Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з выданнем «Вёрстка» (Расея) пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Забарона Еўразвязу на ўвоз у Расею тэхнікі і недасканаласць санкцыйнага заканадаўства дапамагаюць узбагачацца бізнесоўцу, якога называюць «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Шакуцін выкарыстоўвае нежаданне заходніх вытворцаў губляць даходы і расейскую праграму імпартазамяшчэння. Магчымасці, якія яна дае, значна павялічыліся праз ізаляцыю Расеі.
Заваёўваючы расейскі рынак пад дэвізам імпартазамяшчэння, беларускае прадпрыемства «Амкадор» выкарыстоўвае мноства імпартаваных дэталяў. Пра іх колькасць ускосна можа сведчыць аб'ява на сайце Гомельскай Гандлёва-прамысловай палаты за 2021 год. Там прыводзіцца пералік еўрапейскіх кампанентаў тэхнікі, якія прадпрыемства імкнецца замяніць праз санкцыі або рызыкоўныя ўмовы паставак. Усяго ў спісе фігуруюць 32 кампаненты: ад ключавых элементаў — харвестараў і рубільных модуляў, да такіх дэталяў, як колавыя дыскі, дысплэі і джойсцікі. На сайце «Амкадора» мы знайшлі інфармацыю пра выкарыстанне ў зборцы еўрапейскіх, амерыканскіх і японскіх дэталяў, у тым ліку тых, якія трапілі пад санкцыі.
Пад санкцыямі знаходзіцца і сам Шакуцін, вядомы нефармальнымі сувязямі з Лукашэнкам: яны разам збіралі бульбу, лёталі ў камандзіроўкі і вясельнае падарожжа бізнесоўца, наведвалі цешчу нязменнага кіраўніка Беларусі. Ён падтрымаў Лукашэнку на выбарах 2020 года і ўзяў удзел у яго таемнай інаўгурацыі. У чорным спісе ЕЗ бізнесовец значыцца як прадпрымальнік і кіраўнік кампаній «Амкадор», UAB EM System, Anulatrans SIA, «Амкадор-цэнтр», «Іскамед», «ПМІ Інжынірынг» і SV Maschinen GmbH. У першай частцы расследавання мы засяродзімся на дзейнасці «Амкадора», у другой — раскажам пра SV Maschinen GmbH.
Спецыяльная гандлёвая аперацыя
Ліпень 2023-га, Екацярынбург, Расея. 13-я Міжнародная прамысловая выстава «Інапрам». Старшыня рады дырэктараў ААТ «”Амкадор” — кіруючая кампанія холдынгу» Аляксандр Шакуцін заключае пагадненне аб стварэнні ў Падмаскоўі аптова-размеркавальнага сэрвіснага цэнтру запасных частак для дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Там жа ён падпісвае дамову аб супрацы з Башкартастанам, дзе «Амкадор» будуе завод, а таксама кажа пра дасягненні за 2022 год і амбіцыйныя планы на 2023-ы:
«Па выніках мінулага года мы занялі каля 10% рынку Расеі і Беларусі, у бягучым годзе наша задача павялічыць долю да 50%».
У расейскіх рэгіёнах на момант публікацыі працуюць або будуюцца пяць заводаў «Амкадор». На прадпрыемстве «Амкадор-Бранск» вырабляюць дарожна-будаўнічую, камунальную, сельскагаспадарчую тэхніку. На «Амкадор-Анега» у Петразаводску (Карэлія) — лесанарыхтоўчыя камбайны (харвестары) і машыны для пагрузкі і транспартавання лесу (форвардары). Ва Уфе (Башкартастан) заканчваецца будаўніцтва заводу сельгасабсталявання для апрацоўкі збожжа «Амкадор-Агідэль». У 40 км ад Санкт-Пецярбургу будуецца завод «Эксам» па вытворчасці камунальнай і сельгастэхнікі. У Ліпецку ствараецца машынабудаўнічы кластар «Амкадор‐ЛТЗ» са спецыялізацыяй на выпуску трактароў.
Дырэктары гэтых заводаў, акрамя Бранскага, — беларусы. «Амкадор-Агідэль» узначальвае былы памочнік Лукашэнкі ў Менску і да 2019 года кіраўнік Менскага трактарнага заводу Фёдар Дамаценка. [*][*] «Эксам» узначальвае былы супрацоўнік аддзялення беларускай амбасады ў Санкт-Пецярбургу Ігар Заламай. [*][*]
Усе гэтыя прадпрыемствы атрымліваюць дзяржпадтрымку ў Расеі: працуюць на ільготных умовах крэдытавання або атрымання зямлі, уваходзяць у асаблівыя эканамічныя зоны.
Падтрымліваюць холдынг і на радзіме. Напрыклад, у лістападзе 2022 года Менск і Масква падпісалі пагадненне аб выдзяленні Беларусі 105 млрд расейскіх рублёў (блізу €1,5 млрд) на імпартазамяшчальныя праекты на тэрыторыі краіны, сярод якіх — праекты «Амкадора».
Імпартаванае імпартазамяшчэнне
У 2018 годзе «Амкадор» набыў маёмасць Анежскага трактарнага заводу ў Петразаводску, які знаходзіўся ў працэдуры банкруцтва, і стварыў на яго базе кампанію «Амкадор-Анега». Завод можа ўвайсці ў першую ў Карэліі асаблівую эканамічную зону, стварэнне якой анансавалі ўлады рэгіёну, — гэта гарантуе прадпрыемству «гатовую інфраструктуру, створаную за кошт сродкаў рэгіянальнага і федэральнага бюджэтаў, падатковыя ільготы і магчымасць прымяняць мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны».
«Амкадор-Анега» збірае тэхніку з камплектуючых, частка якіх — дэталі заходніх вытворцаў. Расследавальнікі БРЦ высветлілі, што з 13 гатовых і прадстаўленых да продажу лесанарыхтоўчых машын у 12 выкарыстоўваюцца імпартныя кампаненты. Вытворца большасці ключавых элементаў — фінская Kesla.
Маніпулятары фінскага вытворцы сустракаюцца на форвардарах Амкадор 2262 Е, 2682 (Kesla 700/700т), Амкадор 2631 (Kesla 304), на цягачах тралявальных Амкадор 2243 (Kesla 700RT).
У харвестарах стаяць маніпулятары Kesla 671H (Амкадор 2531), Kesla 1395H (Амкадоры 2541 і 2551), Kesla 600 (Амкадор 2561). Гэтая ж мадэль маніпулятара ўсталяваная і на асобных відах форвардараў (Амкадоры 2641, 2661-01, 2662), а таксама на рубільнай машыне Амкадор 2904 (тут выкарыстоўваецца яшчэ адзін элемент фінскай вытворчасці — рубільны модуль Kesla C645).
У студзені 2021-га кампанія заявіла, што прыпыняе пастаўкі беларускаму холдынгу «Амкадор» пасля ўвядзення супраць Шакуціна санкцый Еўразвяза, як асобы, якая атрымлівае выгаду ад супрацы з адміністрацыяй Лукашэнкі (само прадпрыемства не папала пад санкцыі). Але ўжо праз чатыры месяцы, у траўні таго ж года, пасля кансультацый з «экспертамі, знаёмымі з санкцыйным заканадаўствам, а таксама Міністэрствам замежных спраў» Kesla абвясціла аб пачатку паставак на «Амкадор-Анега» ў Петразаводску. У гэты час адна палова прадпрыемства належала беларускаму ААТ «"Амкадор" — кіруючая кампанія холдынгу», другая — фірме «Амкадор-Бел», уладальнікам якой з'яўляецца сын Шакуціна, таксама Аляксандр. [*][*][*][*][*]
Да сакавіка 2021 года «Амкадор-Бел» валодалі напалову Шакуціны малодшы і старэйшы, змена схемы ўласнасці дазволіла абысці еўрапейскія санкцыі і захаваць Kesla у якасці пастаўшчыка. [*]
Заказаў менш — продажаў больш
Праз дзень пасля ўварвання ва Украіну, 25 лютага 2022 года, генеральны дырэктар Kesla Сіма Саастамойнен заявіў, што кампанія адмяняе пастаўкі на «Амкадор-Анега» на агульную суму €10 млн. Пазней прадаваць краіне-агрэсару некаторыя дэталі фінскага вытворцы стала нельга праз абмежаванні ЕЗ. Тэрмін выканання апошняга дасанкцыйнага кантракту скончыўся ў сакавіку 2023-га — праз год пасля пачатку вайны. Аднак на момант публікацыі «Амкадор-Анега» усё яшчэ прапануе новую тэхніку з фінскімі дэталямі, у тым ліку забароненымі для ўвозу ў Расею.
У харвестарах Амкадор 2541, Амкадор 2551, Амкадор 2561, Амкадор 2531 выкарыстоўваюцца маніпулятары і харвестарныя галоўкі Kesla.
«Амкадор-Анега» таксама вырабляе шэсць форвардараў, цягач тралявальны 2243 і машыну рубільную, абсталяваныя маніпулятарамі гэтага вытворцы.
Некаторыя з іх на «Амкадор-Анега» спрабуюць скапіяваць: у красавіку 2023-га вырабілі першы ўзор маніпулятара (прылада для ўздыму і пераносу цяжкавагавых грузаў) для харвестараў, які з'яўляецца поўным аналагам Kesla.
Вывучыўшы фінансавую справаздачнасць фінскага вытворцы, БРЦ высветліў, што пасля адмены паставак агульная колькасць заказаў за год зменшылася амаль на адну траціну, але на продажы гэта не паўплывала — яны нават выраслі.
Згодна з мытнымі таварнымі накладнымі за 2023 год, якія БРЦ змог вывучыць дзякуючы калегам з выдання «Вёрстка», пастаўкі Kesla у Расею ажыццяўляліся праз кампаніі, зарэгістраваныя ў Турцыі, Польшчы, Эстоніі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Асноўнымі пастаўшчыкамі з'яўляліся польская кампанія Bilax Sp. z o. o., якая мае беларускага бенефіцыяра, і эмірацкая Dakira General Trading Fzc. Частка тавараў, якія пастаўляюцца, падпадае пад санкцыі, якія абмяжоўваюць іх увоз у Расею. Доказаў, што ў Kesla ведалі пра закуп прадукцыі гэтымі кампаніямі дзеля далейшага перапродажу ў Расею, у нас няма.
Каб даведацца, ці можна цяпер замовіць тэхніку з санкцыйнымі дэталямі, мы звярнуліся непасрэдна ў «Амкадор-Анега», а таксама да дыстрыбутара прадпрыемства на Урале. Менеджар Карэльскага офісу паведаміў, што на ўсю тэхніку са снежня мінулага года ставяцца маніпулятары толькі ўласнай вытворчасці. Затое прадстаўнік дыстрыбутара не толькі пагадзіўся прыняць заказ на некалькі харвестараў з фінскімі маніпулятарамі, але і гарантаваў сэрвіснае абслугоўванне на працягу двух гадоў пасля куплі, у тым ліку з заменай імпартаваных кампанентаў. У камерцыйнай прапанове, якую нам выслаў дылер, таксама гаворыцца, што яны гатовыя вырабіць тэхніку з санкцыйнымі маніпулятарамі Kesla. [*][*][*][*][*]
На наш запыт з просьбай пракаментаваць наяўнасць на тэхніцы «Амкадор» у Беларусі і Расеі забароненых дэталяў вытворчасці Kesla афіцыйнае прадстаўніцтва кампаніі паведаміла, што ведала пра санкцыі, уведзеныя ў 2020 годзе супраць Шакуціна, і ў адпаведнасці з санкцыйнай палітыкай ЕЗ спыніла супрацу са звязанымі з ім кампаніямі. Таксама ў адказе гаворыцца, што Kesla спыніла дзейнасць са студзеня 2021 года ў Беларусі і з лютага 2022 года ў Расеі, і з таго часу не прымала заказаў і не дастаўляла тавары ў гэтыя краіны, у тым ліку запчасткі, а таксама не аказвала пасляпродажную падтрымку. [*][*]
У БРЦ няма доказаў таго, што Kesla была дасведчаная аб тым, што «Амкадор» быў канчатковым пакупніком яе прадукцыі пасля ўвядзення санкцый.
Аляксандр Шакуцін у тэлефонным каментары БРЦ заявіў, што ўсе дэталі «Амкадор» «робіць самастойна»:
«["Амкадор"] стаў трэцім вытворцам тандэмных мастоў у свеце пасля кампаніі Dana (Злучаныя Штаты Амерыкі) і кампаніі NAF. Мы вырабляем самастойна тандэмныя масты. Прадукцыю, якую па Kesla... усе маніпулятары — гэта 12 адменнікаў маніпулятараў, мы вырабляем на ўласных заводах. Мы не маем патрэбы ні ў якой Kesla. Мы пачалі вытворчасць харвестарных галовак самастойна, і яна праходзіць выпрабаванне. Таму мы не маем патрэбу больш у прадукцыі ні Kesla, ні кампаніі NAF (Нямеччына), ні Злучаных Штатаў Амерыкі. Мы сёння самастойныя, незалежныя ні ад каго, ні ад адной кампаніі ў свеце. Усё».
Пасля гэтай размовы аферта на сайце беларускага прадпрыемства змянілася: да маніпулятара і харвестарнай галоўкі Kesla на адной з машын дадалі беларускі варыянт, прыбралі магчымасць замовы італьянскага рухавіка на аўтапагрузнік відэлечны.
Сямейны падрад па абыходзе санкцый
Яшчэ адзін санкцыйны тавар, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці тэхнікі «Амкадор», — рухавікі. Еўразвяз забараніў іх экспарт у Беларусь у чэрвені 2022-га, а ў Расею — у сакавіку 2023 года. Вялікая Брытанія далучылася да эмбарга ЕЗ у дачыненні да Расеі. Аднак расследавальнікі БРЦ знайшлі ў прадукцыі «Амкадора» рухавікі нямецкай Deutz, брытанскай Perkins і італьянскай Iveco (у апошні тыдзень жніўня з каталога выдалілі пазіцыю з італьянскім рухавіком і дадалі замест яе аўтапагрузнік з кітайскім), а таксама забароненыя да паставак маніпулятары славенскай фірмы Tajfun Liv.
У землявозах Амкадор 20232 выкарыстоўваюцца рухавікі TCD2013L064V нямецкай фірмы Deutz, у бульдозерах гусенічных Амкадор DC 200 — рухавікі TCD2012L062V гэтай жа фірмы.
Італьянскія рухавікі ўсталёўваюць на аўтапагрузнікі вілачныя Амкадор D35. Брытанскія рухавікі сустракаюцца на трактарах колавых Амкадор 5350АG/5450АG і фарвардарах Амкадор 2662Е. Маніпулятары славенскай фірмы Tajfun Liv выкарыстоўваюцца ў трелявальным цягачы Амкадор 2243.
Пашыраючыся на расейскі рынак, «Амкадор» не толькі займае нішу, якая вызвалілася пасля сыходу замежных кампаній з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але і паспяхова пры гэтым абыходзіць заходнія абмежаванні. А яго ўладальнік, бізнесовец з санкцыйнага спісу, нарошчвае прыбытак дзякуючы эмбарга, накладзенаму на Расею.
У гэты працэс уцягнутая і яго сям'я. Жонцы Аляксандра Шакуціна Марыі належыць 10% кампаніі «Амкадор-Цэнтр». [*][*][*] У 2022 годзе яна зарабіла €485 тыс. Палова гэтай сумы прыпадае на дзяржкантракты. [*][*] «Амкадор-Бел» Шакуціна-малодшага, зарэгістраванае ў Татарстане, прынесла ў мінулым годзе больш за €200 тыс. чыстага прыбытку. [*]
БРЦ адправіў запыты кампаніям Tajfun Liv, Perkins, Iveco і Deutz з просьбай пракаментаваць сітуацыю. На момант публікацыі мы атрымалі адказы двух вытворцаў: Iveco Group паведаміла, што правярае наш запыт, Tajfun Liv заявіла, што строга выконвае нацыянальныя нарматыўныя акты і нормы ЕЗ, не вядзе бізнес з асобамі, уключанымі ў санкцыйны спіс ЕЗ, не імпартуе і ніколі не экспартавала якія-небудзь прадукты ці кампаненты, якія падпадаюць пад абмежаванні. [*][*]
Доказаў таго, што гэтыя кампаніі прадавалі свае тавары наўпрост «Амкадору» пасля ўвядзення санкцый, у нас няма.
Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.