Антыфэйк / фактчэк

Учора

Сяргей Лаўроў усумніўся, што Навальнага ў 2020-м атруцілі. Мы абверглі яго аргументы

Сам Аляксей Навальны ўвесь перыяд лячэння заставаўся ў цывільнай клініцы Charité.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 06.12.2024
Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў усумніўся, што палітыка Аляксея Навальнага ў 2020 годзе на авіярэйсе з Томска ў Маскву сапраўды атруцілі, бо Масква так і не атрымала вынікі аналізаў. Пра гэта чыноўнік распавёў у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану. Каманда Weekly Top Fake абвергла сумневы Лаўрова. 

Інтэрв'ю міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану, у якім гаворка зайшла пра атручванне апазіцыянера Аляксея Навальнага, апублікавалі 6 снежня 2024 года. Чыноўнік заявіў, што клініка Charité не выявіла прыкметаў атручвання.

«У грамадзянскай клініцы нічога не знайшлі. А заява пра атручванне была зробленая ўжо пасля таго, як ён праходзіў лячэнне ў вайсковым шпіталі Бундэсвера», — сказаў Лаўроў. 

Няма звестак, што Аляксей Навальны лячыўся ў вайсковым шпіталі. У заяве федэральнага ўраду Нямеччыны па справе палітыка гаворыцца, што лабараторыя Бундэсвера праводзіла таксікалагічнае даследаванне па запыце клінікі Charité, у выніку якога і былі выяўленыя сляды нервова-паралітычнага рэчыва. 

Менавіта гэтую лабараторыю для правядзення аналізаў прызначыла арганізацыя па забароне хімічнай зброі. Гэта пацвярджае яе афіцыйная справаздача. Пра гэта таксама згадваецца ў матэрыяле аднаго з самых аўтарытэтных медычных часопісаў у свеце The Lancet. У артыкуле сказана, што ўзоры крыві ўзялі адразу пасля паступлення пацыента ў Charité. Гэта значыць нельга сказаць, што ў грамадзянскай клініцы нічога не знайшлі. Там і не шукалі. Для гэтага, як вынікае са справаздач, прызначылі адмысловую ваенную лабараторыю. 

Сам Аляксей Навальны ўвесь перыяд лячэння заставаўся ў цывільнай клініцы Charité. Пра што можа сведчыць, напрыклад, яе прэс-справаздача на сайце або пост на афіцыйнай старонцы клінікі ў сацсетцы Х:

«Стан Аляксея Навальнага працягвае паляпшацца. Пацыент паспяхова адключаны ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. У цяперашні час ён праходзіць рэабілітацыю і можа ненадоўга ўставаць з ложка».

У інтэрв'ю нямецкаму выданню Der Spiegel Аляксей Навальны згадваў і дзякаваў толькі лекарам і медсёстрам берлінскай клінікі Charité. Ваенны шпіталь ён не згадваў.