Захад перашкаджае Лукашэнку ратаваць Афрыку ад голаду?
Напачатку сакавіка 2023 года Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах (КЭСКП) парэкамендаваў Літве перагледзець санкцыйную палітыку ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў. Камітэт палічыў забарону на экспарт калію з Беларусі пагрозай харчовай бяспецы для краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Літва катэгарычна адмовілася змякчаць санкцыі. Але затым з падобнай заявай выступіў кіраўнік ААН Антонью Гутэрыш і некаторыя дыпламаты ЕЗ сталі лабіяваць зняцце санкцый супраць «Беларуськалію». Давайце разбяромся, хто праціскае рашэнні ў структурах ААН у інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі, і ці сапраўды санкцыі супраць беларускага калію паўплывалі на харчовую бяспеку найбяднейшых краін свету.
«Літоўскі след» у беларускай справе
Першым аб прыняцці Камітэтам ААН рэзалюцыі, якая рэкамендуе Літве перагледзець санкцыі супраць Беларусі, паведаміў літовец Станісловас Томас. Больш чым праз суткі, калі навіна пра гэта з'явілася на БТ, ён напісаў у фэйсбуку, што гэта — «яго праца», «важна не спыняцца і цяпер Беларусі трэба падаць пазоў на Літву аб пакрыцці шкоды».
З пастоў Томаса ў сацсетках можна зрабіць выснову, што пункт па паслабленні санкцый КЭСКП прыняў менавіта па яго ініцыятыве. Акрамя таго, у дзень прыняцця рэзалюцыі ён знаходзіўся ў будынку, дзе засядаў Камітэт. Менавіта адтуль Томас даваў інтэрв'ю каналу «Салаўёў Live». У кадры на заднім фоне мы бачым характэрныя круглявыя вокны Палаца Вільсана, што пацвярджае яго месцазнаходжанне.
Хто такі Станісловас Томас? Сам сябе ён называе літоўскім адвакатам і праваабаронцам, а таксама прафесарам Сарбоны. Аднак, як высветліла «Еўрарадыё», прафесарам Сарбоны літовец не з'яўляецца, хоць і пісаў там доктарскую дысертацыю.
Не з'яўляецца Станісловас Томас і літоўскім адвакатам. Ён працаваў памочнікам адваката, але пазбавіўся гэтага статусу за «грубыя этычныя парушэнні». Больш за тое, у 2016 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што Томас не зʼяўляецца адвакатам, і назаўжды забараніў яму прадстаўляць ці іншым чынам дапамагаць заяўнікам у справах, якія знаходзяцца на разглядзе ў ЕСПЧ.
У 2019 годзе Станісловас Томас апынуўся ў полі зроку праваахоўных органаў па падазрэнні ў махлярстве. Ён прапанаваў літоўскім пенсіянерам скінуцца па €50 на яго паслугі, каб падаць калектыўны пазоў у ЕСПЧ з-за маленькага памеру пенсіі. Не маючы статусу адваката, прадстаўляць іх інтарэсы ў гэтым судзе ён заведама не мог.
«Адвакат» Беларусі
Падчас крызісу на беларуска-літоўскай мяжы ў 2021 годзе Станісловас Томас прапанаваў мігрантам свае паслугі па легалізацыі ў Літве і стаў частым госцем на беларускім тэлебачанні. У снежні таго ж года стала вядома, што ён папрасіў палітычны прытулак у Беларусі праз крымінальны пераслед у Літве. А ў сакавіку 2023-га на сваім сайце напісаў, што Беларусь з'яўляецца ягоным кліентам.
На сакавіцкае паседжанне КЭСКП Томас мог патрапіць у якасці «прадстаўніка грамадзянскай супольнасці». Бо ў абмеркаваннях Камітэту могуць удзельнічаць грамадскія арганізацыі, якія падалі альтэрнатыўныя даклады аб сітуацыі ў краіне, якую рэпрэзентуюць. Як мінімум дзве арганізацыі, якія прадставілі альтэрнатыўныя даклады для Камітэту, звязаныя з Томасам. Гэта EgLex з Манака і Holocaust Victims Foundation, зарэгістраваная на Нармандскіх выспах. Ад імя першай Томас раней пісаў звароты ў ААН. З дакументаў другой вынікае, што яна звязаная з EgLex. Сама ж справаздача Holocaust Victims Foundation сярод іншага датычыць Станісловаса Томаса і яго дзейнасці ў Літве.
У дакладах абедзвюх арганізацый тэма санкцыяў супраць беларускага калію не закранаецца. Аднак у тэлеграме Томаса 23 лютага з'явіўся ўпіс, што Камітэт па эканамічных правах ААН прыняў да разгляду ягоную скаргу на тое, што абмежаванні Літвы на экспарт беларускіх угнаенняў могуць парушаць правы афрыканцаў не галадаць.
БРЦ адправіў у КЭСКП запыт, ці сапраўды Томас накіроўваў ім такую скаргу, — на момант публікацыі нам не адказалі.
У Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах уваходзяць 18 незалежных экспертаў з розных краін. На сайце арганізацыі гаворыцца, што яны «валодаюць высокімі маральнымі якасцямі і прызнанай кампетэнтнасцю ў галіне правоў чалавека». Прынятая імі рэзалюцыя — гэта доўгі спіс рэкамендацый па барацьбе з беднасцю, дыскрымінацыяй, зменай клімату і г.д. Ёсць сярод іх і пункт з прапановай перагледзець абмежаванні на пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія, як сцвярджаецца, прывялі да «недахопу ўгнаенняў і адмоўна адбіліся на харчовай бяспецы ў гэтых краінах».
Кругаварот калію на рынку…
Пасля ўвядзення санкцый супраць беларускага калію Белстат засакрэціў дадзеныя па ягоным экспарце. Але на падставе інфармацыі з адкрытых крыніц можна зрабіць выснову, што гэтыя абмежаванні не маглі паўплываць на голад у Афрыцы.
У 2022 годзе, пасля ўвядзення санкцый, прапанова калію на рынку перавышала яго спажыванне ў паўтара разу: 60 млн тон супраць 39 млн тон. Акрамя таго, у найбяднейшыя краіны свету ішла толькі невялікая частка беларускіх угнаенняў. Медыі са спасылкай на дадзеныя Белстату паведамлялі, што ў 2020 годзе Беларусь паставіла калію ў краіны Афрыкі ўсяго на $123 млн з $2,4 млрд ад агульнага экспарту калійных угнаенняў. Прычым большая яго частка ішла ў Марока, Егіпет і ПАР — далёка не самыя бедныя краіны Афрыканскага кантынента.
Беларусь пастаўляла калій пераважна ў Бразілію (яна была асноўным пакупніком беларускіх угнаенняў у Лацінскай Амерыцы). Гэтая краіна забарону на пастаўкі калію з Беларусі не ўводзіла, але з-за амерыканскіх і еўрапейскіх санкцый дастаўляць туды ўгнаенні стала больш складана. Доля Беларусі на рынку калію Бразіліі знізілася з 18%у 2021-м да 9% у 2022 годзе. Яго замясцілі ўгнаенні з іншых краін. Гэта прызнае і амбасадар РБ у Бразіліі. У інтэрв'ю YouTube-каналу БЕЛТА ў сакавіку сёлета ён паведаміў, што доля вытворцаў угнаенняў з Канады і ЗША на бразільскім рынку вырасла роўна на той абʼём, які не ўдалося паставіць беларусам.
Падобная сітуацыя ў Індыі. У 2021 годзе яна была трэцім паводле аб'ёму імпарцёрам беларускага калію. У 2022-м, нягледзячы на высокія цэны, яго экспарт з Беларусі ў Індыю ў грашовым выражэнні скараціўся амаль удвая — з $306,97 млн да $168,52 млн. Прычым пастаўкі на $118,67 млн завяршыліся яшчэ да ўвядзення санкцый. Канкурэнты Беларусі рэзка нарасцілі экспарт калію ў Індыю.
Цяпер Беларусь павялічвае экспарт у Кітай (выручка ў студзені-лютым 2023-га склала $895,36 млн, год таму за той жа перыяд — $569,83 млн). Аднак, каб прадаваць свае ўгнаенні, Беларусь вымушана рабіць вялікую зніжку. Паводле дадзеных выдання «Камерсант», яе памер даходзіць да 50%.
Такім чынам, дэфіцыту калійных угнаенняў на сусветным рынку няма, прапанова перавышае попыт, спажыванне знізілася нязначна, а беларускі калій, які трапіў пад санкцыі, замясцілі ўгнаенні з іншых краін.
… і яго ўплыў на харчовую бяспеку
Паводле дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый па стане на 2 чэрвеня 2023 года, вытворчасць збожжавых у свеце ў 2022/2023 гадах складзе 2786,5 млн тон, а спажыванне — 2777,6 млн тон. Гэта значыць прафіцыт — 8,9 млн тон. Пры гэтым да ўвядзення санкцый супраць беларускага калію, у 2018-2019 гадах на рынку быў дэфіцыт 40,3 млн тон збожжа.
Паўплываць на харчовую бяспеку летась мог не дэфіцыт беларускіх угнаенняў, якога, як мы высветлілі, не было, а рэкордны рост коштаў на іх. І, адпаведна, на зерне. Калій з траўня 2021-га па травень 2022-га падаражэў у тры разы — да $1170 за тону. Збожжа за той жа перыяд — амаль удвая, да $522 за тону.
Рэзкі скачок цэн — гэта рызыка для бедных краін. З аднаго боку, калі прапановы збожжа і ўгнаенняў у лішку, але ім не хапае грошай, каб забяспечыць мінімальныя патрэбнасці, на дапамогу прыходзяць праграмы Сусветнага банку, МВФ і іншых прыватных і міжнародных некамерцыйных арганізацый. З іншага — не да ўсіх міжнародная дапамога даходзіць своечасова.
Расея згуляла на турбоце, давёўшы да панікі
Што справакавала рост сусветных коштаў? У першую чаргу — псіхалагічны фактар. Як адзначаюць эксперты Міжнароднага даследчага інстытуту харчовай палітыкі (IFPRI), шмат якія краіны, што залежаць ад імпарту ўгнаенняў з Расеі і Беларусі, з-за асцярогі неадкладнага дэфіцыту пачалі шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Гэта стварыла турботу на рынку — бо попыт вялікі, прыкладна тры чвэрці ўсіх краін імпартуюць не меней за палову патрэбных ім угнаенняў.
На гэтым згуляла Расея, далейшымі заявамі і дзеяннямі пагоршыўшы паніку. 10 сакавіка 2022 года міністр прамысловасці Дзяніс Мантураў на нарадзе ва Уладзіміра Пуціна паведаміў, што Расея абмяжуе экспарт сваіх угнаенняў. Паводле яго слоў, гэта было зроблена не для таго, каб некаму стварыць нязручнасці, а з-за праблем з лагістыкай.
У расейскіх вытворцаў, сапраўды, былі праблемы з экспартам калію. Шмат хто з іх, напрыклад, «Уралкалій» і «Еўрахім», карысталіся марскімі тэрміналамі ў краінах Балтыі. Калі Еўразвяз увёў санкцыі супраць Расеі за напад на Украіну, адгрузкі праз іх былі заблакаваныя. Але каб пазбегнуць негатыўных наступстваў для харчовай бяспекі, ЗША і ЕЗ вывелі расейскі калій з-пад санкцый, бо ён быў аднесены да тавараў першай неабходнасці. Расейскім суднам з каліем дазволілі заходзіць у еўрапейскія парты.
У выніку самаабмежавання на экспарт угнаенняў Расея так і не ўвяла. Праўда, расейскія вытворцы амаль удвая скарацілі здабычу. Да 2013 года яны гэта перыядычна рабілі, верагодна, каб трымаць кошты высокімі. Падобна, так было і гэтым разам. Як паведамляе газета Financial Times, паводле вынікаў мінулага года экспарт калію з Расеі ўпаў усяго на 10%, а прыбыткі краіны ад яго з-за ўзросту коштаў выраслі на 70%.
Скачок росту коштаў на зерне таксама быў шмат у чым штучна справакаваны Расеяй, якая адначасова ўвяла забарону на экспарт уласнага збожжа і заблакавала перавозку ўкраінскага праз Чорнае мора. Сітуацыя часова стабілізавалася дзякуючы зерневай угодзе.
Крэмль перайграў — у гульню ўваходзяць канкурэнты
Расея справакавала рост коштаў на ўгнаенні і збожжа, чым паскорыла запуск некалькіх праектаў па здабычы калію, развіццё якіх да таго было нерэнтабельнае.
Міжнародны гігант BHP Group плануе паскорыць тэрміны будаўніцтва калійнай рудні Jansen у Канадзе. Паводле праекту ўжо ў 2026 годзе ён будзе вырабляць амаль столькі ж калію, колькі Беларусь экспартавала ў Еўропу, Паўночную і Лацінскую Амерыкі. Таксама пра планы больш хуткага нарошчвання вытворчасці абвясцілі амерыканская Mosaic, канадская Nutrien і нямецкая K+S Group. Яны плануюць вывесці на рынак больш за 10 млн тон у бліжэйшыя 2-3 гады. Гэтых абʼёмаў будзе дастаткова, каб замясціць экспарт угнаенняў з Беларусі або Расеі.
Акрамя таго, у 2023 годзе канадская кампанія Millennial Potash набыла афрыканскі калійны праект Banio. Ён ахоплівае 1238 кв. км тэрыторыі Габону, на якой змяшчаецца 1,7 млрд тон калійных прыродных соляў. Гэта адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў, якое мае значную перавагу ў выдатках на пастаўкі з-за сваёй блізкасці да асноўных рынкаў калію ў Паўднёвым паўшар'і.
Усё гэта тлумачыць, чаму беларускім уладам менавіта зараз крытычна важна аслабіць санкцыі супраць калійнай галіны — да падзення коштаў, пакуль шмат якія рынкі канчаткова не страчаныя. Пры гэтым можна сказаць, што сітуацыя ўжо стабілізавалася і зняцце санкцый з беларускіх угнаенняў мала на што паўплывае.
Канада і іншыя экспарцёры летась нарасцілі здабычу калію з наяўных магутнасцяў і наладзілі яго пастаўкі. Акрамя таго, цана на нафту ўпала са $120 у чэрвені 2022-га да каля $80 за барэль у сакавіку 2023-га, што патанніла транспартацыю. У выніку кошты на калій ужо знізіліся амаль утрая — з рэкордных $1202 за тону ў красавіку мінулага года да $407,5 у красавіку бягучага, вярнуўшыся да ўзроўню сярэдзіны 2021 года. Па прагнозах аналітыкаў, кошты на ўгнаенні будуць зніжацца і далей.
Цэны на хлорысты калій у 2023 годзе ў параўнанні з мінулым годам знізяцца амаль на 30% — да $450 за тону ніжэй леташніх, мяркуе FitchRatings, а ў 2024-м упадуць да $300 за тону — практычна да паказнікаў канца 2019 года.
Праз Расею на сусветны рынак
Беларусі і пад санкцыямі сёлета ўдалося скарыстацца параўнальна высокімі коштамі. Улады засакрэцілі статыстыку па экспарце калійных угнаенняў, але паводле дадзеных Інстытуту праблем натуральных манаполіяў (ІПНМ), з якой азнаёміліся «Ведамасці», за першы квартал 2023 года праз Расею правезлі больш за 2 млн тон беларускага калію. Для параўнання, за ўвесь мінулы год Беларусь правезла праз Расею 3,5 млн тон. Калі тэмп захаваецца, сёлета «Беларуськалій» экспартуе праз РФ каля 8,5 млн тон калію. Гэты аб'ём усяго на траціну меншы, чым у дасанкцыйныя часы.
Праўда, такі варыянт прыносіць прыбытак пры высокіх коштах. Пры далейшым іх зніжэнні транзіт, верагодна, зменшыцца — занадта высокі кошт яго транспартацыі па чыгунцы на вялікія адлегласці. Па той жа прычыне ўжо зараз не так выгадна экспартаваць праз Расею больш угнаенняў. Адлегласць ад Салігорску да Клайпеды — 620 км. Да Усць-Лугі — у паўтара разу далей, да Мурманска — амаль у чатыры разы, да Уладзівастока — больш, чым у 16 разоў.
Улады Беларусі спрабавалі дамовіцца з расейскай чыгункай (РЧ) аб зніжках, каб мінімізаваць гэтыя страты. Па дадзеных на студзень 2023 года зніжкі дзейнічаюць толькі на перавозку па РЧ беларускіх нафтапрадуктаў, але не калійных угнаенняў. З таго часу публічна пра змену тарыфаў не паведамлялася.
Верагодна, увесь мінулы год Лукашэнка часткова прытрымліваў экспарт, каб дамовіцца аб зніжцы, але сёлета прыняў існуючыя ўмовы, каб паспець скарыстацца высокімі коштамі. Але вывезці ўсе дасанкцыйныя аб'ёмы калію праз Расею Менск, відаць, не можа з-за недахопу прапускной здольнасці расейскіх партоў. Паводле словаў дырэктара па кірунку «Лагістыка і аналітыка» ТАА «Морбудтэхналогія» Аляксандра Галавізніна, гэтых магутнасцяў расейцам ледзь хапае на ўласны экспарт угнаенняў.
Беларусь з 2020 года абмяркоўвае пытанне будаўніцтва ў Расеі ўласнага порта. Таксама гаворка ідзе аб магчымасці купіць і пераабсталяваць адзін з ужо існуючых. Аднак да гэтага часу гэтыя пытанні «знаходзяцца на стадыі прапрацоўкі». Міністр транспарту і камунікацый Беларусі заяўляў, што шэраг расейскіх банкаў гатовы крэдытаваць пабудову беларускага порта. Акрамя гэтых слоў публічна пра дасягнутыя дамоўленасці не паведамлялася.
Пакуль жа порт «Бронка» у Санкт-Пецярбургу, які Менск разлічваў выкупіць ужо сёлета, прадалі маскоўскай кампаніі ТАА «НКК-Лагістык». 10 траўня стала вядома, што ўгода завершаная.
Па інфармацыі пецярбургскага выдання «Фантанка», з'явілася гэтая кампанія паўтара гады таму, яе сайт не працуе, на тэлефанаванне журналістаў выдання ніхто не адказаў. Публічных згадак яе ўладальнікаў Аляксея Распопава і Наталлі Марозавай журналісты «Фантанкі» не знайшлі. Крыніца выдання лічыць, што, магчыма, праз нейкі час «НКК-Лагістык» перапрадасць порт іншаму ўласніку, які па нейкіх прычынах не мог купіць яго наўпрост. Магчыма, беларусам, аднак пакуль нішто на гэта не ўказвае.
Рэзюмэ: факты VS аргументы Камітэту ААН
Сусветны скачок коштаў на калій і зерне сапраўды часткова быў звязаны з абмежаваннямі на экспарт беларускага калію. Але, па-першае, важную ролю на рынку ўгнаенняў і збожжа адыграла Расея. Па-другое, гэты скачок не выклікаў дэфіцыту харчавання і, што самае галоўнае, доўжыўся толькі з сакавіка па жнівень 2022 года, пасля чаго кошты апусціліся да ранейшага ўзроўню. Адбылося гэта таму, што заходнія вытворцы паскорылі адкрыццё некалькіх буйных шахтаў. Чакаецца, што пастаўкі калію з гэтых радовішчаў насыцяць рынак — гэта яшчэ мацней знізіць кошты ў доўгатэрміновай перспектыве.
Усё гэта супярэчыць аргументам Камітэту ААН аб неабходнасці зняць санкцыі з «Беларуськалія» для выратавання галадоўнікаў у Афрыцы. Яшчэ больш аслабляе пазіцыю КЭСКП магчымы ўдзел і ўплыў на яго Станісловаса Томаса.