Крытыка Украіны кінула цень на БелАЭС
Супрацоўнік беларускага тэлеканала Ігар Тур заявіў, што Ўкраіна не вывозіць ядзерныя адходы. Паводле слоў Тура, заўсёды і ўсе ядзерныя адходы звозяцца ў найбяднейшыя краіны, якія за грошы гатовы іх прымаць.
«Справа ў тым, што побач з электрастанцыяй у Запарожжы - сховішча ядзерных адходаў. Бо ўкраінцы не вывозяць і не вывозілі, як павінны былі, ядзерныя адходы са сваёй тэрыторыі. А ўвогуле гэта трэба было рабіць. Заўсёды ўсе ядзерныя адходы звозяцца ў найбяднейшыя краіны - самыя сумныя, жаласлівыя, якія за грошы гатовы прымаць у сябе гэтае смецце небяспечнае. І, Украіна, безумоўна, уваходзіць у іх лік».
У мінулым годзе Украіна, сапраўды, дабудавала сховішча недалёка ад Чарнобыльскай АЭС, куды планавалася звозіць адпрацаванае паліва з трох атамных электрастанцый Украіны - Ровенскай, Запарожскай і Паўднёва-Украінскай.
Аднак, куды ж да 2021-га года Украіна падзела свае ядзерныя адходы? Тур кажа, што ўсе вывозяць іх у нейкія "бяднейшыя і жаласлівыя краіны". І, напэўна, вельмі здзівіцца, калі даведаецца, што да таго, як ва Украіне адкрылі ўласнае сховішча адходаў, іх вывозілі нікуды інакш, як у… Расію.
Кабінет Міністраў Украіны вырашыў адмовіцца ад паслуг расейскіх прадпрыемстваў і растлумачыў гэта ў тым ліку эканоміяй сродкаў.
«Па разліковых дадзеных ГП НАЭК "Энергаатам", эксплуатацыя сховішча адпрацаванага ядзернага паліва "сухога" тыпу Запарожскай атамнай электрастанцыі дазваляе эканоміць каля 100 млн. даляраў ЗША штогод за кошт выключэння выдаткаў за паслугі расейскіх прадпрыемстваў па захоўванні і перапрацоўцы адпрацаванага ядзернага паліва шасці энергаблокаў названай станцыі. Увод у эксплуатацыю цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва айчынных атамных электрастанцый дазволіць павялічыць зберажэнні амаль на 200 млн. ЗША у год».
Расія ж захоўвае не толькі свае ядзерныя адходы, але і прымала іх з іншых краін. Напрыклад, вядома, што ў 2021-ым яна забірала ўранавыя адходы з Францыі.
Дарэчы, летась Сакратар Савета Бяспекі Расіі ў інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» заявіў наступнае:
«Адпрацаванае ж ядзернае паліва Расія захоўвае бяспечна для навакольнага асяроддзя на тэрыторыі сваёй краіны і гатова прымаць яго на захоўванне з іншых краін, дзе прызнаюць атамную генерацыю ў якасці найважнейшай крыніцы энергіі 21 стагоддзя».
А як ідуць справы ў Беларусі, дзе зараз таксама ёсць атамная станцыя? У 2021 годзе начальнік упраўлення рэгулявання радыяцыйнай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляду) Вікторыя Антонава расказала, што высокарадыёактыўныя адходы з Астравецкай АЭС будуць захоўвацца ў Беларусі.
«Захоўванне высокаактыўных адходаў прадугледжана на працягу ўсяго жыццёвага цыкла БелАЭС. Нізка- і сярэднеактыўныя адходы будуць захоўвацца на станцыі на працягу 10 гадоў, пасля чаго іх перамесцяць у спецыяльныя сховішчы, прызначаныя для іх пахавання.
Для адпрацаванага паліва ёсць спецыяльны басейн вытрымкі, у ім паліва будзе "плаваць" дзесяць гадоў, а затым накіроўвацца ў Расію - на перапрацоўку».
Такім чынам, словы аб тым, што ўсе краіны звозяць ядзерныя адыходы ў іншыя, найбяднейшыя - ці свядомая хлусня ці банальнае няведанне таго, што захоўваць іх у сваёй краіне - гэта нармальная сусветная практыка.