Дадзеныя аб кліентах буйнога швейцарскага банка Credit Suisse атрымала нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung. Гэтым злівам яно падзялілася з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, чальцом якога з'яўляецца БРЦ. Ва ўцечцы мы знайшлі больш за 120 беларусаў, якія адкрывалі рахункі ў Credit Suisse.
Падчас гэтага расследавання з дапамогай КіберПартызанаў мы праверылі беларускіх кліентаў Credit Suisse з высокім узроўнем рызыкі: звязаных з палітыкай ці асуджаных за злачынствы. З агульнага спісу мы выбралі трох чалавек, якія маглі выкарыстоўваць сакрэтнасць швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў.
Адзін з герояў гэтага расследавання – былы дэпутат, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на яго швейцарскім рахунку. Другі – бізнесмен, які двойчы трапляў за краты, прычым у розных краінах. Трэці – блізкі да беларускіх уладаў бізнесмен, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.
Усе яны маглі скарыстацца сакрэтнасцю швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў. Часам банкі недастаткова строга правяраюць сваіх кліентаў. Былыя і дзейныя супрацоўнікі Credit Suisse у гутарцы з журналістамі OCCRP тлумачылі гэта карпаратыўнай культурай, якая заахвочвае рызыку дзеля павышэння прыбытку.
Ганаровая пенсія
Апошні дзень лета 2008 гада. У чаргу на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць аўтамабіль Аўдзі. За рулём – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Калугін.
Сваю трэцюю кадэнцыю ён заканчвае ў статусе ветэрана працы і ганаровага грамадзяніна Салігорска. Гэтыя рэгаліі Калугін атрымаў за працу на «Беларуськаліі». Пачаўшы свой шлях на прадпрыемстве звычайным слесарам, ён даслужыўся да гендырэктара і займаў гэтую пасаду амаль дзесяць гадоў – з 1992 па 2001 гады.
Ужо на наступны дзень пасля перасячэння мяжы Калугін адкрывае рахунак у швейцарскім банку Credit Suisse для неназванай фірмы. На той момант ён афіцыйна не працаваў у ніводнай кампаніі ў Беларусі – толькі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Праз год і сем месяцаў на гэтым рахунку з'явяцца амаль $1,3 млн.
З дапамогай КіберПартызанаў мы высветлілі, што прыбытак Калугіна за сем гадоў – з 2003 па 2009 – склаў каля $87 тысячаў. Гэта ў 15 разоў менш, чым сума на ягоным швейцарскім рахунку.
Па тлумачэнні мы звярнуліся наўпрост да Пятра Калугіна, але ў тэлефоннай размове выразна пракаментаваць нашыя пытанні ён не змог. Адказы мы пачалі шукаць самі, у ягонай біяграфіі.
Сёння Пятру Калугіну 81 год. Нарадзіўся ён у Расеі, вучыўся ў Ленінградскім горным інстытуце, а ў Беларусь прыехаў у 1966 годзе. Тут ён пачаў працаваць на «Беларуськаліі», дайшоўшы да вяршыні кар'ернай лесвіцы ў 1992 годзе. Калугін прызнаваў, што аб'ёмы вытворчасці пры ім упалі больш як у два разы. Затое якасць прадукцыі ацанілі за мяжой і прадпрыемства выйшла на міжнародныя рынкі.
Таксама пад кіраваннем Калугіна крыху змянілася структура «Беларуськалія». У 2000 годзе ад яго аддзялілася падраздзяленне «Шахтспецбуд». Яшчэ з савецкіх часоў яно займалася пракладкай шахтаў, у якіх потым працавалі непасрэдныя супрацоўнікі «Беларуськалія». Нашая крыніца ў галіне сцвярджае, што адным з ключавых уладальнікаў ужо прыватнага прадпрыемства «Шахтспецбуд» стаў яго дырэктар Валерый Старцаў, а Калугін актыўна падтрымаў гэтую прыватызацыю. У наступным годзе Калугін сышоў з «Беларуськалія» і засяродзіўся на дэпутацкай кар'еры.
Увосень 2008 года, праз пару месяцаў пасля адкрыцця рахунку ў Credit Suisse, скончылася кадэнцыя Калугіна ў Палаце прадстаўнікоў. Ужо ў 2009 годзе ён пачаў працаваць у «Шахтспецбуд» – у свайго былога падрадчыка, якому ён дапамог стаць прыватнікам. Прычым прызначэнне Калугіна адбылося напярэдадні вялікага праекта.
У студзені 2010 года Беларусь дамовілася аб будаўніцтве ў Туркменістане Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната коштам каля $1 млрд. Генеральны падрадчык праекта, дзяржаўны «Белгархімпрам», узяў на субпадрад «Шахтспецбуд». Праз два месяцы на швейцарскім рахунку Калугіна з'явіліся тыя самыя $1,3 млн., якія, як мы ўжо высветлілі, у месцах афіцыйнага працаўладкавання ён зарабіць не мог.