Антыфэйк / фактчэк

07 студзеня 2022

Фэйкі тыдня: інфляцыя – гэта добра, украінцы любяць Лукашэнку, а трансгендэры скралі ў Алега Гайдукевіча Алімпіяду

Перад Новым годам усе дзяржаўныя каналы падводзілі вынікі 2021-га году. Аглядальнік ОНТ Анатоль Занковіч у гэтым так захапіўся, што непрыкметна ў два разы падхарашыў памер беларускага экспарту

Аўтары:
Рэдактары:
«Лепш Бацька, чым Майдан», – так лічыць не толькі тг-канал «Вашы слівы», але і, калі верыць гэтаму рэсурсу, украінцы, якія прынялі ўдзел у апытанні «Радыё Свабода».

У Кіеве журналісты незалежнага інфармацыйнага рэсурсу ў мінакоў спыталі, як тыя ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўнікі «Вашых сліў» апублікавалі частку гэтага відэа і рэзюмавалі, што большасць украінцаў выказаліся ў падтрымку Лукашэнкі.

Падобны пост крыху пазней апублікавалі і ў тг-канале дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Вось, дарэчы, фрагменты таго, што казалі тыя самыя апытаныя ўкраінцы па версіі БелТА і «Вашых сліў»:

– Я лічу, што лепш пакуль хай будзе Бацька, чым Майдан. Так будзе спакайней. Ён захоўвае народ, на самай справе.

– Тое, што прэзідэнт наш збіраецца ірваць адносіны з Беларуссю і ваяваць з тымі, з кім былі ўсё жыццё нармальныя адносіны, я стаўлюся, шчыра кажучы, вельмі негатыўна.

Мы знайшлі арыгінал гэтага апытання і паслухалі, што на самай справе думаюць пра Беларусь і Лукашэнку большасць, апытаных «Радыё Свабода», украінцаў. Вось вам усяго толькі некалькі цытат тых украінцаў, чыё меркаванне праўладныя журналісты вырашылі выразаць:

– Ну, Лукашэнку трэба ўжо кудысьці на памыйніцу гісторыі. Ну колькі можна сядзець!

– Нармальны дзядзька – казалі раней. А цяпер, ну, рознае кажуць.

– Лепш пакуль хай будзе Бацька, чым Майдан.

– Ён не вечны. Усё зменіцца – усё будзе выдатна.

– Палітыка – яна дрэнная, больш сказаць няма чаго.

Усяго ў апублікаваным апытанні прадстаўлены думкі дзясятка ўкраінцаў, а тг-канал «Вашы слівы» з адказаў выразаў толькі 2 – тыя, якія зручныя дзяржаўнай прапагандзе. На самай справе толькі адзін з апытаных сказаў, што «лепш Бацька, чым Майдан». Рыторыка астатніх на адрас Лукашэнкі была больш негатыўнай. І нават мужчына, чые словы на «вашых слівах» прадставілі нібыта камплементарнымі ў адносінах да Лукашэнкі, у поўнай версіі відэа менш прыхільны да яго. Праўда, гэтую частку яго адказу «слівы» вырашылі абрэзаць. А вось, што яшчэ ён казаў пра Аляксандра Рыгоравіча:

«Шчыра кажучы, заўсёды было добрае стаўленне. Але цяпер, з улікам таго, што ён пачаў рабіць у апошні час, трошкі змянілася ў негатыўны бок. Але не магу сказаць, што канчаткова».

Трансгендэры скралі ў Гайдукевіча Алімпіяду

Трансгендэры забралі ў Алега Гайдукевіча Алімпійскія Гульні! Пра гэта ён заявіў у праграме «будні» на ютуб-канале «СБ. Беларусь сёння».

«Вы забралі ў нас Алімпіяду! Паглядзіце, што яны робяць! На наступнай Алімпіядзе не будзе цяжкай атлетыкі, не будзе іншых відаў спорту. Паглядзіце, з-за чаго... з-за таго, што яны там у талерантнасць сваю гуляюць. Мужык нешта сабе адрэзаў, узяў штангу, і мы павінны з-за гэтага адмовіцца ад цяжкай атлетыкі. Таму што ён, вядома ж, застаўся мужыком – гарманальны фон. І ён гэтую штангу будзе заўсёды цягаць жанчыны лепш», - заявіў Алег Гайдукевіч.

Па-першае: Гайдукевіч, мякка кажучы, злёгку апярэджвае падзеі. А па-другое, трансгендэры і любыя іншыя прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці тут не пры чым. Аб тым, што цяжкая атлетыка можа быць выключана з алімпійскага спісу, МАК заяўляў яшчэ ў 2017 годзе. І прычына таму: шматлікія допінг-скандалы і карупцыя. Вось адна з цытат кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэту Томаса Баха, датаваная 2021 годам:

«На жаль, павінен гаварыць аб федэрацыі цяжкай атлетыкі. IWF ігнаравала нашы патрабаванні, нягледзячы на засцярогі. Калі наша занепакоенасць не будзе ліквідаваная, то паўстане пытанне ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы і ў далейшых».

У 2020-м годзе нямецкі тэлеканал ARD выпусціў расследаванне, у якім даказаў, што карупцыя і допінг хаваліся самім кіраўніком федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамашам Аянам. Яго абвінавацілі ў стварэнні цэлай »культуры карупцыі« і праз некалькі месяцаў пасля выхаду фільму знялі з пасады.

Праўда, нягледзячы на гэта, на афіцыйным сайце Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы, у спісе гульнявых дысцыплін цяжкая атлетыка – ёсць. Дарэчы, СМІ са спасылкай на МАК паведамлялі, што на Гульнях у Парыжы скарацілі праграму спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы: прыедуць толькі 120 спартсменаў (для параўнання, у Рыа іх было 260), а колькасць камплектаў медалёў знізіцца з 14 да 10.

А вось у спісе гульнявых дысцыплін на Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе, якія пройдуць у 2028-ым, цяжкай атлетыкі, а таксама бокса і сучаснага пяцібор'я, ужо няма. Праўда, як адзначаюць на афіцыйным сайце Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе, яны могуць зноў туды вярнуцца ў 2023 годзе, калі гэтае пытанне канчаткова разгледзіць выканкам МАК.

На беларускія шыны ёсць высокі попыт

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прадпрыемства «Белшына» з 50-годдзем. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА, у сваім віншаванні ён адзначыў, што прадукцыя Белшыны заслужана карыстаецца вялікім попытам. А аснова поспеху прадпрыемства – паступальнае развіццё з апорай на сучасныя тэхналогіі, якасць і пастаяннае абнаўленне асартыменту з улікам запытаў спажыўцоў.

Мы заўважылі, што Лукашэнка схітраваў, калі казаў аб вялікім попыце на прадукцыю прадпрыемства і яго паступальным развіцці. Пік попыту на беларускія шыны прыйшоўся на 2012-2013 гады. Тады прадпрыемства вырабляла прыкладна па 5,5 млн. шын штогод. Але за апошнія пяць гадоў абʼём вытворчасці скараціўся прыкладна ў паўтара раза.

Акрамя таго, прадпрыемства хранічна стратнае. Напрыклад, у 2020-м яно спрацавала з чыстай стратай у амаль 200.000.000 рублёў.

Прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, наведваючы гэтае прадпрыемства ў жніўні, паабяцаў яму падтрымку ў выглядзе рэструктурызацыі запазычанасці і прымянення льготных умоў для яе пагашэння. А пракуратура Магілёўскай вобласці нават распачала крымінальную справу па факце ўтварэння знешняй дэбіторскай запазычанасці з боку «Белшыны» за 2015-2020 гады.

Інфляцыя - гэта добра

Перад Новым годам усе дзяржаўныя каналы падводзілі вынікі 2021-га году. Аглядальнік ОНТ Анатоль Занковіч у гэтым так захапіўся, што непрыкметна ў два разы падхарашыў памер беларускага экспарту.

«Калі браць эканоміку ў агульным, то за 10 месяцаў гэтага года (канчатковыя вынікі пазней) мы прадалі за мяжу на $ 75.000.000.000. І гэта, увага, на траціну больш чым год таму», - заявіў Занковіч.

На ОНТ, магчыма, не ведаюць, што продажы за мяжу называюцца экспартам. Вось статыстыка БЕЛСТАТу за студзень-кастрычнік мінулага года. У графе экспарт паказана менш як $ 40.000.000.000. А $ 75.000.000.000, пра якія заяўлялі на ОНТ, – гэта знешнегандлёвы абарот. Гэта значыць, экспарт і імпарт. $ 36.250.000.000 з гэтых грошай Беларусь не зарабіла, а выдаткавала на закупку імпартных тавараў.

Далей Анатоль Занковіч патлумачыў гледачам ОНТ, чаму ў Беларусі інфляцыя склала не 5%, як планаваў урад, а больш за 10%. І чаму гэта, аказваецца, добра.

«Калі ўжо мы аб планеце ў цэлым, то давайце паглядзім, што стала прычынай. Правільны адказ – сусветныя цэны. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН апублікавала вось такія звесткі. Звярніце ўвагу, індэкс коштаў практычна не мяняўся ні ў 2018, ні ў 2019. І кошты яны больш-менш на адным узроўні. У канцы мінулага года крыху падраслі. А вось цяперашні 2021 год. І рост адразу на 28% і такога не было ўжо 10 гадоў. Гэта значыць кошты ў сярэднім ва ўсім свеце выраслі практычна на траціну. Усё адносна. Праўда? Таму калі глядзець пад гэтым вуглом, што ўсё ва ўсім свеце стала даражэй на 30%, наша інфляцыя ў 10 не такая ўжо і страшная», - заявіў Занковіч.

Супрацоўнік ОНТ прадэманстраваў толькі графік росту коштаў на прадукты харчавання, і на яго падставе зрабіў выснову, што ў свеце падаражэла наогул усё на 30%. Гэта хлусня.

Вось апошнія даступныя дадзеныя па ўзроўні інфляцыі ў розных краінах. Сярэдні ўзровень інфляцыі ў Еўрасаюзе-4,5%. У Японіі-0,6%, у Кітаі – менш за 2,5%. Беларусь у Еўропе па ўзроўні інфляцыі абагналі толькі Турцыя, Малдова і Украіна. У астатніх краінах сітуацыя значна лепшая.

Дарэчы, афіцыйны Менск сцвярджае, што Беларусь сама сябе забяспечвае харчаваннем. Чаму тады растуць цэны на прадукты, вырабленыя ў Беларусі, на дзяржаўных каналах не тлумачаць. Так, да прыкладу, свініна за год падаражэла на 20%, беларуская бульба – на 60%, а белакачанная капуста, наогул, падаражэла ў 2 разы.

Ёсць яшчэ адно пытанне да супрацоўніка АНТ. Як сусветныя цэны на прадукты харчавання паўплывалі на цэны беларускіх нехарчовых тавараў? Яны таксама выраслі амаль на 10%.