У відэароліку дэманструюцца нібыта памяткі, якія інфармуюць, як сябе паводзіць салдатам у выпадку дзеянняў гвалтоўнага характару. Напісаны яны на ўкраінскай мове, але на відэа няма ніякіх доказаў, што яны сапраўды належалі ўкраінскім салдатам і складзеныя якім-небудзь з афіцыйных ведамстваў Украіны. Тым не менш, аўтары відэа сцвярджаюць, што гэтая памятка складзена Міністэрствам абароны Украіны і Дзяржаўнай службай Украіны па справах ветэранаў вайны і ўдзельнікаў расейска-украінскай вайны. Такія назвы размешчаны пад тэкстам памяткі з лагатыпамі ведамстваў.
Цікава, што апошняй дзяржаўнай службы з такой назвай ва Украіне проста няма. Раней існавала служба з падобнай назвай – Дзяржаўная служба Украіны па справах ветэранаў вайны і ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі.
Але нават гэтай, напісанай няправільна дзяржаўнай службы, ужо таксама не існуе. У базах дадзеных Украіны яе юрыдычны статус – спынена. У 2018 годзе на яе базе створана Міністэрства па справах ветэранаў. Гэта была б дзіўная памылка для ўкраінскіх чыноўнікаў.