- За 5 гадоў сваякі Мікалая Варабʼя набылі кватэры і шале ў Аўстрыі. Гэтая маёмасць не трапіла пад санкцыі.
- Шматгадовым партнёрам па пералётах і прыяцелем Варабʼя ў Аўстрыі зʼяўляецца Максіміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі. Праз свайго бацьку ён узыходзіць да адной з галінаў аўстра-венгерскага імператарскага роду Габсбург-Латарынгскіх і мае шчыльныя сувязі з РФ.
- Зяць Варабʼя на працягу шэрагу гадоў дапамагаў бізнесменам з постсавецкай прасторы захоўваць грошы ў Швейцарыі. Але быў вымушаны падаць у адстаўку пасля скандалу са сваяком.
- Беларускі бізнесовец Мікалай Варабей лічыцца галоўным нафтавым «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі, за што і трапіў пад санкцыі ЕЗ 17 снежня 2020 года. Але, як высветліла наша сумеснае расследаванне з аўстрыйскім выданнем Dossier, раней Варабей звіў сабе гняздо ў Аўстрыі, дзе яго сямʼя валодае люксавай маёмасцю і сувязямі ў мясцовых элітах.
Найбольш прыкметны актыў – шале ў рэгіёне Карынтыя на поўдні Аўстрыі. Да рэзідэнцыі плошчай у 300 квадратаў прыкладаецца ўчастак у 19 тысяч квадратных метраў, з лугамі, лясамі і садамі. Належыць гэта маёмасць фірме Power Chemical Trading,
а ёй, у сваю чаргу, валодае Кацярына Смушковіч, у дзявоцтве – Варабей. Доля ў Power Chemical Trading ёй дасталася ад бацькі,
Мікалая Вараб'я, а той атрымаў яе ад Максіміліяна Крыстафа Фон Габсбург-Латарынгскага,
нашчадка адной з галін імператарскага роду Аўстра-Венгрыі.
Як відаць па дакументах, менавіта ад бацькі
Кацярына Варабей атрымала шале і аўстрыйскія землі, якія былі запісаныя на кампанію Power Chemical Trading.
Гэта значыць на шале яна не сама зарабіла і набыла не за свае грошы. У фірме ў розныя гады значыліся альбо 0, альбо 1 супрацоўнік. У фінансавай справаздачы за 2020 год у іх зафіксаваны чыстай страты – 1,5 мільёна еўраў.
Што гэта значыць? Усё выглядае так, як быццам асноўная функцыя фірмы – валоданне домам у Карынтыі і абслугоўванне яго.
Знаёмства ў вышэйшым свеце: афёра на мільярды і шпіёнскія гульні
Хто ж такі гэты Максіміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі, ад якога сямейству Вараб'я дасталася фірма з шале і ўгоддзямі?
Як паказала расследаванне, партнёры былі знаёмыя задоўга да ўгоды з MHL Property Management – так раней называлася Power Chemical Trading.
З дапамогай «Кіберпартызанаў» высветлілася: пачынаючы з верасня 2013 года Варабей, Габсбург-Латарынгскі і іх сваякі неаднаразова здзяйснялі пералёты з Еўразвязу ў Беларусь і назад.
47-гадовы Максіміліян Габсбург-Латарынгскі працаваў у аўстрыйскіх банках Privatbank і Liechtensteine Landesbank (Österreich) AG, а цяпер валодае элітнай аўстрыйскай вінаробнай кампаніяй Weingut Habsburg і кампаніяй Habsburg Solutions, якая прапануе розныя паслугі прыватным кампаніям і асобам, у тым ліку і ўгоды з нерухомасцю.
З 2020 года прыяцель Вараб'я кіруе «Аўстрыйска-расейскім таварыствам сяброўства», якое займаецца пасрэдніцтвам у бізнес-кантактах паміж бізнесоўцамі гэтых краінаў. Габсбурга называлі даверанай асобай Фларыяна Штэрмана – заснавальніка «Аўстрыйска-расейскага таварыства сяброўства».
Па паведамленнях аўстрыйскай прэсы, гэтае таварыства і, у прыватнасці, Штэрман маглі мець дачыненне да аднаго з самых шуканых падазраваных аферыстаў Еўропы – Яна Марсалека.
«Так, тое, што мы ведаем пра Яна Марсалека, кажа пра тое, што гэта, вядома, вельмі незвычайны чалавек. Ён быў адным са стваральнікаў Wirecard, што з'яўляецца такой своеасаблівай сучаснай плацежнай сістэмай. Сутнасць якой заключаецца ў тым, што яна дае магчымасць пераводзіць спрошчаным спосабам грашовыя сродкі паміж рознымі краінамі, і цяпер, у прынцыпе, такіх плацежных сістэм электронных даволі шмат. Але, калі яны пачыналі, гэта там, мне здаецца, ці ледзь не 10 гадоў таму, гэта было даволі новай з'явай, і хуткарослай. І з часам аб'ёмы сродкаў, якія яны такім чынам пераводзілі з краіны ў краіну складала, там, мільярды долараў. То бок, гэта каласальныя аб'ёмы фінансавых сродкаў з вялікай колькасцю кліентаў, і гэта, вядома, не магло не цікавіць спецслужбы розных краін, уключаючы расейскія. І мы бачым, што на нейкім этапе Ян Марсалек, паўтаруся, адзін з сузаснавальнікаў гэтай сістэмы, пачынае рэгулярна прыязджаць у Расею, прычым з вельмі дзіўнымі паездкамі. Літаральна там, часам, на 2 дні, часам менш, чым на адныя суткі, гэта значыць літаральна на некалькі гадзін. То бок, гэта нават не падобна да дзелавых нейкіх паездак, а гэта нейкія вельмі дзіўныя такія чоўнавыя перамяшчэнні ў Маскву, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму, але відавочна, што гэта не нейкія там дзелавыя перамовы. Так, дзелавыя перамовы павінны займаць, ну, хаця б адныя суткі. Часам ён прылятаў у аэрапорт на некалькі гадзін», - кажа Раман Дабрахотаў, галоўны рэдактар The Insider, расейскага расследавальніцкага агенцтва, якое разам з Der Schpiegel і Bellingcat адсачыла ўцёк Марсалека ад нямецкіх і аўстрыйскіх праваахоўных органаў.
«Ян Марсалек быў вельмі асаблівым чалавекам з вельмі асаблівым сувязямі, і я нават магу сказаць, загадкавымі сувязямі. Таму што Ян Марсалек стаў вядомы, прынамсі, у Нямеччыне за валоданне формулай «Навічка», якая з'явілася ў яго ад спецслужбаў. І ён, звычайны бізнэсовец у Нямеччыне, атрымаў гэтую формулу, якая была вялікім сакрэтам, бо гэта вельмі таксічнае рэчыва. І ён казаў Браўну, што ў яго ёсць да яе доступ. Яны былі добрымі сябрамі з людзьмі са спецслужбаў Лівіі, Расеі, Аўстрыі, гэта значыць ён быў не звычайным бізнесменам, як, я думаю, людзі ў большасці сваёй прадстаўляюць бізнесмена. Ён быў бізнэсменам з мноствам сувязяў са спецслужбамі», – дадае Фрэдэрык Обэрмаер, кіраўнік Paper Trail Media, нямецкага агенцтва расследаванняў.
Гаворка пра справу Wirecard – буйной нямецкай кампаніі, якая займалася забеспячэннем інтэрнэт-плацяжоў. На момант скандалу яна ўваходзіла ў індэкс трыццаці найбуйнейшых кампаніяў Германіі DAX. А пачынала з забеспячэння аплаты паслугаў порнасайтаў і інтэрнэт-казіно, піша «Новая Газета». Як паведамлялася, летам 2020 года аўдытары Ernst&Young адмовіліся падпісваць фінансавую справаздачу кампаніі, паколькі выявілі нястачу ў памеры амаль двух мільярдаў еўраў.
Паводле расследавання цэнтру «Дасье», Марсалек пакінуў Вену праз Менск, а арганізацыяй уцёкаў павінен быў заняцца былы дэпутат аўстрыйскага парламенту ад «Аўстрыйскай партыі свабоды». Паводле інфармацыі расследавальнікаў, дапамаглі Марсалеку і расейскія спецслужбы, якія на мяжы з Беларуссю выдалі яму пашпарт на новае імя.
«І ў 2020 годзе, калі раскрылася ўся гэтая схема з вялізнай, там ледзь не пару мільярдаў долараў дзірой у гэтай плацежнай сістэме, Марсалек знікае. І калі вось мы пачалі шукаць ягоную апошнюю паездку, аказалася, што ягоная апошняя паездка была ў Рэспубліку Беларусь. Я думаю, што адтуль ён адразу адправіўся ў Расею, то бок я ня думаю, што Беларусь нейкі час яго хавала, паколькі, хаця ў яго там было нейкае таксама месца знаходжання, але, я думаю, што, асноўная ягоная усё ж база была і застаецца ў Расеі, паколькі яго прыкрываюць расейскія спецслужбы. У якіх адносінах ён быў з беларускімі спецслужбамі, мы не расследавалі, але наколькі мы разумеем, што КДБ Беларусі працуе з расейскім ФСБ у шчыльным кантакце. Таму, я думаю, што хутчэй за ўсё яны шчыльна ўзаемадзейнічалі ўжо на моманце, калі ён у 2020 годзе прылятае. Я думаю, што там усё ўжо было паміж абедзвюма спецслужбамі ўзгоднена», - кажа Дабрахотаў.
«Зыходзячы з таго, што я ведаю пра Беларусь, у Беларусі вельмі магутныя спецслужбы, добра дасведчаныя спецслужбы, якія атрымліваюць шмат інфармацыі. Таму для мяне было б сапраўды вельмі дзіўна, калі б беларускія спецслужбы не ведалі, што Ян Марсалек прыбывае ў іх краіне, хто такі Ян Марсалек, бо дастаткова пагугліць, каб даведацца, што ён не проста бізнесмен, а бізнесмен ва ўцёках. Але што магло быць матывацыяй? Можа, беларускія ўлады імкнуліся дапамагчы сяброўскаму ўраду. Можа, беларуская разведка хацела дапамагчы расейцам. Ці, можа, ёсць нават больш просты адказ. Можа, іх падкупілі», - дадае Обэрмаер.
Сумесная праверка Беларускага расследавальніцкага цэнтру і «Кіберпартызанаў» паказала, што сапраўды 19 чэрвеня 2020 года ў менскі аэрапорт з Аўстрыі прыляцеў прыватны джэт з Янам Марсалекам на борце.
Са злітай перапіскі аднаго з прадстаўнікоў «Аўстрыйскай партыі свабоды» вынікала, што Штэрман служыў пасярэднікам у перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі «Аўстрыйскай партыі свабоды» ад Марсалека.
Пасля скандалу з Wirecard і ўцёкаў Марсалека Штэрман сышоў з пасады адказнага сакратара «Аўстрыйска-расейскага таварыства сяброўства», але, згодна з аўстрыйскай прэсай, прасунуў на месца прэзідэнта Максіміліяна Габсбурга-Латарынгскага – сваю давераную асобу і прыяцеля Мікалая Вараб'я.
«Аўстрыйска-расейскае таварыства сяброўства» вельмі сумна вядомае. Шмат чутак аб тым, што гэтая арганізацыя прынамсі магла мець кантакты з людзьмі, якія ў мінулым былі звязаныя са спецслужбамі. Таму гэтае таварыства сяброўства, якое здаецца нармальнай арганізацыяй, якіх тысячы. Але гэтая арганізацыя пад прыцэлам заходнім спецслужбаў ужо даволі доўгі час, таму што вакол яе заўсёды скандалы і ў ёй ёсць людзі, якія ўсплываюць то ў адным скандале, то ў іншым», - падсумоўвае Фрэдэрык Обэрмаер.
«Ну, гэтая знаёмая назва, так, то бок я з ёй сутыкаўся, але зноў жа, падрабязнасцяў я не ведаю. Справа ў тым, што Марсалек, ён яшчэ даволі быў такі і ёсць, напэўна, зараз актыўны чалавек, які меў вялікае мноства кантактаў. І калі мы сталі аднаўляць увогуле гісторыю падзей і чым Марсалек займаўся, аказвалася, што, увогуле, зрабіць даволі складана, таму што ён, ён аказваўся літаральна ўсюды, усплываў. Вось куды не ткні. То бок, ён і з ГРУшнікамі, ён і паказваў формулу «Навічка» нейкім сваім знаёмым. Ён там і ў Еўропе, і ў Брытаніі, і ў Расеі, і ў Афрыцы, ну, гэта значыць такі ўсюды Чычыкаў, так, персанаж. Вельмі спрытны, і ён паспеў паўдзельнічаць больш-менш усюды. Таму ўсе ягоныя сувязі нейкім чынам падняць мы проста не змаглі. Але так ці інакш, я думаю, што калі нешта за апошнія 10 гадоў адбывалася ў Аўстрыі Марсалек там абавязкова паўдзельнічаў. Проста таму, што ён надзвычай бурную дзейнасць там вёў, і меў вельмі шчыльныя кантакты з аўстрыйскімі спецслужбамі, якія нейкі час яго пакрывалі да таго часу, пакуль не змянілася ўлада. Таму ён атрымліваў, у тым ліку інфармацыю знутры аўстрыйскіх спэцслужбаў, калі трэба было. Таму так, таму ён адчуваў сябе ў Аўстрыі даволі камфортна, і калі нейкія расейскія і беларускія арганізацыі вялі дзейнасць у Аўстрыі, я думаў, што ўсюды ім там Марсалек мог дапамагаць, канешне, будучы іх даверанай асобай», – дадае Раман Дабрахотаў.
Ці распаўсюджваліся сувязі Варабʼя праз Габсбурга, на Штэрмана і Марсалека? Мы паспрабавалі задаць гэтыя пытанні самому Варабʼю, але ні на нашыя званкі, ні на нашыя запыты ён не адказаў.
Кватэры ў Вене і расейскія сувязі
Акрамя шале ў Карынтыі, як мы даведаліся з дапамогай нашых калегаў з аўстрыйскага выдання Dossier, сямʼя Варабʼя валодае кватэрамі ў аўстрыйскай сталіцы. У 2013 годзе жонка бізнесоўца Тамара Варабей купіла ў Вене кватэру
за 3,7 мільёнаў еўраў.
Праз тры гады іх дачка 28-гадовая Кацярына Варабей стала ўладальніцай згаданых зямель у Карынтыі. А ў снежні 2017 года Кацярына купіла апартаменты ў першым раёне Вены.
За 202 «квадраты» яна выклала 3 мільёны еўраў.
У год куплі кватэры ў сталіцы Аўстрыі Тамара Варабей працавала ў наваполацкіх кампаніях «Аўтаімпарт» і «Інтэрсэрвіс», а таксама была саўладальніцай апошняй разам з мужам.
Гадавая зарплата жонкі Вараб'я складала 35 тысяч долараў.
Іншая справа, што за год да гэтага «Інтэрсэрвіс» паспеў добра зарабіць на продажы «растваральнікаў і разбаўляльнікаў». Гэта была адна з найбуйнейшых «шэрых» схемаў, якую пракруцілі беларускія ўлады і алігархі. Скарыстаўшыся хібамі ў заканадаўстве, Беларусь рээкспартавала нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты, пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла ёй пазбягаць выплатаў у расейскі бюджэт пошлінаў за пастаўкі паліва за межы мытнага саюзу. Расея запатрабавала ад Беларусі кампенсацыю ў 1,5 мільярда долараў. У выніку скандал атрымалася замяць.
Дачка Вараб'я, Кацярына, на момант набыцця нерухомасці была звязаная з кампаніяй Devana Services, якая займалася прыцягненнем еўрапейскіх паляўнічых у «Чырвоны Бор» у Віцебскай вобласці, дзе знаходзіцца аднайменная турбаза і паляўнічая гаспадарка Мікалая Варабʼя. Мы адсачылі гісторыю даменаў сайту Devana Services і даведаліся, што гэтыя дамены дачка Мікалая Варабʼя Кацярына рэгістравала на сябе асабіста.
Расейскі бамонд у Аўстрыі
У Аўстрыі Варабʼі таксама сябруюць з Галдоўскімі.
Галава сямейства – Якаў Галдоўскі – валодае аўстрыйскай інвестыцыйнай кампаніяй Petrochemical Holding. У свой час ён узначальваў буйны расейскі нафтахімічны холдынг «Сібур». Каля 20 гадоў таму бізнесовец прадаў усе свае расейскія актывы структурам «Газпрому» і з'ехаў з краіны адразу пасля таго, як яго выпусцілі з Бутырскай турмы. Галдоўскі прызнаваўся, што пераезд у Вену адбыўся ў тым ліку таму, што там жылі «партнёры па бізнесе ў Беларусі».
У 2017 годзе Кацярына Варабей, якая адвучылася ў Аўстрыі, змяніла прозвішча, таму што выйшла замуж за Яўгена Смушковіча. Ён тады ўзначальваў падраздзяленне швейцарскага інвестбанку Julius Baer па Расеі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якое спецыялізуецца на аказанні фінансавых і кансалтынгавых паслуг.
Па сутнасці, банк дапамагае семʼям, чые багацці звыш 2 мільёнаў долараў, прымножыць капітал і захаваць яго ў сакрэце. Аднак і конь на чатырох нагах, і то спатыкаецца. У 2018 годзе Julius Baer трапіў у скандал з удзелам былога супрацоўніка банку, якога абвінавацілі ў адмыванні венесуэльскіх сродкаў – зламыснікам удалося скрасці каля 1,2 мільярда долараў, перш чым іх выявілі. У сакавіку 2022 года Julius Baer паведаміў, што Яўген Смушковіч сышоў у адстаўку з мэтай «абароны банку», не падаўшы іншых падрабязнасцяў. Гэта адбылося на фоне ўварвання Расеі ва Украіну, заходніх санкцыяў і абмеркавання сяброўства Варабʼя з «кумам Пуціна», украінскім палітыкам і бізнесоўцам Віктарам Медведчуком. Аднак да жніўня Смушковіч заставаўся на сайце банку ў якасці кантактнай асобы для кліентаў.
Зрэшты, калі меркаваць па ладзе жыцця дачкі і жонкі Мікалая Варабʼя – дабрабыт іх саміх ад санкцыі не пацярпеў. У сацсетках Кацярына і яе маці дэманструюць высокі ўзровень статуснага спажывання, выгульваючы калекцыйныя сумкі коштам ад 30
ўбрання ад куцюр,
дызайнерскія ўпрыгожанні.
Падсумоўваючы, нягледзячы на тое, што Мікалай Варабей трапіў пад еўрапейскія санкцыі ў 2020 годзе – яго сям'я змагла пазбегнуць замарозкі аўстрыйскай нерухомасці. На сённяшні дзень яны валодаюць двума кватэрамі ў Вене і адным шале ў гарах. Як паказвае практыка, пасля нашага расследавання ў іх могуць узнікнуць непрыемнасці з мясцовымі ўладамі.
Так, сябар Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Гуцэрыеў паспрабаваў схаваць праз шэраг афшорных кампаніяў і свайго сына Саіда нерухомасць у цэнтры Лондану. Праз месяц пасля нашага сумеснага расследавання пра гэта з выданнем The Guardian – маёмасць на мільёны долараў замарозілі, і сын алігарха таксама трапіў пад брытанскія санкцыі.
Мікалай Варабей раней ужо быў героем нашых матэрыялаў. Ён апынуўся некалькі разоў замяшаны ў скандалах з продажам бензіну, дызпаліва і вугалю. Пасля нашага расследавання ў лютым гэтага года – улады Эстоніі забаранілі экспарт і транзіт усіх беларускіх нафтапрадуктаў, падазраючы, што пад выглядам незабароненых нафтапрадуктаў праз іх краіну пастаўляюцца падсанкцыйныя. Варабей, зарабіўшы багацці на продажы энергарэсурсаў, таксама ўклаўся ў іншыя актывы ў Беларусі – «Абсалютбанк» і паляўнічую гаспадарку «Чырвоны бор». Ён таксама ўмацаваў пазіцыі з Лукашэнкам – на ягонае даручэнне стаў адным з адказных за стварэнне «Аршанскага афшору» у Балбасава разам з Аляксеем Алексіным і Аляксандрам Зайцавым. У гэты ж час, як нядаўна высветлілася, сям'я Варабʼя вырашыла звіць гняздо ў Еўразвязе.