Антыфэйк / фактчэк

14 студзеня

Ігумення Гаўрыіла: Лукашэнка ніколі не адказвае злым словам. Знайшлі больш за дзясятак абвяржэнняў

Каманда WTF знайшла некалькі абразлівых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас замежных палітыкаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 07.01.2025
Аляксандр Лукашэнка ніколі не адказвае груба тым, хто пра яго дрэнна гаворыць, заявіла ігумення Гарадзенскага Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Гаўрыіла. Каманда Weekly Top Fake знайшла больш за дзясятак яго цытат з абразамі апанентаў.

Беларусам трэба тварыць больш міласэрных спраў на Каляды, параіла ігумення Гарадзенскага Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Гаўрыіла ў праграме «Азаронак. Наўпрост» на СТБ 7 студзеня 2025 года. Як прыклад набожнасці яна згадала Аляксандра Лукашэнку, які, на яе думку, ніколі не адказвае злым словам тым, хто пра яго дрэнна гаворыць. 

«Вы калі-небудзь у любой сітуацыі ці чулі ад нашага паважанага, вялікага стырніка Беларусі Аляксандра Рыгоравіча якое-небудзь некарэктнае, нетактоўнае слова на адрас яго апанентаў? Няхай гэта будзе ў Беларусі, няхай гэта будзе ў Нямеччыне, у Польшчы і гэтак далей. Наадварот, прэзідэнт кажа: "Гэта нашыя суседзі, а суседзяў не выбіраюць, суседзяў сам бог дае"».

Каманда WTF знайшла некалькі абразлівых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас замежных палітыкаў. 

«Прэзідэнт Зяленскі проста гніда! Проста гніда!» — сказаў Лукашэнка 7 сакавіка 2023 года, распавядаючы пра затрыманне ў Беларусі нібыта тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў, датычнага да спробы дыверсіі на аэрадроме Мачулішчы ў канцы лютага.

У жніўні 2022 Лукашэнка выказаўся на адрас польскіх палітыкаў: «Калі там [прэзідэнт Польшчы Анджэй] Дуда з [прэм'ер-міністрам Польшчы Матэўшам] Маравецкім пасунуліся мазгамі, то вайскоўцы ж не дурні».

Абразіў Лукашэнку ў канцы снежня 2023 года і былога міністра замежных спраў Еўразвязу Жазэпа Барэля: «Гэта дурасць. Гэты чалавек дурны проста. Разумееце, ён дурань. Ён да палітыкі не мае ніякага дачынення».

Дасталася ад Лукашэнкі і расейскім журналістам: 

«Брыдкіх думак, пра якія часам пішуць асабліва ў Расейскай Федэрацыі рознага кшталту ідыёты — я іх інакш не назаву. <...> Аналізуючы СМІ, я сабе запісаў "ідыёты ў Расеі"», — заявіў ён у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» 27 жніўня 2018 года.

«Тое, што ён мярзотнік, — гэта факт», — прагучала ў жніўні 2021 года на адрас украінскага журналіста Дзмітрыя Гардона. 

Мярзотнікам Лукашэнка назваў і прадстаўніка вайсковага кіраўніцтва Украіны 24 лютага 2022 года: «А тут, бачыце, патэлефанаваць было цяжка, зняць слухаўку. Мярзотнік!»

Не раз абражаў Аляксандр Лукашэнка і сваіх палітычных апанентаў. 

«І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджаныя будуць парасяты», — сказаў ён пра прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах 2020 года Валерыя Цапкала. 

Пра Святлану Ціханоўскую і апазіцыю Лукашэнка ў лістападзе 2020 года распавёў: «Нядаўна мы перахапілі канферэнцыю вось гэтых лахушак — Ціханоўская там, усіх гэтых збеглых». 

У ліпені 2021 года ён назваў Ціханоўскую дурніцай і мярзотніцай. 

Нядобрыя словы Лукашэнка неаднаразова казаў і на адрас беларусаў. У чэрвені 2020-га ён прапанаваў «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей», разважаючы пра звальненні ў прыватных фірмах.

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць, асабліва мясцовым мярзотнікам і тым, хто ўцяклі, — яны ўсе ўстаноўленыя», — заявіў ён у сакавіку 2023 года.

Праз год прагучала: «Нашыя нягоднікі "свядомыя", якія "плявузгаюць" языкамі, народ будуць падаграваць». 

Каманда WTF раней зняпраўдзіла падобны фэйк: Чытайце падрабязней у публікацыі «Лукашэнка: беларускія палітыкі не абражаюць жанчын. Успомнілі, як ён называў Ціханоўскую».