Расследаванні

04 жніўня 2023

Цёмныя воды «Санта Брэмар». Расследаванне аб афшорах, крэдытнай каруселі і падатковых труках «рыбнага караля» Аляксандра Машэнскага

«Санта Брэмар» пазіцыянуе сябе як беларуска-нямецкае прадпрыемства, што намякае на замежныя інвестыцыі ў праект. На першы погляд, так і ёсць.

Аўтары: Аляксандр Ярашэвіч
Рэдактары: Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з калегамі з LRT (Літва) і Heimildin (Ісландыя) пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і OCCRP.

Чэрвень 2023 года, паўночны ўсход Францыі, Страсбур. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы сабралася на другі дзень летняй пленарнай сесіі. З трыбуны выступае дэпутатка ад Ісландыі Торхільдур Суна Эварсдоцір. Яна кажа пра Беларусь, а дакладней — пра выбітнага бізнесоўцу ў сучаснай гісторыі нашай краіны. Гэта не хвалебная прамова пра ягоныя заслугі. Наадварот, дэпутатка лічыць, што гэты беларускі бізнесовец павінен быў апынуцца ў санкцыйных спісах ЕЗ:

«Мне сорамна за інфармацыю, што Ісландыя выкарыстала сваю дыпламатычную ўладу ў Еўразвязе, каб выключыць яго з санкцыйных спісаў. Я спадзяюся, што неўзабаве мы станем дзяржавай, якая праяўляе поўную салідарнасць з народам Беларусі, незалежна ад таго, закранае гэта так ці інакш нашыя эканамічныя інтарэсы ці не».

Гаворка ідзе пра Аляксандра Машэнскага — «рыбнага караля» Беларусі. Яго асноўныя актывы — «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт». З Ісландыяй Машэнскага звязваюць амаль два дзесяцігоддзі дыпламатычных і бізнес-адносінаў. У 2006 годзе ён нават стаў ганаровым консулам краіны ў Беларусі. Як высветлілі нашыя калегі з выдання Heimildin, гэтыя сувязі маглі выратаваць яго ад еўрапейскіх санкцыяў. Паводле іх звестак, прадстаўнікі ісландскага МЗС зрабілі больш за 30 званкоў у ЕЗ, лабіюючы інтарэсы Машэнскага. Ён сапраўды быў пад ударам з-за сувязяў з беларускімі ўладамі: лётаў з Лукашэнкам на ўрадавым лайнеры, падтрымліваў яго на выбарах, атрымаў ордэн з яго рук.

Крыніца: БРЦ

Верагодная прычына, па якой санкцыі абышлі Машэнскага бокам, — ён не атрымлівае эканамічных выгод ад сувязяў з беларускімі ўладамі. Расследавальнікі БРЦ высветлілі, ці так гэта насамрэч.

Афшорны спрут

Прадпрыемства «Санта Брэмар», вядомае рыбнай прадукцыяй, зʼявілася ў 1998 годзе. Яго заснаваў былы кіраўнік канструктарскага бюро «Берасцейскага электрамеханічнага заводу» Міхаіл Машэнскі. У 2000 годзе ён памёр, а бізнес перайшоў да сына Аляксандра.

«Санта Брэмар» пазіцыянуе сябе як беларуска-нямецкае прадпрыемства, што намякае на замежныя інвестыцыі ў праект. На першы погляд, так і ёсць. Паводле афіцыйных дадзеных, асноўную долю ў кампаніі кантралюе Аляксандр Машэнскі: 50% — непасрэдна, яшчэ 15% — праз падкантрольную беларускую фірму «Санта-сэрвіс». Астатнія 35% «Санта Брэмар» належаць нямецкай фірме Bre Meer GmbH. Дзякуючы нашым партнёрам з OCCRP мы даведаліся, што каранямі гэтая кампанія сыходзіць у афшорныя юрысдыкцыі. [*][*][*][*] 

Крыніца: БРЦ

З 2014 па 2018 год нямецкая Bre Meer GmbH належала фірме Alpha Mar Foundation, якая зарэгістраваная на Сейшэльскіх выспах. [*] 

Гэтая юрысдыкцыя — класічны афшор з дрэннай рэпутацыяй, дзе практычна не плацяць падаткі. Бенефіцыярам сейшэльскай Alpha Mar Foundation у гэты час быў Аляксандр Машэнскі. Пра гэта стала вядома са справаздач кіпрскай фірмы Alpha Mar Limited, якая кантралявалася сейшэльскім афшорам. Гэта значыць, што Bre Meer GmbH кіраваў ён сам, а не нейкі нямецкі партнёр. [*]

Крыніца: БРЦ

У 2018 годзе ў Bre Meer GmbH змяніўся ўладальнік. Месца сейшэльскай фірмы Alpha Mar Foundation заняла кампанія Santa International Foundation, якая знаходзіцца на выспе Джэрсі. [*]  

Гэтая брытанская юрысдыкцыя таксама лічыцца афшорнай і не раскрывае ўладальнікаў зарэгістраваных там кампаніяў. Але мы знайшлі сувязі фірмы з Джэрсі з кіпрскай кампаніяй Newride Services Limited. [*] 

Ёй валодае дачка Аляксандра Машэнскага — Яна. [*][*][*]             

Як бачым, за шыльдай беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар» хаваецца спрут з афшорных кампаніяў, сляды якога вядуць да сямʼі Машэнскага.

Крыніца: БРЦ

Навошта бізнесоўцы ствараюць кампаніі ў афшорных зонах, тлумачыць аўдытар Абдулвахед Алабалі:

«Афшорныя кампаніі часам могуць выкарыстоўвацца ў незаконных мэтах, такіх як ухіленне ад выплаты падаткаў, адмыванне грошай або іншыя фінансавыя злачынствы. Афшорныя юрысдыкцыі часта ствараюць спрыяльнае асяроддзе для такой дзейнасці дзякуючы некалькім фактарам: сакрэтнасць і канфідэнцыяльнасць, нізкія або нулявыя падаткі, складаныя карпаратыўныя структуры, слабое рэгуляванне і правапрымяненне, банкаўская таямніца».

Мы не сцвярджаем, што Аляксандр Машэнскі замяшаны ў якіх-небудзь фінансавых злачынствах. Аднак наяўнасць кампаніяў у афшорных юрысдыкцыях — гэта нагода прыгледзецца да ягонага бізнесу.

Крэдытны ўлоў

БРЦ вывучыў схему працы «Санта Брэмар». Рыбную сыравіну для вытворчасці кампанія закупляе ў Нарвегіі, Ісландыі, Паўднёвай Амерыцы і Азіі. Дастаўляюць груз праз порт у Клайпедзе. Для гэтага ў 2016 годзе «Санта Брэмар» заснавала ў Літве даччыную кампанію Santa Trade. Гэтая фірма імпартуе рыбу ў Літву і пасля перапрадае яе ў Беларусь мацярынскай кампаніі «Санта Брэмар». Пры гэтым у Santa Trade працуе ўсяго тры чалавекі, як вынікае са справаздачаў кампаніі, якія мы атрымалі дзякуючы літоўскім калегам з LRT. [*][*][*]

У 2016 годзе Santa Trade узяла крэдыт у брытанскай фірмы Max Credit Investment Limited — «для ажыццяўлення тэрміновых плацяжоў і задавальнення патрэбы ў абаротных сродках». Першапачатковыя ўмовы здзелкі: больш за €28 млн пад 2% гадавых. У 2017 годзе памер крэдыту павялічылі амаль да €38 млн, але працэнтная стаўка засталася ранейшай — 2%. Што значна ніжэй рынкавых ставак у Вялікай Брытаніі і ЕЗ: «Звычайна яны перавышаюць 4% гадавых», — кажа аўдытар Абдулвахед Алабалі. [*]

Мы вывучылі дзейнасць Max Credit Investment Limited, шчодрага крэдытора літоўскай дачкі «Санта Брэмар».

Са справаздачаў Max Credit Investment Limited вынікае, што ў 2016 і 2017 гадах яе мацярынскай кампаніяй была тая самая сейшэльскія фірма Alpha Mar Foundation. Але сувязі паміж імі былі наладжаныя яшчэ раней. [*][*]  

З тых жа дакументаў мы даведаліся, што па стане на 2014 год Max Credit Investment Limited мела больш за $170 млн пазыкаў ад усё той жа сейшэльскай Alpha Mar Foundation, бенефіцыярам якой на той момант быў Аляксандр Машэнскі. Атрымліваецца, адна кампанія бізнесоўцы выдавала крэдыты іншай, да таго ж па заніжанай стаўцы.

«Збіранне празмерна высокіх або нізкіх працэнтных ставак па ўнутрыфірмовых пазыках можа быць спробай маніпуляваць прыбыткам уцягнутых кампаніяў, які абкладаецца падаткам. Гэта прыводзіць да ўхілення ад выплаты падаткаў або іншых фінансавых парушэнняў», — распавёў БРЦ аўдытар Абдулвахед Алабалі.  

Крыніца: БРЦ

На Балтыйскім беразе

У Літве, дзе зарэгістраваная Santa Trade, браць крэдыт ад звязанай кампаніі дазволена, але памер пазыкі не павінен перавышаць уласны капітал фірмы больш чым у чатыры разы. Такі закон прынялі, каб бізнесы не заніжалі падатковую нагрузку. Мы праверылі, ці выконвае яго Santa Trade, вывучыўшы справаздачы кампаніі. Уласны капітал фірмы ў 2016 годзе, калі яна атрымала крэдыт, быў адмоўны — каля €1 млн. Гэта ў 25 разоў менш, чым памер пазыкі.

У 2020 годзе ў Max Credit Investment змяніўся ўладальнік, і на паперы кампанія страціла сувязь з Машэнскім. Новым бенефіцыярам брытанскай фірмы стаў ісландскі спецыяліст па кіраванні актывамі Kарл Конрадсан, які працуе з ёй 15 гадоў. Па інфармацыі крыніцы БРЦ, Машэнскі ведае Конрадсана асабіста.

У 2022 году Santa Trade вярнула крэдыт Max Credit Investment. За пяць гадоў па гэтай пазыцы яна выплаціла каля €3,6 млн працэнтаў. 

З моманту заснавання і да гэтага часу Santa Trade працуе з адмоўным капіталам, але не банкрутуе за кошт пазыкі ад брытанскай фірмы.

Крыніца: БРЦ

У літоўскай падатковай патлумачылі, што адмоўны капітал можа ўзнікаць па розных прычынах, але сам па сабе не азначае, што кампанія ўхіляецца ад выплаты падаткаў. Аднак калі кампанія мае падатковую страту на працягу некалькіх гадоў, у інспектараў могуць узнікнуць сумневы, ці была яна створана для атрымання эканамічнай выгады.

«Бываюць сітуацыі, калі ўстанаўліваецца, што кампанія штучна нясе толькі падатковыя страты за бесперапынны перыяд. У такім выпадку яны неабгрунтавана падлягаюць выліку ў адпаведнасці з законам аб падаходным падатку. Бывае, што дзейнасць кампаніі супярэчыць эканамічнай логіцы. Напрыклад, фірма была штучна ўключана ў групу кампаній. Гэта можа прывесці да даналічэння падатку на прыбытак», — растлумачыла Рута Асадаўскайтэ, начальніца аддзелу камунікацый Падатковай адміністрацыі Літвы.

Такім чынам, Аляксандр Машэнскі валодае рыбным бізнесам у Беларусі часткова непасрэдна, а часткова праз афшоры. Нарвежская і ісландская рыба трапляе ў Беларусь праз заснаваную «Санта Брэмар» у Літве кампанію, якая існуе за кошт пазыкаў ад тых жа афшораў Машэнскага. Здзелкі паміж фірмамі падобныя на крэдытную карусель з прыкметамі заніжэння падаткаў. Гэтыя маніпуляцыі бізнесовец праводзіць за мяжой. Каб зразумець, як гэта адбіваецца на працы Аляксандра Машэнскага ў Беларусі, трэба спачатку прыгледзецца да яго асобы.

У адной лодцы з уладамі

Аляксандр Машэнскі ўваходзіць у дзясятку самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў нашай краіны. Яшчэ адзін ягоны актыў нароўні з «Санта Брэмар» — прадпрыемства «Савушкін прадукт», якое вырабляе малочныя прадукты.

Весці такія буйныя бізнесы ў краіне, дзе ў шматлікіх сферах эканомікі дамінуе дзяржава, можа быць не проста. Прыклады іншых буйных прадпрымальнікаў паказваюць, што дзеля поспеху часам трэба паказваць палітычную лаяльнасць. Машэнскі яе паказваў. У 2010 годзе ён быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах і падтрымліваў ягоную палітыку.

«Я лічу, што нам больш правільна рухацца шляхам нейкіх бягучых зменаў з дзейнай уладай, чым сыходзіць у нейкія рэвалюцыйныя справы. Я зацікаўлены ў стабільнасці», — казаў Аляксандр Машэнскі ў лістападзе 2010 года.

Праз два з паловай гады пасля тых выбараў бізнесовец атрымаў ад Лукашэнкі ордэн «За заслугі перад Айчынай». Тады ж па асабістым распараджэнні Лукашэнкі і без правядзення аўкцыёну «Савушкін прадукт» скупіў дзяржаўныя заводы: «Баранавіцкі малочны камбінат» і «Бярозаўскі сыраробны камбінат». Кошт апошняга, па некаторых ацэнках, мог быць заніжаны.

БРЦ звярнуўся да Аляксандра Машэнскага па каментар пра дэталі гэтых здзелак. У лісце ў адказ бізнесмен адзначыў, што з 2010 года акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, у Беларусі можна купіць толькі па ўзгадненні з Лукашэнкам. Умовы продажу трэба папярэдне зацвердзіць у аблвыканкаме, да якога належыць вытворчасць.

«Насуперак вашым [БРЦ] падазрэнням пра ільготны кошт куплі, кампаніі [«Савушкін прадукт»] давялося заплаціць за дзяржаўную долю ў чатыры разы больш, чым акцыі каштавалі на біржы. На прыняцце рашэння аб куплі паўплывалі дзве асноўныя прычыны: прымальны ўсярэднены кошт усяго пакета акцыяў, наш разлік на павышэнне эфектыўнасці прадпрыемстваў за кошт сінергіі і спецыялізацыі вытворчасцяў», — напісаў Аляксандр Машэнскі.

Крыніца: БРЦ

У атачэнні Лукашэнкі — як рыба ў вадзе

Пасля перадвыбарчай кампаніі 2010 года адносіны паміж Машэнскім і Лукашэнкам не скончыліся. Следчыя БРЦ прааналізавалі пералёты бізнесоўцы і выявілі сярод іх некалькі цікавых рэйсаў.

У 2016 годзе ўрадавы Боінг-767 вылецеў з Менску ў Доху. Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам спачатку ў Катар, потым — у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. На борце было толькі блізкае кола Лукашэнкі: ягоны памочнік Мікалай Корбут, асабісты ахоўнік Мікалай Латышонак, прэс-сакратар Наталля Эйсмант, асабісты лекар Святлана Канашэнка, малодшы сын Мікалай і старэйшы сын Віктар. Кампанію ім склалі некалькі бізнесоўцаў: Аляксандр Шакуцін, Сяргей Цяцерын і Аляксандр Машэнскі. [*]

Таксама мы знайшлі два пералёты Аляксандра Машэнскага ў кампаніі Дзмітрыя Лукашэнкі і ягонай сямʼі. У сакавіку 2013 года яны разам ляцелі са Стамбула ў Менск, а ў жніўні 2019 — з Менску ў Пізу. [*][*]     

На гэтым сувязі Машэнскага з сямʼёй Лукашэнкі не сканчаюцца. Ён уваходзіць у цэнтральную раду Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка.

За блізкія сувязі з Лукашэнкам і чальцамі ягонай сямʼі многія беларускія бізнесоўцы паплаціліся. Тыя ж Аляксандр Шакуцін і Сяргей Цяцерын, якія, як і Машэнскі ляцелі ў Доху разам з Лукашэнкам, трапілі пад санкцыі Еўразвязу. У чорны спіс іх уключылі не толькі за сувязі з цяперашнімі беларускімі ўладамі, але і за атрыманне ад іх асабістай выгады для сваіх бізнесаў. Машэнскага ў падобным не папракалі.

Льготы цякуць ракой

У канцы 90-х улады Беларусі пачалі ствараць свабодныя эканамічныя зоны. Рабілі гэта, каб падымаць эканоміку рэгіёнаў і развіваць высокатэхналагічныя, экспартаарыентаваныя вытворчасці ў краіне. Цяпер, па сутнасці, гэта своеасаблівыя афшоры ўнутры краіны. Прадпрыемства «Санта Брэмар» з моманту заснавання знаходзіцца ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Тады прадпрыемства сапраўды выпускала новы для краіны прадукт — філе селядца ў вакуумнай упакоўцы. Цяпер гэтым нікога не здзівіш, але «Санта Брэмар» усё яшчэ зʼяўляецца рэзідэнтам СЭЗ «Брэст». Гэта дазваляе прадпрыемству атрымліваць розныя ільготы ад дзяржавы. Напрыклад, яно не плаціць падатак на прыбытак, калі прадае сваю прадукцыю на экспарт.

Машэнскі прызнаваўся журналістам, што дабіўся поспеху ў тым ліку дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы:

«Што тычыцца «Санта Брэмар», то калі б мы былі па-за СЭЗ, рост кампаніі быў бы больш павольным. Дадзеныя ільготы павышаюць канкурэнтаздольнасць на тэрыторыі Расеі, Украіны, у краінах, дзе мытнае і падатковае заканадаўства адрозніваецца ад заканадаўства Беларусі».

За гады працы «Санта Брэмар» разраслася. Сёння кампанія складаецца з шасці цэхаў, на якіх працуюць каля пяці тысячаў працаўнікоў. Канкурэнты Машэнскага такімі маштабамі пахваліцца не могуць, але і рэзідэнтамі свабодных эканамічных зонаў яны не зʼяўляюцца. Пры гэтым іх унёсак у беларускі бюджэт супастаўны з тым, што ўносіць у яго «Санта Брэмар», якая атрымлівае ільготы ад дзяржавы.

Напрыклад, наваградскае прадпрыемства «Леор Пластык», якое таксама выпускае прэсервы з селядцом, за апошнія тры гады заплаціла ў казну больш за $4,5 млн падаткаў з прыбытку. «Санта Брэмар» за той жа перыяд накіравала ў дзяржбюджэт на $946 тыс. больш, хоць яе прыбытак да выплаты падаткаў быў у восем разоў вышэй, чым у канкурэнта. Аляксандр Машэнскі ў сваім лісце патлумачыў БРЦ, чаму так адбылося:

«Сума падатку на прыбытак, які трэба сплаціць, вызначаецца не толькі самой стаўкай падатку, але і шэрагам іншых фактараў. Асноўны з іх — інвестыцыі. Падатковае заканадаўства стымулюе інвестыцыі ў развіццё вытворчасці праз ужыванне плацельшчыкамі інвестыцыйнага выліку. Акрамя таго, суму падатку на прыбытак, які трэба сплаціць, памяншае спонсарская дапамога арганізацыям аховы здароўя. За той перыяд дзейнасці, які вас цікавіць [апошнія тры гады], на дабрачыннасць прадпрыемствамі групы кампаній “Санта” накіравана каля $6 млн».

Крыніца: БРЦ

Па нашых падліках, дзякуючы такому прынцыпу падліку падатку на прыбытак «Санта Брэмар» толькі за апошнія тры гады «ашчадзіла» амаль $32 млн. За гэтыя грошы можна пабудаваць новы рыбны завод або добра абсталяваныя паліклініку на 800 наведнікаў і школу на 720 месцаў. «Санта Брэмар» карыстаецца ільготамі ўжо 25 гадоў.

Вывесці на чыстую ваду

Вернемся да пачатку нашай публікацыі — да санкцыяў. Асоба Машэнскага не раз выклікала цікавасць еўрапейскіх рэгулятараў. У чорныя спісы Еўразвязу ён мог трапіць адразу пасля выбараў 2020 года, якія суправаджаліся масавымі пратэстамі беларусаў і іх жорсткім задушэннем уладамі. Як у бізнесоўцы атрымалася пазбегнуць заходніх абмежаванняў для сябе і сваіх актываў, ён патлумачыў у каментары для «Нашай Нівы», але дэталяў удакладняць не стаў:

«Я мяркую, што ў тых, хто складае гэтыя спісы, ёсць пэўныя крытэры ўключэння. Напэўна, карэктна ставіць пытанне аб тым, ці адпавядае “Санта Брэмар” гэтым крытэрам? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы — “гаманцы”, — у тэрміналогіі аўтараў? Я не думаю. Я думаю, што яны прымаюць рашэнні не на падставе інфармацыі, хто колькі рыбы экспартуе, а на падставе іншых крытэраў, якім “Санта Брэмар” не адпавядае».

Нашае расследаванне паказала, што бізнес Аляксандра Машэнскага не такі чысты, якім ён спрабуе яго паказаць: БРЦ знайшоў фірмы ў афшорах, магчымыя маніпуляцыі з падаткамі ў Літве, сувязі з Лукашэнкам і ягонай сямʼёй, куплю дзяржпрадпрыемстваў без таргоў і льготы, якіх няма ў канкурэнтаў.

Мабыць, разумеючы хісткасць свайго становішча, Машэнскі ўжо зрабіў крокі, каб засцерагчы бізнес ад наступстваў у выпадку свайго трапляння ў санкцыйныя спісы. У літоўскай кампаніі Santa Trade, якая існуе дзякуючы крэдыту, праз паўтара месяца пасля пачатку вайны ва Украіне змяніўся ўладальнік. Цяпер Santa Trade належыць не «Санта Брэмар», а кіпрскай кампаніі Newride Services Limited. Дзякуючы OCCRP мы даведаліся, што гэтай фірмай валодае дачка бізнесоўцы Яна Машэнская.

Крыніца: БРЦ

Паводле дакументаў, Яна Машэнская жыве ў Лондане. Там яна вучылася ў школе эканомікі. Кіпрская фірма дачкі Машэнскага валодае іншай фірмай у Іспаніі, на якую запісаны катэдж недалёка ад Барселоны. Набыты амаль за €3 млн трохпавярховы будынак размешчаны прыкладна ў двухстах метрах ад мора. [*][*][*]

Але інтарэсы бізнес-лэдзі распаўсюджваюцца не толькі на Літву і Іспанію. Пасля пачатку вайны на яе таксама перапісалі кампаніі Машэнскага ва Украіне. Цяпер яны знаходзяцца ў падвешаным стане, бо мясцовыя ўлады арыштавалі іх маёмасць праз беларускае паходжанне ўладальнікаў.

Гэта, магчыма, стане падставай для далейшых правяранняў бізнес-актываў Аляксандра Машэнскага. Іншыя набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы ўжо даўно трапілі пад санкцыі ЕЗ. У Машэнскага атрымалася іх пазбегнуць, карыстаючыся падтрымкай ісландскіх дыпламатаў. Сыходзячы з прамовы на пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, сярод іх ужо ёсць праціўнікі такіх дзеянняў.

БРЦ папрасіў Аляксандра Машэнскага пракаментаваць ягоныя супольныя пералёты з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраванне афшорнымі кампаніямі, наяўнасць бізнесу ў Літве і крэдытную карусель з прыкметамі заніжэння падаткаў, у якой удзельнічаюць звязаныя з ім фірмы. Ён адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні:

«Пакіну ў баку тыя з вашых пытанняў, якія закранаюць асабіста мяне і маю сямʼю, а таксама пытанні, мэта якіх — прычыніць шкоду мне і іншым людзям. У гэтай частцы магу толькі патлумачыць, што ўсе кампаніі, да якіх я маю дачыненне, ствараліся і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам».

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.