Кантэкст: У Беларусі 2026 год абвясцілі Годам беларускай жанчыны. Ва ўказе гаворыцца, што такое рашэнне скіраванае на «фармаванне нацыянальнага вобразу жанчыны-працаўніцы» і «папулярызацыю ролі кабет у захаванні і развіцці грамадства».
Кіраўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская, разважаючы пра Год беларускай жанчыны ў перадачы «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 8 студзеня 2026 года, заявіла, што гендарная роўнасць у аплаце працы мужчынаў і кабет у Беларусі ўжо дасягнутая і што ўсім плацяць у залежнасці ад узроўню кампетэнцыі. Таксама, па яе словах, кабеты маюць усе магчымасці сябе рэалізаваць, але часта робяць выбар на карысць сямʼі і дзяцей — і трэба іх падштурхоўваць да гэтага яшчэ больш.
У эфіры Шпілеўская асобна падкрэсліла, што жанчынам, па яе думцы, ніхто не замінае займаць кіроўныя пасады, але потым звязала тэму кіраўніцкай працы з сямейнай роляй кабет:
«Хоча яна быць дырэктарам прадпрыемства, ніхто ніколі не будзе ёй палкі ў колы ставіць. Адзінае, што вы чуеце, што кажа кіраўнік дзяржавы, што кабет трэба шкадаваць у гэтым плане. Працаваць сёння кіраўніком прадпрыемства можа не кожная жанчына. Таму што, вядома, асноўнае заданне кабеты — гэта сямʼя, гэта дзеці, гэта мужыкі».
Збольшага тэза Шпілеўскай пра тое, што ўсім плацяць у залежнасці ад узроўню кампетэнцыі, пацвярджае статыстыка: калі параўноўваць мужчынаў і кабет з падобным узроўнем адукацыі, стажам, у адной сферы дзейнасці і на падобных пасадах, розніца ў аплаце паміж імі мінімальная. Пры гэтым дадзеныя паказваюць, што ў эліце кіравання жанчын менш. Апошнія два дзесяцігоддзі амаль штодругую высокую і сярэднюю кіроўныя пасады ў Беларусі займаюць кабеты, але ў эліце кіравання іх мала. Прыкладам, сярод кіраўнікоў дзяржаўных органаў, падначаленых ураду, доля жанчын вагаецца на ўзроўні 3-7% і не расце.
Затое расце гендарны разрыў у заработнай плаце паміж мужчынамі і кабетамі ў цэлым па краіне, без уліку розніцы кампетэнцыяў і ўзроўню адукацыі. Мужчыны ў сярэднім па краіне зарабляюць на чвэрць больш за кабет. Для параўнання: горшы паказнік сярод краін ЕЗ — гэта 19%, у Латвіі. Але ў Еўразвязе зваротная тэндэнцыя — разрыў з кожным годам зніжаецца.
Гэта паказвае размеркаванне кабет і мужчынаў па сферах і пасадах: жанчыны традыцыйна часцей заняты ў галінах і на пазіцыях, дзе плацяць менш, а там, дзе больш улады і грошай, часцей апынаюцца мужчыны.
Паводле дадзеных гендарнай статыстыкі Белстату, наяўнасць дзяцей можа негатыўна ўплываць на карʼеру і заробак кабет: розніца ў прыбытках паміж мужчынамі і жанчынамі пачынае расці прыкладна з 25 гадоў і зніжаецца бліжэй да 50 гадоў. Тамсама адзначаецца, што ўзрост разрыву заўважны і сярод працаўнікоў з вышэйшай адукацыяй: за дзесяць гадоў ён павялічыўся прыкладна з 20% да 30%, а асабліва заўважна гэта выяўляецца на кіроўных і сярэдніх пасадах.
Кабеты губляюць пазіцыі і ў гандлі: калі раней зарплаты ў гэтай сферы былі на іх карысць, то за апошнія дзесяць гадоў сітуацыя змянілася, і разрыў зрушыўся на карысць мужчынам. Пры гэтым у асобных прафесіях і галінах разрыў скарачаецца. У гендарнай статыстыцы Белстату адзначаецца, што мужчыны і кабеты зблізіліся па ўзроўні аплаты працы, прыкладам, на такіх працах, як працоўныя ў будаванні і прамысловасці, машыністы ці аператары. У сельскай гаспадарцы жанчыны, наадварот, у шэрагу выпадкаў нават выйшлі наперад.
Такім чынам, пры супастаўных пасадах і ўмовах мужчыны і кабеты сапраўды могуць атрымліваць амаль аднолькава, аднак у цэлым па краіне кабеты ўсе больш саступаюць мужчынам у зарплатах. Пры гэтым у краінах Еўропы тэндэнцыя процілеглая: там гендарны разрыў з часам зніжаецца.