Ганна — адзіная з сям'і Лукашэнка, хто ніколі не трапляў пад санкцыі

  • Гандлёвы Дом БелАЗ, дзяржаўны манапольны дылер жодзінскай тэхнікі ў Расеі, рэалізуе яе праз прыватныя кампаніі жонак сваіх менеджараў, звязаных з Ганнай Лукашэнка.
  • Прыбыткі гэтых кампаній параўнальныя з прыбыткам самога БелАЗа. З 2017 года іх уладальнікі выплацілі сабе каля 100 мільёнаў долараў дывідэндаў.
  • Некаторыя названыя дзяржменеджары і іх жонкі праводзяць раскошныя вакацыі з мужам і жонкай Дзмітрыем і Ганнай Лукашэнкамі і з'яўляюцца ў спісах запрошаных на іх сямейныя святы.
  • «Прэзідэнцкі спартовы клуб», якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка, — сузаснавальнік «ГД БелАЗ». Ганна Лукашэнка працавала ў гэтай расейскай кампаніі.
  • Нязменная спадарожніца Ганны Лукашэнкі ў вандроўках — яе сястра. Яна займае кіруючую пасаду ў маладой медыякампаніі, якая выпускае праграму для беларускага тэлебачання па дзяржзамове. Яе муж валодае некалькімі бізнесамі і ўзначальвае «Клуб тэнісу» спортклуба Дзмітрыя Лукашэнкі.
  • Ганна — адзіная з сям'і Лукашэнка, хто ніколі не трапляў пад санкцыі. Аднак у яе блізкае кола ўваходзяць людзі, на якіх накладзеныя міжнародныя абмежаванні. Іх звязвалі ў тым ліку працоўныя адносіны.
  • Толькі на святы і адпачынкі сям'я сярэдняга сына Лукашэнкі траціць у разы больш за свой афіцыйны даход.

Залаты самазвал

БРЦ высветліў, што як мінімум у 2018 і ў 2020 гадах Ганна Лукашэнка — жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя, — працавала ў «Гандлёвым доме БелАЗ».

0 / 2

* ДЭКЛАРАЦЫІ АБ ДАХОДАХ ПАДАДЗЕНЫЯ ЗА ПАПЯРЭДНІЯ ГАДЫ

Гэтая фірма прадае тэхніку жодзінскага канцэрна ў Расеі з дазволу галаўной кампаніі. Сярод заснавальнікаў «ГД БелАЗ» – беларускі «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка. 

Нататка: «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» — гэта дзяржаўная арганізацыя, якую з моманту заснавання ўзначальвае сярэдні сын Аляксандра Лукашэнка Дзмітрый. Яна, нягледзячы на назву, займаецца не толькі арганізацыяй спартовых мерапрыемстваў і заахвочваннем спартсменаў. У розныя гады клуб пад кіраўніцтвам  Дзмітрыя Лукашэнка займаўся арганізацыяй латарэй, будаўніцтвам і паліграфіяй. Але ўжо шмат гадоў галоўнай для арганізацыі камерцыйнай актыўнасцю з’яўляюцца пастаўкі на расейскі рынак БелАЗаў.

0 / 3

З 2007 года «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» валодаў трацінай гандлёвага дому, але да 2019 гэтая доля вырасла да 45%. Астатняя частка фірмы належыць галаўной кампаніі «БелАЗ», уласнікам якой з’яўляецца беларуская дзяржава. [*]

Самі БелАЗы карыстаюцца вялікім попытам у Расеі, але афіцыйны гандлёвы дом жорстка кантралюе іх збыт. У 2012 годзе ў расейскай антыманапольнай службы ўзніклі пытанні да такога рэгулявання гандлю. Выявілася, што «БелАЗ» рэкамендаваў купляць самазвалы толькі ў канкрэтных расейскіх фірмаў. У адваротным выпадку завод не гарантаваў іх пастаўку і сервіснае абслугоўванне. У выніку пакупнікі аказваліся абмежаваныя ў выбары дылера, а канкурэнцыя паміж імі зводзілася да мінімуму ў парушэнне антыманапольных законаў. [*]

Такі прынцып працы можа прывесці «БелАЗ» да стратаў: яго прадукцыя практычна цалкам арыентаваная на экспарт, а ад 50% да 90% самазвалаў сыходзяць якраз у Расею. Патэнцыйны штогадовы тавараабарот — сотні мільёнаў долараў, якія ў лік аплаты павінны вяртацца ў Беларусь. Але да 2015 года ў расейскіх партнёраў назбіралася запазычанасць перад беларускімі вытворцамі, у тым ліку па ўжо пастаўленых самазвалах.

Для вырашэння гэтага пытання па асабістым даручэнні Лукашэнкі ў Расею быў накіраваны тагачасны генпракурор Беларусі — Аляксандр Канюк. Па выніках яго праверкі было ўзбуджана некалькі крымінальных справаў, але аб пакаранні датычных да карупцыйных злачынстваў не паведамлялася, а схемы гандлю жодзінскай тэхнікай не змяніліся.

Дылераў у Расеі «БелАЗ» да гэтага часу выбірае праз гандлёвы дом, які амаль напалову належыць спартыўнаму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі і ў якім як мінімум два гады працавала яго жонка Ганна. Але гэта не адзіная сям'я, якая зарабляе на жодзінскай тэхніцы. Як высветліў БРЦ, дамовы аб пастаўках у Расею «ГД БелАЗ» заключыў з кампаніямі, уладальнікі якіх звязаныя з менеджментам дзяржаўнага дылера, а таксама блізкія з Ганнай і Дзмітрыем Лукашэнкамі.

Сяброўства па бізнесе або бізнес па сяброўстве?

Усяго на тэрыторыі Расеі ў «ГД БелАЗ» каля дзясятка партнёраў, але сапраўды прыбытковымі з'яўляюцца толькі некаторыя з іх. Найбольш паспяховая кампанія «Б-24», якая пачала займацца дылерствам БелАЗаў у 2015 годзе. Яе саўладальнікі — Аксана Тачкова і Алена Лагун. [*]

Аксану Тачкову ў расейскай прэсе называюць жонкай Канстанціна Макарава, дырэктара па прававых пытаннях «ГД БелАЗ». Сама яна працавала ў «ГД БелАЗ», і ў нас ёсць дадзеныя, якія пацвярджаюць атрыманне ёй даходу ад гэтай арганізацыі ў 2019 годзе. Алена Лагун — жонка Віктара Кулуева, былога кіраўніка рады дырэктараў таго ж гандлёвага дому. У распараджэнні БРЦ ёсць дадзеныя аб даходах Кулуева за 2020 год, дзе ўказана, што ён працуе ў «ГД БелАЗ». Агулам Кулуеў з жонкай валодаюць долямі як мінімум у чатырох кампаніях, якія займаюцца дыстрыбуцыяй і сэрвісным абслугоўваннем жодзінскай тэхнікі ў Расеі. [*] [*]

0 / 3

У 2020 годзе муж і жонка ўвайшлі ў топ-10 беларусаў, якія больш за ўсіх зарабілі ў Расеі. Чысты прыбытак іх кампаній з 2017 года — каля 176 мільёнаў долараў, што толькі ў два разы менш, чым чысты прыбытак самога «БелАЗа». Каля паловы гэтай сумы ўладальнікі выплацілі сабе ў якасці дывідэндаў. Акрамя таго, у 2018 годзе кампанія Алены Лагун і Аксаны Тачковай «Б-24» патрапіла ў топ-500 найбуйнейшых кампаній Расеі па выручцы.

Такія даходы дазваляюць Кулуеву і Лагун весці раскошны лад жыцця. Як высветліў БРЦ, кампанію ім часта складалі Дзмітрый і Ганна Лукашэнка. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы знайшлі ў чальцоў дзвюх сем'яў 11 сумесных пералётаў. Геаграфія іх вандровак была абмежаваная: у 2011 годзе з-за падаўлення паслявыбарных пратэстаў у Беларусі Дзмітрый Лукашэнка патрапіў пад еўрапейскія санкцыі. Кулуеў лятаць у ЕЗ працягнуў з жонкай Дзмітрыя — Ганнай Лукашэнка, якая мае два пашпарты: звычайны і дыпламатычны. У 2011 годзе яны разам наведалі Вену і Франкфурт. [*] [*]   

У 2013 годзе сем'і адправіліся ў падарожжа ўжо ў поўным складзе: Дзмітрый і Ганна Лукашэнкі з дзецьмі і Кулуеў з жонкай і дзіцём. 22 сакавіка яны на прыватным бізнес-джэце вылецелі з Менска ў Стамбул. [*]

Там Дзмітрый Лукашэнка адзначыў сваё 33-годдзе. У Турцыі кампанія правяла 9 дзён. [*] [*][*] [*] [*][*][*][*][*][*] [*]                                               

Усім сёстрам па завушніцах

У Стамбул на дзень народзінаў Дзмітрыя ў 2013 годзе лятала і яшчэ адна гераіня нашага расследавання — Таццяна Кулакова, сястра Ганны Лукашэнкі. 

Яна актыўная ўдзельніца праўладных аўтапрабегаў і намесніца кіраўніка прадзюсерскага цэнтра «Музычная медыякампанія».

Цяпер Таццяна ездзіць па дзяржаўных прадпрыемствах у пошуках талентаў для праграмы на АНТ «Зорны шлях». Яна наведала той жа «БелАЗ»,«Беларуськалій», «Гродна Азот», «МТЗ» і «МАЗ». Кастынгі праходзілі пад лозунгам «Стань зоркай без адрыву ад працы!»

Валодае «Музычнай медыякампаніяй» Палац Рэспублікі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і фірма «АНСЛ прадакшн».

0 / 2

Апошняя цалкам належыць Андрэю Урублеўскаму. 

0 / 2

Вядома, што ён быў дырэктарам «Клуба тэніса», які ўваходзіць у склад спортклубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Урублеўскі не раз лятаў з сям'ёй свайго начальніка на бізнес-джэтах, а затым разам з сястрой яго жонкі, Таццянай Кулаковай, атрымаў дзяржзаказ ад АНТ на маладую «Музычную медыякампанію». Шоу «Зорны шлях» гэтая фірма стварае разам з прафсаюзамі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Гэта не першы бізнес-праект Таццяны Кулаковай. У 2017 годзе яна заснавала ўласную сетку магазінаў брэндавага адзення «Гэта Я»

0 / 2

За некалькі гадоў працы ўдалося адкрыць пяць гандлёвых кропак, адна з якіх размясцілася ў Dana Mall – там жа, дзе і карцінная галерэя Ліліі Лукашэнкі. [*]

У 2020 годзе «Гэта Я» сышла ў мінус, і ўжо ў наступным годзе крамы гэтай сеткі дзейнасць не вялі.

0 / 2

Муж Таццяны, Уладзімір Кулакоў, аказаўся больш здольным бізнесменам. З 2011 года ён узначальвае ўжо згаданы «Клуб тэніса», які належыць спортклубу пад кіраўніцтвам яго сваяка Дзмітрыя Лукашэнкі. [*] [*]  

Таксама Кулакоў саўладае сеткаю аўтамыек. Адзін з ягоных кампаньёнаў у гэтым бізнесе — Мікалай Зарубіцкі, арганізатар аўтазабегаў у падтрымку Лукашэнкі пасля жніўня 2020 года. [*] [*]

Ёсць у сваяка Ганны Лукашэнкі і актывы ў рэстаранным бізнесе. Ён саўладальнік кампаніі «Подыум Стар», якая кіруе рэстаранам FABRIQ. [*] [*] 

На адкрыццё рэстарана патрацілі прыкладна 1,5 мільёны долараў. FABRIQ — адзін з актываў сям'і Садоўскіх. 

Наталля і Анатоль Садоўскія, рэстаратары. Фота: https://zhizn-zvezd.ru/

Гэтыя бізнесмены працуюць з рэстаранным бізнесам, лёгкай прамысловасцю і нерухомасцю і адрозніваюцца скандальнай рэпутацыяй. Акрамя таго, Наталля Садоўская была на «таемнай інаўгурацыі» Лукашэнкі ў 2020 годзе.

Свайго сына Таццяна Кулакова ў мінулым годзе перавяла ў Менскую міжнародную гімназію, якую, як мы высветлілі ў адным з нашых расследаванняў, заснавала Ірына Абельская за грошы алігарха Міхаіла Гуцырыева. У гэтай прыватнай школе недалёка ад Драздоў вучацца ў асноўным дзеці бізнесоўцаў і набліжаных да Лукашэнкі.

На шырокую нагу

Таццяна Кулакова нярэдка суправаджае сястру ў яе падарожжах. Часцей за ўсё Ганна Лукашэнка адпачывае ў Еўропе, прычым зусім не на бюджэтных курортах.

У студзені 2017 года Ганна на ўрадавым борце адправілася ў аўстрыйскі Інсбрук катацца на лыжах. У самалёце была ўся яе сям'я, у тым ліку маці і сястра з мужам. [*]

Калі б Ганне прыйшлося самой купіць квіткі ў Інсбрук для ўсёй кампаніі і прафінансаваць гэты адпачынак, то дзесяцідзённая паездка абышлася б ёй мінімум у 100 тысяч долараў. Частку сумы ўдалося заашчадзіць дзякуючы ўрадаваму борту, які абслугоўваецца за бюджэтныя грошы.

Улетку таго ж года Ганна Лукашэнка запрасіла блізкіх адзначыць яе дзень народзінаў у Італіі. На прыватным джэце кампанія з 11 чалавек адправілася ў Кальяры на цэлых 25 дзён. [*]

Кошты на адзін палёт такога джэта стартуюць ад 38 тысяч еўраў. Калі ўлічыць выдаткі на жыллё і зваротную дарогу, а таксама мінімальныя расходы амаль на месячны адпачынак, то сям'я Ганны, па сціплых ацэнках, павінна была вылучыць на вандроўку не меней за 150 тысяч долараў. Нясціплая ацэнка такога адпачынку можа даходзіць да мільёна долараў.

У кастрычніку таго ж 2017 года Ганна зноў карысталася ўрадавым самалётам. На ім яна з мужам, дзецьмі і сястрой на дзевяць дзён паляцела ў Доху. [*]

У дзень вяртання ў Беларусь Таццяна Кулакова апублікавала фатаграфію са сталіцы Катара, адзначыўшы пяцізоркавы гатэль Banana Island Resort Doha by Anantara

Адна ноч у гэтым месцы з дзецьмі абыходзіцца ў сярэднім ад дзвюх да пяці тысяч долараў. Такім чынам, кампанія Ганны Лукашэнкі толькі на жыллё выдаткавала каля паўсотні тысяч долараў. А ўсе тры адпачынкі ў 2017 годзе абышліся Ганне і яе спадарожнікам у 350 тысяч долараў, па мінімальных падліках.

Ужо ў студзені 2018 года Ганна Лукашэнка і яе сястра з сем'ямі вылецелі ў французскі Шамберы, зноў на дзяржаўным борце. [*]

4 лютага Кулакова апублікавала фатаграфію з рэстарана з зоркай мішлен L'Atelier d'Edmond у французскіх Альпах. 

10 лютага кампанія вярнулася ў Менск з Ліёна, ізноў жа, на дзяржаўным самалёце. [*]

Па нашых падліках, паездка доўжылася 11 дзён і магла абысціся як мінімум у 100 тысяч долараў.

Гэтыя водпускі Ганны Лукашэнкі не суадносяцца з яе афіцыйным заробкам. У 2018 і 2020 гадах у «ГД БелАЗ» яна сумарна атрымала каля 100 тысяч долараў. Зарплата яе мужа Дзмітрыя ў «Прэзідэнцкім спартыўным клубе», яго адзіным афіцыйным месцы працы, у 2016 годзе склала каля 30 тысяч долараў.

Сямейныя святы гэтая пара зазвычай адзначае за мяжой. З 2011 па 2013 год Ганна Лукашэнка адзначала свой дзень народзінаў у Турцыі.

0 / 3

Хутчэй за ўсё, выбар упаў на гэтую краіну праз санкцыі, накладзеныя на яе мужа, якія забаранілі яму наведваць краіны Еўразвязу.

У 2016, калі наступіла санкцыйная «адліга», уся сям'я на дзяржаўным самалёце адправілася адзначаць дзень народзінаў Ганны ў Грэцыю. Суправаджаў іх, як мы распавядалі ў адным з нашых расследаванняў, бізнесмен з атачэння Лукашэнкі — Павел Тапузідзіс. [*]

Павел Тапузідзіс, уладальнік «Тытунь-Інвест». Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

У 2017 годзе Ганна для свайго дня нарадзінаў абрала Кальяры — горад на ўзбярэжжы Міжземнага мора, з добра захаваўшымся гістарычным цэнтрам і прыгожымі пляжамі. У 2018 і 2019 гадах яна сабрала сям'ю на свята ў Салоніках.

0 / 2

Дзмітрый Лукашэнка ў 2013, 2016, 2017, 2019 і 2020 гадах таксама адзначаў свой дзень народзінаў не ў Беларусі. Ён паслядоўна лётаў у Стамбул, Абу-Дабі, Любляну, Барселону і Мюнхен. Некаторыя з гэтых падарожжаў — на бізнес-джэтах. Сумарна толькі транспарт для святкавання імянінаў абышоўся Дзмітрыю як мінімум у паўмільёны долараў. Такія грошы са сваім афіцыйным заробкам ён мог бы назапасіць толькі за 17 гадоў. 

Калі да гэтай сумы дадаць кошт палётаў на дні народзінаў Ганны, то агульныя выдаткі мужа і жонкі на транспарт перавысяць мільён долараў. Бюджэт на адпачынкі Дзмітрыя і Ганны сувымерны з сумамі, якія дзяржава выдзяляе, напрыклад, на стварэнне новага нацыянальнага партала адкрытых дадзеных.

У коле сяброў

З базы пералётаў, якую мы атрымалі ад «Кіберпартызанаў», вынікае, што палётамі ў адпачынак падарожжы Ганны Лукашэнкі па свеце не абмяжоўваюцца. У жніўні 2011 года яна разам з мужам накіроўвалася ў Стамбул. На борце разам з імі знаходзіліся бізнесмены Сяргей Чыж і Аляксей Алексін і тагачасны кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі Андрэй Уцюрын. [*]

Сяргей Чыж (сын бізнесоўца Юрыя Чыжа, заснавальніка холдынга «Трайпл»). Фота: https://by.tribuna.com/

Аляксей Алексін, саўладальнік «Брэміна груп». Фота: https://officelife.media/

Андрэй Уцюрын. Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь

У сакавіку 2013 года кампанію Ганне і Дзмітрыю склаў іншы бізнесмен – Аляксандр Машэнскі. На дзяржаўным джэце яны вярталіся ў Беларусь з Турцыі, дзе сярэдні сын Лукашэнкі адзначаў дзень народзінаў. [*]

Аляксандр Машэнскі, генеральны дырэктар «Санта Імпэкс Брэст». Фота: probusiness.io. Фатограф – Дар'я Грашчанкова

Яшчэ раз Машэнскі разам з Ганнай і Дзмітрыем будзе ляцець на прыватным джэце з Пізы ў 2019 годзе.

Сярод спадарожнікаў Ганны па пералётах быў і Уладзімір Здобнаў, гендырэктар кампаніі «Юнівест-М» Анатоля Тарнаўскага. Некаторы час Ганна працавала ў гэтай фірме. Тарнаўскі — гэта галоўны нафтавы гаманец Аляксандра Лукашэнкі. Сумесна з літоўскім парталам Siena мы знайшлі ў яго ў Англіі 60 мільёнаў долараў, заробленых на нафтапрадуктах. За сувязь з Лукашэнкам Тарнаўскі ў 2012 годзе трапіў пад санкцыі.

Сярод спадарожнікаў Ганны і Дзмітрыя Лукашэнкі аказаліся не толькі беларускія бізнесмены. Падарожжы на курорты з гэтай сямейнай парай падзялялі, напрыклад, прадстаўнікі славенскай кампаніі Riko, якая шчыльна супрацоўнічае з уладамі Беларусі. Сярод іх — Жыварад Смільковіч, кіраўнік прадстаўніцтва Riko ў Беларусі, а таксама менеджар гэтай кампаніі Мілуцін Смільковіч і яго жонка Дар'я.

Жыварад Смільковіч, кіраўнік прадстаўніцтва Riko у Беларусі. Фота: https://newsgomel.by/

Мілуцін і Дар'я Смільковічы. Фота: старонка Мілюціна Смільковіча ў https://www.instagram.com/

У ліпені 2017 года Жыварад на бізнес-джэце вяртаўся разам з Ганнай і Дзмітрыем у Менск з Кальяры, са святкавання яе дня народзінаў. У 2019 ён жа разам з сям'ёй сярэдняга сына Лукашэнкі на два тыдні паляцеў у швейцарскі Сьён. З гэтага гарналыжнага курорту яны вярнуліся ў Менск на дзяржаўным самалёце. [*]

Кампанія Riko, у якой працуе Жыварад, — адзін з асноўных актываў былога ганаровага консула Беларусі ў Славеніі Янеза Шкрабеца. Гэты славенскі бізнесмен неаднаразова выступаў супраць санкцый ЕЗ у дачыненні да Расеі і Беларусі, таму што яны шкодзяць «еўрапейскаму бізнесу» ў гэтых краінах.

Янез Шкрабец, дырэктар кампаніі Riko. Фота: https://www.riko.si/

У 2015 годзе Riko падпісала з Мінэнерга дамоўленасці па мадэрнізацыі электраэнергетычнай сістэмы краіны. Кампанія абнавіла падстанцыю «Беларускую» да запуску БелАЭС, а таксама пабудавала падстанцыю «Брэст-Заходняя», якую запусцілі ў 2022 годзе.

У 2020 годзе ў прэсе паведамлялася, што за апошнія дзесяць гадоў Шкрабец заключыў у Беларусі дамоўленасцяў на суму больш за 310 мільёнаў еўра. Усяго яго фірма рэалізавала ў нашай краіне не менш як 40 розных праектаў: ​​дзяржзамовы, пастаўкі станкоў, будаўніцтва падстанцый, устаноўка тэхналагічных ліній.

У 2021 годзе славенская прэса параўнала сувязі Шкрабеца і Лукашэнкі зсувязямі Карычаў і Лукашэнкі, адзначыўшы, што дзярждэпартамент ЗША вывучае фігуру ўладальніка Riko. Раней СМІ пісалі, што ў 2004 годзе Шкрабец катаўся на лыжах з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той наведваў Славенію. Лукашэнка тады сустракаўся і з Міланам Кучанам — былым прэзідэнтам Славеніі.

Riko падтрымлівала адносіны і з гаманцаміі Лукашэнкі. З 2013 па 2019 год у менеджара гэтай фірмы Мілуціна Смільковіча, які вандраваў з Ганнай і Дзмітрыем Лукашэнкамі, была сумесная кампанія з Аляксандрам Зайцавым — былым памочнікам Віктара Лукашэнкі і адным з найбуйнейшых беларускіх алігархаў.

Зайцаў і Смільковіч заснавалі сумесную кампанію СМ «Індастрыял Інжынірынг», якая цяпер рэарганізаваная ў СТАА «Мілканфарэст». [*] [*] [*]    

Праз яе бізнесмены займаліся пастаўкамі прадукцыі дрэваапрацоўкі. Зайцаў, які незадоўга да рэарганізацыі трапіў пад санкцыі, выйшаў са складу ўладальнікаў. [*] [*] 

Кампанія ўваходзіць у топ-5 экспарцёраў у Сенненскім раёне. Пры гэтым яна афіцыйна стратная як мінімум з 2020 года і рэалізуе сваю прадукцыю ніжэй за сабекошт.

0 / 2

Нягледзячы на ​​сувязі з падсанкцыйнымі бізнесменамі і шлюб з Дзмітрыем Лукашэнкам, сама Ганна ніколі не трапляла ў забароненыя спісы. Гэтае расследаванне — частка нашай працы па змене яе статусу.

Аўтары: Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава. Рэдактар: Вольга Ратмірова

UPD 04.07.2023 — даданыя: 

- нататка аб «Прэзідэнцкім спартыўным клубе»

- інфармацыя аб тым, што ўласнікам галаўной кампаніі «БелАЗ» з’яўляецца беларуская дзяржава;

- інфармацыя аб тым, што кампанія «Б-24» пачала займацца дылерствам БелАЗаў у 2015 годзе;

- інфармацыя аб тым, што Аксана Тачкова працавала ў «ГД БелАЗ», з дадзенымі, якія пацвярджаюць атрыманне ёй даходу ад гэтай арганізацыі ў 2019 годзе;

- інфармацыя аб тым, што ў распараджэнні БРЦ ёсць дадзеныя аб даходах Віктара Кулуева за 2020 год, дзе ўказана, што ён працуе ў «ГД БелАЗ»;

- інфармацыя аб тым, што Ганна Лукашэнка мае два пашпарты — звычайны і дыпламатычны;

- пацверджанне сумесных пералётаў членаў сям’і Ганны Лукашенка з Віктарам Кулуевым і Аленай Лагун.