Гайдукевіч цэліўся ў Польшчу, а патрапіў у БССР
Дэпутат беларускага парламента Сяргей Гайдукевіч заявіў, што экскурсаводы павінны расказваць людзям пра тое, колькі было забіта беларусаў у Заходняй Беларусі і што ім было забаронена хадзіць у Царкву. На яго думку, гэта трэба для таго, каб людзі дакладна разумелі «дзе чорнае, а дзе белае».
«Яны не расказваюць пра тое, колькі было знішчана беларусаў, яны не расказваюць, што беларусы былі пазбаўленыя права размаўляць на роднай мове - рускай, беларускай. Забралі ў іх магчымасць хадзіць у царкву. Яны пра гэта не расказваюць. З гэтым таксама трэба разабрацца».
Беларусам пад Польшчай, магчыма, не так ужо і добра жылося. Але вось пра царкву Гайдукевіч загаварыў дарма.
Праваслаўная царква ў Заходняй Беларусі пазбавілася 300 храмаў - іх прыйшлося вярнуць каталіцкай царкве, якой яны некалі належалі. Але нават пры ўсім гэтым у той момант, калі Заходняя Беларусь была далучана да СССР, у заходніх беларусаў было 540 дзейных цэркваў і 606 сьвятароў. У гэты час ва Ўсходняй Беларусі пры савецкай уладзе былі зачынены ўсе цэрквы, не было ніводнай япархіі і ніводнага япіскапа.
Так што Гайдукевіч крыху пераблытаў, хто забраў у беларусаў магчымасць хадзіць у царкву.
Пра знішчэнне беларусаў Гайдукевіч таксама ўводзіць у зман.
У Заходняй Беларусі, сапраўды, быў лагер Бяроза-Картузская, куды спасылалі нязгодных з палітыкай Польшчы беларусаў. І ўмовы жыцця, паводле сведчанняў усіх гісторыкаў, там былі сапраўды невыноснымі.
Вячаслаў Данілавіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, расказваў на СТВ, што ў гэтым лагеры за ўсе гады загінулі па розных ацэнках ад 13 да 17 чалавек.
Але за гэты час у БССР, паводле падлікаў НКУС, загінула 7 тысяч жыхароў Беларусі, а паводле падлікаў даследчыкаў, не менш за 27 тысяч. Прычым гэта дадзеныя доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка - дэпутата вядомага сваімі праўладнымі поглядамі. І казаў ён гэта ў афіцыйнай газеце Адміністрацыі Прэзідэнта «СБ Беларусь Сёння». Вось яго словы:
«У БССР жа, паводле звестак НКУС СССР, да 1 сакавіка 1938 года было арыштавана 24.209 чалавек, з іх "па першай катэгорыі" (гэта значыць да расстрэлу) было асуджана 6.869 чалавек. Па падліках Аляксандра Дзюкава, агульная колькасць асуджаных да вышэйшай меры пакарання па нацыянальных аперацыях у нашай рэспубліцы складае каля 20.000 чалавек. А агульная колькасць па “кулацкай” і нацыянальных аперацыях - каля 27.000 чалавек».
Такім чынам, паводле афіцыйных звестак, у Заходняй Беларусі ад пераследу загінулі 17 чалавек, а ва Усходняй ад 7000 да 27000. А дэпутат Гайдукевіч свядома скажае рэальнасць, ва ўпор не заўважаючы чорных плям савецкай гісторыі.