Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Літоўскі эксперт: Санкцыі ЕЗ супраць Беларусі няпраўныя. Правяраем

У якасці эксперта на News.by запрасілі літоўца Станісловаса Томаса, які папрасіў у Беларусі палітычны прытулак.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 22.05.2025
Падвышэнне пошлін на ўвоз беларускай сельгаспрадукцыі на тэрыторыю Еўразвязу незаконна, заявіў госць праграмы «Актуальнае інтэрв'ю» на канале News.by Станісловас Томас. Каманда Weekly Top Fake праверыла, што кажа закон. 

Еўрапарламент 22 траўня 2025 года ўхваліў падвышэнне пошлін на ўвоз беларускай сельгаспрадукцыі на тэрыторыю Еўразвязу. У гэты ж дзень тэму санкцыйнага ціску на Беларусь карэспандэнт Андрэй Сыч абмеркаваў з госцем праграмы «Актуальнае інтэрв'ю» на канале News.by Станісловасам Томасам, якога прадставілі як праваабаронцу і доктара навук Сарбоны. 

— Яны, мабыць, з'яўляюцца незаконнымі, таму што толькі ААН можа ўзгадніць увядзенне санкцый? — спытаў Андрэй Сыч.

— Вядома, вядома, вядома. Транзіт беларускіх прадуктаў — гэта, безумоўна, адна з абласцей, дзе ёсць магчымасць звароту ў міжнародны суд у Гаазе, — адказаў суразмоўца. 

Статут ААН не забараняе асобным краінам ці звязам краін уводзіць уласныя санкцыі. У афіцыйным дакуменце Рады ЕЗ ад 2024 года, які рэгулюе ўвядзенне санкцый, гаворыцца, што, калі Рада бяспекі ААН уводзіць якія-небудзь абмежаванні супраць нейкай краіны, то Еўразвяз абавязаны іх выконваць. У той жа час у трэцім пункце прапісана права ЕЗ весці ўласную санкцыйную палітыку.

Гэта так званыя аўтаномныя санкцыі, якія Еўразвяз можа выкарыстаць, калі бачыць у нейкай краіне тэрарыстычную ці вайсковую пагрозу. Або, жадае аказаць ціск за парушэнні правоў чалавека, падрыў вяршэнства права і гэтак далей.

Літовец Станісловас Томас, які выступіў у якасці эксперта, — герой матэрыялу БРЦ пра прасоўванне ў ААН наратыву аб тым, што зняцце санкцый з Беларусі выратуе Афрыку ад голаду. У Літве яго пазбавілі статусу памочніка адваката праз грубыя этычныя парушэнні. У 2016 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека назаўжды забараніў яму прадстаўляць інтарэсы заяўнікаў, пасля чаго ён стаў частым госцем на беларускім тэлебачанні і папрасіў у нашай краіне палітычны прытулак.