такім чынам, шматдзетная сям'я ў Польшчы мае прыкладна 6 тысяч долараў «рэальнага клопату». 

Аднак больш важкі ўклад у сямейны бюджэт палякаў ўносяць выплаты «Сям'я 800 плюс». Тут штомесяц атрымліваюць па 800 злотых на кожнае дзіця да паўналецця. Па цяперашнім курсе гэта прыкладна 200 долараў. На трох дзяцей у месяц выходзіць ужо 600 долараў, за 18 гадоў сума можа перавысіць 130 тысяч долараў. У Беларусі на дзяцей, старэйшых за 3 гады, дапамогі няма наогул.

У Польшчы ў 2023 годзе ўвялі крэдыт на першае жыллё пад 2% гадавых. Прычым для ўсіх жадаючых, якіх аказалася так шмат, што праграму прыпынілі і адкарэктавалі. Цяпер ільготны крэдыт даступны людзям з невысокім прыбыткам, пад 1,5% гадавых максімум. І чым большы склад сям'і, тым менш працэнт. Шматдзетныя сем'і атрымліваюць такі крэдыт наогул без працэнтаў.