Пра неафеадальныя рысы барацьбы вакол манархічнага атрымання пасады ў спадчыну
«Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой пасля нарады аб пашырэнні паўнамоцтваў старшыняў райвыканкамаў [заявіў]: "Людзі незадаволеныя тым, што дзесьці паштовыя аддзяленні зачыняюцца. Дзесьці нейкія крамы сельскія зачыняюцца. Банкаматы прыпыняюць сваю дзейнасць. Яны натуральна пішуць наўпрост, як бы сваю незадаволенасць адразу выказваючы на ўзровень прэзідэнта". <...>
Тады ж Крутой пагражаў выправіць гэтае становішча на ўзроўні ўказа Лукашэнкі. І такі ўказ сапраўды быў прыняты. <...> Калі коратка,<...> медыі абавязалі маніторыць "грамадска значную інфармацыю", але распавядаць не пра праблемы, а "пра захады, якія прымаюцца для вырашэння праблем". Гэта нават не так, як было ў Савецкім Саюзе, дзе СМІ часам дазвалялі пісаць, што хтосьці дзе-нідзе ў нас, часам, сумленна жыць не хоча. <...>
Практычна даслоўнае супадзенне тэзісаў [першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі] Пяткевіч і [Дзмітрыя] Крутога, гэта не толькі пра вастрыню праблемы <...>. Здаецца мне, што ў гэтых тэкстаў папросту адзін аўтар. Лукашэнка, магчыма, і вяртаў Пяткевіч у адміністрацыю для таго, каб яна забяспечыла яму беспраблемнае падаўжэнне кіравання. Але па факце мы бачым, што з'явіўся блок Крутога і Пяткевіч, якая далучылася да яго. Калі гэтая здагадка дакладная, то яна з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем мінулай высновы: палітыка ў вярхах набывае неафеадальныя рысы барацьбы вакол манархічнай перадачы пасады ў спадчыну».
Дэвіз дома Моцных
«Сімптаматычным выглядае з'яўленне расследавання "Бюро Медыя" пра меркаваную пазашлюбную дачку Лукашэнкі адразу пасля інтэрв'ю БелТА не менш пазашлюбнага Мікалая Лукашэнкі. Праўдзівы сэнс гэтага інтэрв'ю мы разбіралі не далей як у мінулай праграме. Якія б мэты не пераследвалі аўтары расследавання, сігнал які яно пасылае, выглядае як недвухсэнсоўны напамін пра тое, што гульня тронаў — гэта гульня калектыўная.
Калі ўжо пайшлі па гэтым трэку — адмовы ад легальных механізмаў пераемніцтва, то трэба быць гатовым да такіх палацавых інтрыг, калі таямніца спадчынніка Баратэонаў (род з серыі эпічных фэнтэзійных раманаў амерыканскага пісьменніка Джорджа Марціна "Песня лёду і полымя" і яго тэлеадаптацыі "Гульня тронаў" — рэд.) падасца дзіцячым лопатам у параўнанні з будучай беларускай бітвай бастардаў.
Моцным драматургічным элементам публікацыі пра меркаваную пазашлюбную дачку Лукашэнкі стала тое, што яе бацька ў дакументах запісаны як Аляксандр Рыгоравіч Моцны. І ўжо не важна тое, што гэта сапраўднае прозвішча маці. Як у Вэстэросе незаконнанароджаным нашчадкам царскіх родаў давалі спецыяльныя прозвішчы: у Баратэонаў — Шторм, у Старкоў — Сноў. Ну а Лукашэнка можа быць толькі Моцным.
І трэба ж нейкі дэвіз гэтаму дому Моцных прыдумаць. Ну, як у Старкоў — "Зіма блізка!", у Грэйджояў — "Мы не сеем!”. На дапамогу нечакана прыйшоў былы міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы, які ўспомніў, як наказы Лукашэнкі паўплывалі на ягоны лёс: “Прымай рашэнні. Кіраўнік, які не прымае рашэнні, — гэта не кіраўнік. <...> Другое — не ўваходзіць у чыёсьці становішча. Тонем — будзем усе разам тануць, не баяцца". Таму які дэвіз? "Мы не тонем"».
Палітычнае паражэнне
«Апошнім часам Лукашэнка неяк не выглядае такім непатапляльным, як раней. І нават абяцанне тануць разам выглядае не вельмі пераканаўча пасля гісторыі з эвакуацыяй Башара Асада ў Маскву. У свой час падзенне рэжымаў Кадафі і Хусэйна зрабіла на Лукашэнку незгладжальнае ўражанне. І, дарэчы, на Пуціне таксама. Спарадзіўшы ў іх панічны страх перад аранжавымі рэвалюцыямі, якія прадэманстравалі рэальную любоў да сваіх кіраўнікоў.
Але там можна было хаця б вінаваціць ва ўсім Захад. Але з Асадам усё яшчэ горш. Яго гісторыя ставіць пад сумнеў надзейнасць гарантый бяспекі, выдадзеных расейскім хаўруснікам. Як слушна заўважыў галоўны рэдактар karnegi.ru Аляксандр Баўноў, армія хаўрусніка можа ваяваць разам з тваёй, але не замест тваёй. І ў гэтым сэнсе падзенне Асада было паразай не вайсковай, а палітычнай».
Свая валізка і свая кнопка, але вырашае Пуцін
«Тое, што пачыналася як абяцанні старэйшага брата абараніць малодшага, скончылася абавязацельствам Беларусі абараняць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Саюзнай дзяржавы. Хоць яшчэ нядаўна Лукашэнка распавядаў, што ад нас Расеі ніякай карысці не будзе. Таму што, калі што, то нас адразу перамогуць і Расеі давядзецца ваяваць на два фронты.
Танальнасць памянялася і ў Пуціна. Лукашэнка распавядае, як тактычная ядравая зброя будзе працаваць як элемент стратэгічнага стрымлівання. Што само па сабе абсурдна. Таму што стрымліваючым фактарам заўсёды з'яўляліся стратэгічныя ядравыя сілы, якія ўвесь час знаходзяцца на дзяжурстве, у адрозненні ад тактычнай зброі, ужыванне якой немагчыма без адмысловых падрыхтоўчых мерапрыемстваў.
І да гэтага дадаліся яшчэ размовы пра тое, што і мэты для ўдараў зброяй, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, як ядравай, так і "Орешник", вызначаць будзе ён [Пуцін]. Самастойна. А сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вольфавіч распавядае, што ў Лукашэнкі ёсць і свая валізка, і свая кнопка».