Тэзісы перадвыбарнай праграмы Ціханаўскай абвяргаюцца статыстыкай
У перадачы "Клуб рэдактараў", якая выходзіць на тэлеканале Беларусь-1, міністр інфармацыі і праўладныя палітолагі, узяліся абвяргаць тэзісы выступленняў Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала падчас перадвыбарнай кампаніі 2020 года. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант параіў тэлегледачам не верыць апаненткам Лукашэнкі на слова, а правяраць з дапамогай статыстыкі іх словы
«Звяртаюся да нашых тэлегледачоў, чытачоў: калі вы чытаеце і слухаеце ўсіх гэтых дзеячаў наконт таго, наколькі ўсё дрэнна - не залянуйцеся, адкрыйце статыстыку і вы ўбачыце, што вас, хутчэй за ўсё, водзяць за нос».
Мы вырашылі праверыць, ці можна верыць Эйсмант і выявілі шэраг маніпуляцый той самай статыстыкай, да якой Эйсмант раіў звяртацца.
«Я зараз вам зачытаю тэзісы, а вы паглядзіце. Калгасы або развальваюцца або стагнуюць, - казалі яны падчас сваіх мерапрыемстваў. Нам дапамог Інстытут эканомікі НАН Беларусі. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі: 18 год - 5 млрд, 19 - 5,5, 20 - 5,8 млрд даляраў».
Гэта значыць Эйсмант спрабуе пераканаць сваіх тэлегледачоў у тым, што насамрэч калгасы не развальваюцца і не знаходзяцца ў стадыі стагнацыі, падаючы толькі лічбы па экспарце сельгаспрадуктаў і тое толькі за 3 апошнія гады.
Мы вырашылі пагартаць статыстыку Белстата далей і выявілі, што за 10 гадоў колькасць сельгасарганізацый скарацілася на 185 адзінак. У 2011 годзе ў Беларусі было ўсяго 40 стратных сельгасарганізацый, а цяпер іх - 177. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў 2011 годзе была больш як 15 з паловай працэнтаў, цяпер - 5,5 працэнта. Крэдыторская запазычанасць складае амаль 8,8 млрд рублёў. Гэта 60 працэнтаў ад выручкі. Для параўнання - 10 гадоў таму запазычанасць складала 40% ад выручкі.
Гэта значыць аб нязручных паказчыках Эйсмант умоўчаў, вырваўшы з кантэксту - толькі зручныя для дзяржаўнага тэлебачання лічбы.
«Бальніцы і паліклінікі не адчыняюцца. Мы праверылі. Недзе плюс дзесьці мінус, прыкладна на тым самым узроўні яно і засталося».
І мы праверылі! Мінус 61 бальнічная арганізацыя за 10 гадоў.
«Наступная тэза. Пасля ўступлення Расіі ў СГА там упалі цэны на грузавыя аўтамабілі і трактары, а нашы МТЗ і МАЗ знізілі свае продажы на шматкроп'е працэнтаў, трэба дадаць любую лічбу. Ну нагадваю, па відах прадукцыі за 5 гадоў рост вытворчасці трактароў на 15%, грузавых аўтамабіляў у 1,7 раза, легкавых аўтамабіляў у 2,5 раза, аўтобусаў у 1,7 раза».
Каб карціна поспехаў беларускай прамысловасці была больш поўнай, мы зноў дапоўнім гэтую статыстыку звесткамі Белстата за 10 гадоў. У 2010-м выраблялася больш за 50 тысяч трактароў для сельскай гаспадаркі, у 2020-м - менш за 40 тысяч. Грузавых аўтамабіляў схадзіла з канвеера 12,5 тысяч у год, а зараз менш за 6 тысяч. Аўтобусаў выпускалі каля 2 тысяч, а зараз 1,5 тысячы. Таксама амаль у 2 разы скарацілася вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў і веласіпедаў. Толькі выпуск легкавых аўтамабіляў сапраўды павялічыўся. Дзесяць гадоў таму Беларусь вырабляла 365 легкавушак, зараз больш за 21 тысячу.
Што да МАЗа, то па выніках 2020 года ён паставіў на расійскі рынак 3729 грузавікоў, для параўнання ў 2010-м - амаль 6 з паловай. Так што скарачэнне продажаў беларускіх грузавікоў у Расіі сапраўды прысутнічае.