«Усё больш інфляцыя паскараецца ў Польшчы. У чэрвені яна наблізілася да 16%. Хаця, па прагнозах аналітыкаў такіх значэнняў паказнік павінен быў дасягнуць толькі ў жніўні. Страх галоднай зімы гоніць палякаў за пакупкамі ў Беларусь. Вялізныя чэргі на выезд у нашу краіну назіраюцца з пятніцы. Відавочцы пішуць, што жыхары суседняй дзяржавы гатовы праводзіць у дарозе некалькі сутак, каб купіць беларускія прадукты. Нагадаем, што з 1 ліпеня Беларусь увяла бязвізавы рэжым для польскіх грамадзян, чым актыўна і карыстаюцца нашыя суседзі».
Пагранкамітэт якраз падвёў вынікі першага месяца дзеяння бязвізу для грамадзян Польшчы. За ліпень Беларусь наведалі 2224 палякі. У сярэднім атрымліваецца па 75 чалавек за суткі. Паміж Беларуссю і Польшчай зараз працуюць два пагранпераходы. Значыць, праз кожны, груба кажучы, штодзень праязджае 35-40 палякаў.
Цікава, што прапускная здольнасць пункта пропуску «Бераставіца» складае 900 легкавых аўтамабіляў, пункта пропуску «Брэст» – 1700 легкавых аўтамабіляў у суткі ў адным напрамку. Гэта значыць, 2600 аўтамабіляў, якія ўязджаюць, два пагранпераходы могуць абслужыць без праблем. І тыя самыя 75 палякаў не павінны былі стварыць там такія сур'ёзныя чэргі, пра якія расказвае СТВ.
Таксама мы параўналі цікавасць да беларускага бязвізу з боку палякаў і жыхароў Літвы і Латвіі. Для прыбалтаў ён пачаў працаваць яшчэ 15 красавіка. І тады за першы месяц бязвізу Беларусь наведалі ажно 22,5 тысячы літоўцаў – то бок у 10 разоў больш, чым палякаў. І амаль 13 тысяч жыхароў Латвіі – гэта значыць у 6 разоў больш, чым палякаў.