Антыфэйк / фактчэк

22 красавіка

«Менская праўда»: Беларусь займае першае месца ў рэйтынгу тэрарыстычнай бяспекі. Праверылі, якое насамрэч

Як мінімум у 64 краінах не было тэрарыстычных інцыдэнтаў апошнія пяць гадоў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.04.2025
Беларусь — на першым месцы ў сусветным рэйтынгу тэрарыстычнай бяспекі, заявіла вядоўца ютуб-канала «Менскай праўды» Марына Субота. Каманда Weekly Top Fake праверыла, на колькі пазіцый яна памылілася.

З Польшчы ў Беларусь у мікрааўтобусе спрабавалі завезці 580 кг асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці, расказала напачатку красавіка прэс-служба Берасцейскай мытні. Выбухоўку нібыта схавалі пад ашалёўкай падлогі і сценкі аўтамабіля. Гэты груз меркавана ішоў у Расею. Уладзімір Пуцін падзякаваў беларускім мытнікам і асабіста Аляксандру Лукашэнку за затрыманне небяспечнага грузу. Расказваючы пра гэты выпадак 11 красавіка 2025 года на ютуб-канале «Палітыка. Менская праўда», вядоўца Марына Субота заявіла, што падвышаныя меры бяспекі апраўданыя нават у такой бяспечнай краіне як Беларусь. 

«Увогуле, усе гэтыя захады засцярогі, якія падаюцца надмернымі, людзей не-не дый раздражняюць. Але нават у спакойным Менску, сталіцы дзяржавы, што займае першае месца ў рэйтынгу тэрарыстычнай бяспекі, у апошнія гады з куды большым разуменнем ставяцца і да рамак металадэтэктараў на масавых імпрэзах, і да даглядаў у метро, прыкладам», — адзначыла вядоўца.

Каманда WTF зазірнула ў Глабальны індэкс тэрарызму, які складае Інстытут эканомікі і міру на падставе дадзеных пра тэрарыстычныя інцыдэнты. У 2025 годзе самымі небяспечнымі краінамі прызналі Буркіна Фасо, Пакістан і Сірыю. Апошні радок рэйтынгу падзялілі паміж сабой 64 краіны — за апошнія пяць гадоў там не было тэрарыстычных інцыдэнтаў, то бок узровень тэрарызму нулявы. Беларусі сярод іх няма. Наша краіна размясцілася на 90 месцы з 100 разам з Азербайджанам, Ірландыяй і Узбекістанам, а значыць трапіла ў групу краін з вельмі нізкай пагрозай тэрарызму, але не нулявой. 

Беларусь — не лідар па тэрарыстычнай бяспецы нават сярод краін еўразійскага рэгіёну. Больш бяспечнымі лічацца Туркменістан, Малдова, Кыргызстан, Казахстан і Грузія. 

Пра тое, што ў Беларусі існуе небяспека тэрактаў, у 2024-м заявіў міністр МУС Іван Кубракоў. Паводле яго словаў, у 2023 годзе атрымалася запабегчы чатырох атак на аб'екты крытычнай інфраструктуры ў Беларусі і Расеі, якія заказалі ўкраінскія спецслужбы. А ў 2021 годзе запабеглі 11 тэрактаў. У той раз іх нібыта рыхтавалі спячыя ячэйкі аб’яднання «Рабочы рух». У спісе тэрарыстаў у Беларусі — пяць арганізацый.