Пытанне пра статус палітвязняў
«52 чалавекі, сярод якіх былі 14 замежных грамадзянаў, з беларускай турмы вывезлі да мяжы Літвы і перадалі ў рукі амерыканскіх прадстаўнікоў. Пры гэтым у палітвязняў, якіх вывозілі з турмы КДБ, папярэдне адабралі пашпарты. Замест гэтага ім выдалі даведкі, якія нават не засвядчаюць асобу. Гэтым разам усё было зроблена так, каб гэта нават не выглядала актам гуманізму, якім традыцыйна ўлады тлумачылі ўсе вызваленні. І галоўнае, каб зрабіць немагчымым вяртанне ў краіну.
Менавіта таму шмат хто сталі называць гэтую спецаперацыю вызваленнем з наступнай дэпартацыяй. Але, як патлумачыў юрыст, адвакат, былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч у інтэрв'ю “Белсату”, ні дэпартацыя, ні экстрадыцыя не могуць ужывацца дзяржавай у дачыненні ўласных грамадзянаў. … Удакладніўшы, што гэта нагадвае савецкія практыкі ў адносінах да дысідэнтаў.
Чаму важнае пытанне пра юрыдычную кваліфікацыю таго, што здарылася? Таму што гэта сістэма з выгнаннем з краіны працавала, пакуль ніхто не задаваўся лішнімі пытаннямі. Але гэтым разам знайшоўся чалавек, які паставіў пытанне пра тое, што гэта ўвогуле было і ў якім статусе знаходзяцца вызваленыя. Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну. І сапраўды, калі б гаворка ішла пра памілаванне, то гэта жаданне не мела б для яго ніякіх негатыўных наступстваў».
Хапаюць больш, чым адпускаюць
«Як і ў выпадку з Марыяй Калеснікавай, злачынствам з'яўляецца само жаданне заставацца ў краіне. І тым самым сітуацыя адрозніваецца ад усіх папярэдніх выпадкаў, калі пад міжнародным ціскам рэжым выпускаў палітвязняў, улучаючы таго ж Статкевіча. Больш за тое, тады ўмовай было не простае вызваленне палітвязняў, а іх адсутнасць. Ідэя была — усіх выпускаем і новых не садзім.
Цяперашняя сітуацыя цалкам процілеглая. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру “Вясна-96”: “З 18 студзеня ў Беларусі адбыліся 9 хваляў памілавання палітзняволеных — агулам было вызвалена 170 чалавек. За гэты час 283 чалавекі атрымалі статус палітвязня”.
Яшчэ раз: гэта толькі тыя, хто быў прызнаны палітвязнямі. У закладнікі было ўзята значна больш. Паводле дадзеных “Флагштока”, у адной толькі Гомельскай вобласці з пачатку года толькі па справе “Беларускага Гаюна” былі затрыманы 250 чалавек. Гэта нават не плато рэпрэсій, гэта іх эскалацыя. Хапаюць у разы больш чым адпускаюць».
Непрымальнае робіцца прымальным
«Лепш так, чым ніяк, кажуць нам. І гэта абсалютная праўда. Але рабіць з гэтага выснову “ці так, ці ніяк” — гэта, як мінімум, грубая лагічная памылка, а як максімум — нахабная маніпуляцыя. Таму што, колькі б Лукашэнка не расказваў пра тое, што гэта пытанне дваццатае ў яго перамовах з амерыканцамі, насамрэч, гэта і ёсць адзінае пытанне, пра якое яны кажуць публічна. І Лукашэнка яўна не знаходзіцца тут у моцнай перамоўнай пазіцыі. “Я папярэдзіў амерыканцаў адразу: як толькі нам стане вядома, што вы пачынаеце ім падыгрываць, нашым збеглым, і разам пачынаеце нейкую гульню ажыццяўляць, мы адразу з вамі спыняем усе перамовы”, — казаў Лукашэнка сваім журналістам 22 жніўня, пасля вызвалення групы з 14 закладнікаў. Тыпу, такія вось у нас чырвоныя лініі.
А ўжо на сустрэчы ў Менску з [прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам] Коўлам 11 верасня ён сказаў: ”Асабліва нашы збеглыя (мы іх клічам), яны так хочуць прымазацца да гэтай тэмы. Ну, Крыс, ты гэта добра ведаеш. Я добра інфармаваны — ты з імі перамовы вядзеш і з намі. Напрамілы бог. Гэта ваша справа, з кім весці перамовы”.
Ну, і агулам, не такая гэта лінія і чырвоная. Калі нам кажуць пра прынцыповасць Лукашэнкі і пра тое, што ёсць пазіцыі, з якіх ён ніколі не адступіцца, мы бачым, што тое, што нядаўна было непрымальным, выдатна робіцца прымальным».
Што хоча Лукашэнка ад Трампа
«30 гадоў нязменнай дыктатуры. Як у вас гэта атрымалася? Гэта роўна тое, пра што я казаў. Лукашэнка спрабуе прадаць Трампу з яго аўтарытарнымі замашкамі свой досвед аўтапераварота — ператварэнне дэмакратычнай краіны ў таталітарную за кароткі гістарычны тэрмін. Тую сферу, у якой Лукашэнка лічыць сябе першапраходнікам. Доналд, навошта табе гэты Орбан? Я ж лепш за Орбана.
Але гэта, што Лукашэнка хоча даць Трампу. А што Лукашэнка хоча атрымаць ад Трампа? На першы неспрактыкаваны пагляд, дробныя гешэфты кшталту зняцця санкцый са свайго гаманца ці запчастак для свайго Boeing. Насамрэч, нам не трэба нават меркаваць. Лукашэнка сам прагаварыўся. І гэта самае каштоўнае прызнанне за апошні час.
У Лошыцкім парку, звяртаючыся да свайго прэзідэнцкага народу, Лукашэнка заявіў: “Вы — малайцы. Мы з вамі ў 2020 годзе перажылі мяцеж. Разумелі, што магло б быць. Цяпер вы разумееце, гледзячы на Украіну. А мне даводзіцца кожны дзень працаваць з гэтым. Ведаеце, амерыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы з імі вядзём пэўныя перамовы. Мы ўстаканім сітуацыю. Зробім так, як гэта патрэбна для нас”.
І гэта фраза патрабуе асцярожнага размінавання. Ну, па-першае, у 2025 годзе казаць “мы перажылі мяцеж” азначае, што не. Вы яго дагэтуль не перажылі.
Па-другое, нічога не скончылася. Вы ж бачыце, з чым даводзіцца мець справу, кажа ён: мы сітуацыю ўстаканім, а не ўстаканілі.
Трэцяе, з дапамогай перамоў з амерыканцамі ён хоча ўстаканіць сітуацыю. То бок — яшчэ раз. Ён не ўспрымае вынікаў перамоў як нешта нязручнае. Як нейкі ціск. Наадварот, знойдзены ім здзеклівы спосаб вызвалення з незаконным выдварэннем для яго — магчымасць стабілізацыі яго ўнутранага становішча».