Што здарылася?
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, да пандэміі ў Беларусі праводзілі аперацыі па трансплантацыі каля 6 тыс. тазасцегнавых суставаў у год, каля 1,5 тыс. – каленных суставаў. Больш за 70% з агульнай колькасці – гэта медычныя вырабы айчыннай вытворчасці, якія, як сцвярджае міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, нічым не саступаюць па якасці імпартным, калі казаць аб масавай устаноўцы суставаў.
У Беларусі аперацыю ў дзяржаўных лякарнях па замене суставаў на пратэзы робяць бясплатна. За беларускія вырабы людзям таксама не трэба плаціць. Па жаданні пацыента пратэзаванне выконваецца і замежнымі вырабамі, якія набываюцца за кошт пацыента. Выбар на карысць імпартных пратэзаў беларусы робяць з-за разнастайнасці мадэляў і большых тэрмінаў гарантыі, хоць яны абыходзяцца даражэй, кажуць практыкуючыя артапеды.
Тэарэтычна пацыент у Беларусі можа выбраць пратэз любой маркі, але практычна трэба, каб ён быў у наяўнасці – яго павінен хтосьці завезці ў краіну. Калі гаворка ідзе пра тазасцегнавыя, то часцей за ўсё беларусам прапануюць эндапратэзы амерыканскай «DePuy», нямецкай «Waldemar Link» і швейцарскай «Medacta». Напрыклад, кампанія «Медлінк», якая фігуруе ў «справе артапедаў», прапануе як серыйныя вырабы «Waldemar Link», так і індывідуальныя пад заказ. Але дылеры – гэта не афіцыйныя прадстаўніцтвы вытворцаў. «DePuy» належыць сусветна вядомай карпарацыі «Johnson & Johnson», якая мае ў Менску свой офіс. Праўда, гэтымі пратэзамі гандлюе ў Беларусі індывідуальны прадпрымальнік са Смалявічаў Святлана Сыцік. У «Johnson & Johnson» заявілі, што ў кампаніі няма дамовы з ІП Сыцік, «мадэль бізнесу кампаніі ў Расеі і краінах СНД не прадугледжвае эксклюзіўныя дамовы, і дыстрыб'ютары вольныя ў рэалізацыі прадукцыі трэцім асобам». «Наша кампанія не кантралюе і не рэгулюе цэны перапродажу», – дадалі ў «Johnson & Johnson».
Лукашэнка кажа, што дылеры пры гэтым яшчэ «раздаюць у канвертах хабар» хірургам за парады пацыенту пратэза пэўнага вытворцы. Але асноўныя грошы ад пераплаты застаюцца ў фірмаў-пасярэднікаў. Улады аб гэтай схеме наўрад ці маглі не ведаць. Мы яе паказвалі яшчэ ў 2019 годзе – «справа медыкаў» адгрымела, за кратамі апынуўся шэраг знакамітых дактароў, але ці змяніліся пасля гэтага правіла на рынку?
У краіне створаная сістэма, у якой з пажылых пацыентаў, якія пакутуюць ад боляў у суставах, за пратэзы бяруць у паўтара раза больш грошай, чым у суседніх краінах.
Пры гэтым абмежаваная канкурэнцыя. У дакладзе краін СНД аб канкурэнцыі на рынках медычных вырабаў 2021 года сказана, што ў Беларусі ўстаноўлены факт «дамінуючага становішча на рынку эндапратэзаў тазасцегнавога сустава». Кампанія, якая займае такое становішча, у дакладзе не пазначана. Як вынікае з рэестру МАРГ Беларусі, гаворка можа ісці аб кампаніі «Алтымед».
Па словах інсайдараў, у апошні час у Беларусі працавалі тры буйных пастаўшчыка замежных пратэзаў. Плюс да гэтага беларускі рынак невялікі ў адрозненні ад таго ж расейскага, таму і адпускны кошт атрымліваецца вышэйшы. Варта ўлічваць, што беларускіх вытворцаў, той жа «Алтымед», ніхто ў крыўду не дасць. Яны маюць прэферэнцыйныя папраўкі на тэндарах, што робіць цану беларускай прадукцыі ніжэй у выпадку аднолькавага кошту з замежнымі пратэзамі. Да таго ж у Беларусі выбудаваная складаная працэдура рэгістрацыі і сертыфікацыі вырабаў, таму не кожны замежны вытворца можа хутка атрымаць доступ на беларускі рынак.
«На кошт больш за ўсё ўплывае канкурэнцыя», – лічыць менеджар кампаніі «Крылайн» Андрэй Картузаў, якая таксама займаецца пастаўкамі пратэзаў. «Гэта значыць, калі б на рынку было, як у Польшчы, ну хоць бы 5–10 кампаніяў – мясцовыя дыстрыбʼютары пачалі б зніжаць цану. Гэта значыць, усё ўпіраецца ў канкурэнцыю з нагоды цэнаўтварэння».
Першым і галоўным эфектам цяперашніх арыштаў лекараў-артапедаў стала тое, што ў дзяржаўных клініках спынілі аператыўна ўсталёўваць імпартныя эндапратэзы. Гэта значыць, беларусы пазбавіліся магчымасці хутчэй замяніць састарэлы орган. Мы патэлефанавалі ў шэраг клінік пад выглядам пацыента і гэтую інфармацыю нам пацвердзілі ў 6-й гарадской клінічнай больніцы, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, і нават у прэзідэнцкай клініцы.
Хоць сёння толькі ў Менску пратэзы тазасцегнавых суставаў чакаюць больш за 2000 чалавек, у чарзе на пратэзаванне калена – амаль 2500. У сакавіку 2022 года хірургі аперыравалі каленны сустаў тых, хто стаў на чаргу 5 гадоў таму.
Як паказала нашае расследаванне, нягледзячы на жорсткія заявы ўладаў і патрабаванні выключыць факты пратэзавання па неапраўдана завышаных цэнах, у Беларусі існуе адно месца, дзе права раіць устаноўку пэўных пратэзаў і на гэтым зарабляць – не выклікае ў Лукашэнкі пытанняў. Гэта – прыватная клініка «Мерсі», якая адкрылася ў пачатку 2021 года. Вось толькі тут уся аперацыя (праца лекараў, палата, пратэз і гэтак далей) каштуе не 3 тысячы долараў, як у дзяржаўнай лякарні, а ад 6,5 да 8 тысяч долараў.
Хто стаіць за «Мерсі»?
Па дакументах «Мерсі» валодаюць 3 фізічныя асобы і адна юрыдычная асоба роўнымі долямі па 25%.
Першым у спісе значыцца Максім Тураў. Як мы высветлілі з дапамогай «Кіберпартызанаў», Тураў працаваў у кампаніі «ЗахадТрансЭкспедыцыя», якая валодае газаперапрацоўчым комплексам пад Берасцем, а да гэтага – у кампаніі «Энэрга-Оіл», якая кантралюецца тытунёвым каралём Аляксеем Алексіным. Алексін трапіў пад санкцыі Захаду як гаманец Аляксандра Лукашэнкі і ўдзельнічаў у арганізацыі байкерскіх злётаў з удзелам Віктара Лукашэнкі.
Другі ўладальнік клінікі «Мерсі» – Людміла Няронская. Мае долі ў кампаніях «ТрансЭкспедыцыя», «ЗахадТрансЭкспедыцыя», «Грузавая служба», «Грузавая служба-Захад», «ГазЭнерДжыХім» і «Сыравінныя рэсурсы-Бел».
Гэтыя кампаніі так ці інакш звязаныя з бізнесоўцам Артурам Зубарыкам. Няронская таксама была саўладальніцай другой беларускай крыптабіржы «iExchange». Партнёрам біржы быў «МТБанк», які належаў да нядаўняга часу сямʼі Алексіных.
А пасля ўвядзення заходніх санкцыяў банк запісаны на фірму «Stoneva Limited», якая зарэгістраваная ў Эміратах дакладна па тым жа адрасе, што і кампанія «Petrotrade FZE» сына Алексіна Дзмітрыя.
Хоць на сайце банку пазначана, што «Stoneva Limited» належыць на 100% бізнесоўцу ліванскага паходжання Абдо Рамэа Абдо, які з 1994 года жыве ў Беларусі.
Яшчэ адна уладальніца «Мерсі» – Наталля Караткевіч. Як мы высветлілі з дапамогай «Кіберпартызанаў», гэта былая жонка Артура Зубарыка. У мінулым годзе яна была суўласніцай «Грузавой Службы».
Да клінікі «Мерсі» Караткевіч валодала сталічным медцэнтрам «Кравіра» разам з сынам былога кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча.
Але 5 гадоў таму паміж імі ўзніклі спрэчкі і іх шляхі разышліся. Зубарыкі пачалі будаваць «Мерсі», дзе 2 года іх партнёрам быў цяпер нябожчык Валерый Шумскі. У свой час ён і Зубарык стварылі вядомую групу кампаній «Юкола».
Чацвёрты ўладальнік «Мерсі» – фірма «Грузавая служба», якаю называлі найбуйнейшым прыватным уладальнікам парку чыгуначных вагонаў у Беларусі. Зараз асноўная доля ў ёй належыць Артуру Зубарыку. А саўладальнікам гэтай кампаніі з 2013 па 2015 год быў Аляксандр Зайцаў – былы памочнік Віктара Лукашэнкі.
Па словах Зубарыка, Зайцаў выйшаў з бізнесу, таму што «захацеў самастойна займацца лагістыкай». Але сувязі бізнесоўцы не разгубілі. У 2021 годзе «Мерсі» і «ЗахадТрансЭкспедыцыя» сталі спонсарамі футбольнага клубу «Рух», які курыраваў Зайцаў.
Артур Зубарык у размове з намі адмаўляў, што да клінікі «Мерсі» мае дачыненне Віктар Лукашэнка.
«Гэта ўсё няпраўда. Не даверайце тым, хто распаўсюджвае гэтыя чуткі», – сказаў бізнесовец і дадаў, што «не знаёмы з Віктарам Лукашэнкам, хоць ведаю хто гэта такі».
Доўгатэрміновы крэдыт на будаўніцтва клінікі і закуп сучаснага абсталявання бізнесоўцы атрымалі ў межах сумеснай праграмы дзяржаўнага «Банку развіцця Беларусі» і «Сусветнага банку» па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу ў краіне. Як кажа Артур Зубарык, гэтыя грошы «мог атрымаць любы, хто быў у стане напісаць і абгрунтаваць бізнес-план».
Разам з тым Зубарык падкрэсліў, што не ўцягнуты ў штодзённае кіраванне «Мерсі», але запэўніў, што іх бягучая дзейнасць не мае дачынення да «справы артапедаў».
Па словах бізнесоўца, нядаўна клініку правяраў Камітэт дзяржкантролю. Ім выставілі заўвагі па цэнах, якія былі аператыўна ліквідаваныя. «Я б не казаў, што да нас няма пытанняў. Такія ж прэтэнзіі, як і да ўсіх. А кошт самой аперацыі ў нас абсалютна адэкватны. Але ўжо пратэз кожны купляе па меры сваіх сілаў», – сказаў Зубарык.
Наталля Караткевіч не адказала на нашы званкі.
Да гэтай гісторыі Артур Зубарык быў больш вядомы тым, што разам з партнёрамі займаўся перапрацоўкай і транспарціроўкай звадкаваных вуглевадародных газаў (ЗВГ) – прапану і бутану, якія выкарыстоўваюцца ў якасці паліва для аўто. Адзін час СМІ абвінавачвалі звязаную з Зубарыкам кампанію ў рээкспарце расейскага ЗВГу ў Польшчу і Украіну праз Беларусь. Артур Зубарык запэўнівае, што «ніякага рээкспарту ў юрыдычным сэнсе гэтага слова не было», таму што ўнутры ЕАЭС няма мытных межаў. «Спакойна закуплялі [у Расеі ці Казахстане] і прадавалі [у Польшчу і Украіну]», – сказаў бізнесовец.
Аднак, паводле яго слоў, цяпер праз санкцыі і вайну ва Украіне гэты бізнес не вядзецца.