Антыфэйк / фактчэк

Учора

Аўдонін: Лукашэнка — першы крыптапрэзідэнт у свеце. Ці ўсё ж не?

У дзяржаўным рэгуляванні рынку крыптавалюты піянерам лічыцца Японія.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 26.01.2025
Першым крыптапрэзідэнтам у свеце быў не Дональд Трамп, а Аляксандр Лукашэнка, заявіў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. Каманда Weekly Top Fake даведалася, дзе крыптабіржы зʼявіліся раней, чым у Беларусі.

У Беларусі створаць уласную крыптавалюту, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня 2025 года. На наступны дзень аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін у эфіры «Альфа радыё» і «СБ ТБ» абвясціў яго першым крыптапрэзідэнтам.

«Трамп сябе абазваў першым крыптапрэзідэнтам. Але першым крыптапрэзідэнтам у рэчаіснасці быў Лукашэнка. Таму што змены заканадаўства, стварэнне інфрастуктуры для крыптабіржаў, стварэнне тэхналогіяў, яны пачалі стварацца пасля ўказа прэзідэнта 17 года. То бок першым крыптапрэзідэнтам у рэчаіснасці ў свеце зʼяўляецца наш прэзідэнт», — сказаў Аўдонін.

Беларусь сапраўды адной з першых у свеце занялася легалізацыяй крыптавалюты. І абагнала ў гэтым ЗША. Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №8 «Пра развіццё лічбавай эканомікі» пад канец 2017 года. Дакумент набыў моц у сакавіку 2018-га. Ён афіцыйна дазволіў выпускаць токены, праводзіць крыптааперацыі і ўжываць блокчэйн без бюракратыі.

Аднак першыя крыптабіржы ў свеце пачалі зʼяўляцца раней. Каманда WTF знайшла мінімум дзве. У 2015-м у Чылі ўрадавы фонд прафінансаваў стварэнне першай у краіне крыптабіржы SurBTC. А адна з першых біткойн-біржаў у свеце Bitstamp, створаная ў 2011 годзе, у 2016-м атрымала ліцэнзію на дзейнасць ад уладаў Люксембурга.

Што да ўласнай крыптавалюты, то і тут Аляксандра Лукашэнку абагналі. Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў пра яе стварэнне пад канец 2017 года. Ён планаваў, што петра — так яна называлася — дапаможа краіне абысці міжнародныя санкцыі, аднак паўнавартасна яна гэтак і не запрацавала і ў 2024 годзе афіцыйна спыніла сваё існаванне.

У дзяржаўным рэгуляванні рынку крыптавалюты піянерам лічыцца Японія. Легалізацыю крыптавалюты там пачалі ў 2016 годзе, калі ў закон унеслі новыя правілы крыптавалютнага рынку. Біржы абавязалі рэгістравацца ў органах улады, біткойны прызналі законным аплатным сродкам, у карыстальнікаў зʼявілася сістэма абароны.