Эйналава сцвярджае, што Котаў пазычыў у яе €5000. Мы не можам пацвердзіць наяўнасць пазыкі, аднак маем дадзеныя, якія паказваюць на магчымае атрыманне ім грошай незадоўга да паездкі ў Турцыю. 13 жніўня 2025 года — прыкладна за тыдзень да вылету — Котаў звярнуўся да знаёмага бізнесоўцы з ААЭ з незвычайнай просьбай. Ён папрасіў даць дадзеныя эмірацкай банкаўскай карты, патлумачыўшы, што нейкі чалавек унясе наяўныя праз банкамат у Дубаі, а пасля залічэння сродкаў грошы трэба будзе пераслаць яму. Хто менавіта папоўніў рахунак, нам невядома. Аднак нельга выключаць, што гэта магла быць Эйналава: у сваіх сацыяльных сетках яна пакінула водгук аб тым жа аддзяленні банку, дзе былі ўнесеныя наяўныя. [*]
Напярэдадні паездкі Котаў распавядаў сябрам, што выдаткі на важную сустрэчу ў Турцыі пакрые прымаючы бок.
Што менавіта звязвала Котава і Эйналаву, да канца не зразумела. Мы ведаем, што Котаў неаднаразова спрабаваў знайсці сябе ў бізнесе, хоць адзін з ягоных партнёраў сцвярджае, што ў выніку страціў усе свае ашчаджэнні. Пасля паездкі ў Дубай летам 2023 года Котаў пачаў распавядаць знаёмым пра сувязі з уплывовымі людзьмі ў ААЭ. Аднаму з сяброў ён казаў, што яму прапанавалі стаць дарадцам прынца. Менавіта пасля гэтай паездкі мы фіксуем ягонае знаёмства з Эйналавай. Хоць яна валодае расейскай мовай, перапіску яны вялі на ангельскай. У адным з паведамленняў Эйналава распавядае Котаву, што ягоным праектам зацікавіўся азербайджанскі магнат Анар Мамедаў.
У той жа перыяд Котаў абмяркоўваў з менскім IT-бізнесоўцам іншы патэнцыйны праект. Той распавядаў яму пра расейцаў, якія плануюць выводзіць у ААЭ і Бахрэйн прыбыткі ад азартных гульняў. Іх перапіска працягвалася як мінімум да канца 2024 года. Апроч таго, вядома, што ў красавіку 2025 года Котаў зноў прылятаў у Дубай. Пасля сустрэчы з адным са сваіх знаёмых ён адправіўся яшчэ на адну, але не паведаміў, з кім менавіта. Не выключана, што з кімсьці з будучых пасажыраў яхты Shells, на якой яго пасля даставілі ў рукі супрацоўнікаў ФСБ.
Адно судна, дзве назвы, ікс уладальнікаў
На момант аперацыі яхта Shells належала брытанскай кампаніі MGA Yachting LTD. [*] Яе бенефіцыярным уладальнікам да 2022 года быў грамадзянін Турцыі Тайгар Едыгёз (Yedigöz Toygar). [*] Як мінімум у 2023-м ён уваходзіў у раду дырэктараў турэцкай Fix Defence Defense Industry Inc., якая працуе для ВПК. [*] Гэтая кампанія распрацоўвала бронекамізэлькі і беспілотнікі — гэтак жа, як і беларуская «БТС Глобал».
Мы знайшлі яшчэ некалькі сувязяў судна з турэцкім вытворцам зброі. Адзін з капітанаў яхты Shells пазначыў у LinkedIn месцам працы менавіта Fix Defence. Таксама і з кампаніяй, і з яхтай звязаныя муж і жонка Хейдаравы: муж Эмін уваходзіў у раду дырэктараў Fix Defence, да жонкі Сабіны ў 2022-м перайшло валоданне MGA Yachting, на якую падчас правядзення аперацыі была аформленая яхта Shells. [*] Таксама Эмін Хейдараў (азербайджанец, як і Кахіра Эйналава) неаднаразова лётаў у Беларусь. Мы датэлефанаваліся да яго: бізнесовец адмовіўся абмяркоўваць сутнасць справы і не выказаў цікавасці да знікнення Котава. Сабіна Хейдарава, пачуўшы нашыя пытанні, кінула слухаўку.
Праз паўгода пасля знікнення Анатоля Котава яхту прадалі кампаніі, зарэгістраванай на Маршалавых выспах, якая не раскрывае сваіх канчатковых уладальнікаў. Крыніца з кола яхтавых брокераў паведаміла БРЦ, што ранейшы ўласнік прадаў судна свайму сябру. Мы можам выказаць здагадку, каму менавіта.
Пасля продажу лодку перайменавалі. Новая назва — YS Legacy. [*] У сакавіку 2026-га заяву на рэгістрацыю аднайменнага таварнага знака падала беларуская кампанія «БТС Глобал». [*] Лацінскія літары YS у назве яхты і беларускага брэнду супадаюць з ініцыяламі ў пашпарце Юрыя Серых. Сувязь з Серых прасочваецца і ў карпаратыўных дакументах: кампанія Legacy Properties Ltd, якая ў лютым 2019 года перадала яму права ўласнасці на адзін з актываў, была зарэгістраваная на Маршалавых выспах па тым жа адрасе, што і новыя ўладальнікі яхты YS Legacy (у мінулым — Shells). [*]
Следства нават не пачыналася
Падчас расследавання нам удалося высветліць, што да знікнення Анатоля Котава так ці іначай датычныя чатыры чалавекі: беларус Юрый Пузікаў, расейцы Юрый Галаванаў і Пётр Грыб, грамадзянка Іярданіі Кахіра Эйналава. Яны дапамаглі арганізаваць і ўзялі ўдзел у паездцы, падчас якой беларускага палітыка захапілі супрацоўнікі ФСБ. Пры гэтым афіцыйна — у адказах на запыты — пенітэнцыярныя і праваахоўныя органы Расеі і Беларусі сцвярджаюць, што яго не затрымлівалі і што ён не знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.
Мы таксама звярнуліся па каментары да фігурантаў расследавання і іншых згаданых у артыкуле асобаў і кампаніяў. Кахіра Эйналава заявіла, што не зразумела нашых пытанняў, і прыгразіла прыняць прававыя захады, калі мы працягнем яе турбаваць. Юрый Галаванаў прачытаў паведамленне журналіста ў Telegram, але не адказаў. Іншых адказаў на момант публікацыі мы не атрымалі.
Большасць фігурантаў гэтага расследавання так ці іначай звязаныя з сеткай гандлю зброяй, падкантрольнай беларускаму ветэрану спецслужбаў Юрыю Серых.
У верасні 2025 года польская пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце пазбаўлення Котава волі. Наколькі нам вядома, цягам дзесяці месяцаў пасля ягонага знікнення польская паліцыя і спецслужбы не вялі актыўных дзеянняў — не дапыталі нікога са сваякоў ці знаёмых зніклага апазіцыянера, па месцы жыхарства і працы не праводзіўся агляд ягоных рэчаў і электронных прыладаў. Польская нацыянальная пракуратура адказала нам, што не расследуе знікненне Котава. Пры гэтым падставы для гэтага ёсць, кажа ў каментары БРЦ юрыст Алесь Міхалевіч:
«Тое, што ён не грамадзянін Польшчы, які знік на тэрыторыі трэцяй краіны, абсалютна спакойна пераадольваецца тым, што злачынства, звязанае з ягоным знікненнем, пачалося на тэрыторыі Польшчы, ... што гэта злачынства звязана з катаваннямі. <...> Мы сабе ўяўляем, што ён ехаў, выязджаў з Турцыі ў трохі бесчалавечных умовах».
18 чэрвеня 2026 года, у дзень выхаду гэтага расследавання, Анатолю Котаву спаўняецца 46 гадоў. Ягоныя блізкія і сябры дагэтуль не ведаюць, ці жывы ён і, калі так, дзе знаходзіцца.