Антыфэйк / фактчэк

12 снежня 2023

Сацапытанне Прэс-клубу паказала, што беларусы сталі часцей атрымліваць інфармацыю з дзяржСМІ. Выкрыццё фэйка ад каманды Media IQ

Партнёрскі матэрыял БРЦ і Media IQ.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.11.2023
Беларускі Прэс-клуб правёў апытанне, якое паказала, што беларускія гледачы сталі часцей глядзець дзяржТБ. Пра гэта 3 снежня 2023 года распавяла вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Кацярына Ціхамірава. 

«...Глядач сыходзіць да прагляду дзяржаўных медыяў. Не верыце? Гэта даследаванне закрытае, правяла і закрыла яго ліквідаваная структура "Прэс-клуб Беларусь", што знаходзіцца ў Польшчы. Яно не для вачэй грамадскасці, тым больш беглай. Але калі ўжо даследаванне апынулася ў руках, адкрыем, як таго патрабуюць наратывы дэмакратыі», — сказала Ціхамірава.

Пра гэта ж даследаванне згадваў і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант 2 снежня ў праграме «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1», калі распавядаў пра поспехі дзяржаўных медыяў. Ён спасылаўся і на дадзеныя Інстытуту сацыялогіі, і на іншыя даследаванні, прадстаўляючы іх як адно даследаванне Прэс-клубу: 

«У Беларусі існавала структура пад назвай Press Club Belarus, якая цяпер забароненая ў нашай краіне і знаходзіцца ў Польшчы. Яны правялі закрытае сацыялагічнае даследаванне на тэрыторыі нашай краіны, каб высветліць стаўленне грамадзян Беларусі да дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Задавалі і некаторыя іншыя пытанні. У нас былі гэтыя матэрыялы. Аўтары кажуць, што пазіцыя дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ўмацоўваецца», — сказаў Эйсмант. 

На самой справе Прэс-клуб не праводзіў ніякіх даследаванняў. Пра гэта прадстаўнікі арганізацыі заявілі 4 снежня і дадалі, што сталі аб'ектам маніпуляцый з боку дзяржмедыяў:

«Прэс-клуб заяўляе, што мы не праводзім даследаванняў, а агрэгуем, аналізуем і інтэрпрэтуем дадзеныя з розных сацыялагічных даследаванняў. Мы робім гэта для таго, каб дапамагчы незалежным медыям лепш разумець медыяспажыванне ў Беларусі, каб сачыць за парадкам і быць разам са сваёй аўдыторыяй, адпавядаць іх запытам».

Таксама прадстаўнік сацыялагічнай групы беларускага Прэс-клубу адзначыў, што на «Беларусь 1» са спасылкай на «закрытае даследаванне» Прэс-клубу працытавалі ў тым ліку дадзеныя апытання Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук «Фактары і ўмовы павышэння даверу насельніцтва Беларусі да нацыянальных СМІ», якія былі апублікаваныя ў лютым 2022 года. 

«Прэс-клуб сапраўды аналізаваў гэтыя звесткі, але апытання не праводзіў», — падкрэсліў сацыёлаг.

Акрамя таго, у сюжэце «Беларусь 1» пад выглядам звестак Прэс-клубу выкарыстоўваліся вынікі апытанняў брытанскага аналітычнага цэнтру Chatham House (пры гэтым у адным выпадку прадстаўнікі дзяржмедыяў усё ж такі спаслаліся на звесткі менавіта Chatham House), а таксама даследаванні беларускага незалежнага сацыёлага Філіпа Біканава «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе: досвед колькаснага даследавання».

Іван Эйсмант не толькі прыпісаў Прэс-клубу даследаванне, якое той не праводзіў, але і агучыў дадзеныя з яго выбарачна. 

«У 2022 годзе 47% апытаных паказалі, што атрымліваюць інфармацыю з тэлебачання. Гэта на 14% вышэй, чым у 2021 годзе. У 2021-2022 гадах павялічылася доля спажыўцоў ТБ, сацыяльных сетак і мэсэнджараў, скарацілася спажыванне інфармацыі інтэрнэт-сайтаў. У 2021 годзе сацыяльныя медыі як асноўную крыніцу інфармацыі выбралі 34% апытаных, а ў 2022-м — 40%».

Па дадзеных аднаго з закрытых даследаванняў, якія ёсць у распараджэнні сацыялагічнай групы Прэс-клубу, за 2023 год доля штотыднёвай аўдыторыі сегмента беларускіх дзяржаўных СМІ практычна не змянілася (вагаецца на адзнацы каля 37-38%), аднак узрос узровень даверу да іх (з 31 да 35%). У беларускіх незалежных медыяў доля штотыднёвай аўдыторыі і ўзровень даверу скараціліся (аўдыторыя — з 29% да 25%, давер — з 30% да 24%). Пры гэтым практычна ўсе беларускія незалежныя СМІ цяпер маюць статус экстрэмістаў, іх сайты заблакаваныя, распаўсюджванне іх кантэнту крыміналізаванае.

Беларусы ў цэлым сталі менш цікавіцца навінамі. На 5% скарацілася доля тых, хто актыўна сочыць за павесткай. На столькі ж скарацілася колькасць тых, хто намагаюцца захоўваць дасведчанасць у падзеях, якія адбываюцца. На 10% узрасла доля тых, чыё навінавае спажыванне характарызуецца сітуатыўнасцю.