Навіны з Чалым

15 лістапада

Якая розніца паміж перамогай і паразай Лукашэнкі на выбарах і які дэвіз выбарчай кампаніі

Майстар-клас па выбарах, кандыдаты, якія сышлі з дыстанцыі, і барацьба за 7% — разбор апошніх навін Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка даў наказ кандыдатам у кандыдаты ў прэзідэнты, а аналітычны цэнтр ЕсооМ апублікаваў вынікі сацыялагічнага даследавання «Фактары ўстойлівага развіцця». Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Электаральная кампанія ў Беларусі
00:50 Парады кандыдатам
04:10 Кандыдаты, якія зняліся
06:40 Рэальныя лічбы падтрымкі Лукашэнкі

Майстар-клас па правядзенні выбарчай кампаніі

«Аляксандр Лукашэнка праводзіць майстар-клас удзелу ў выбарах. Ну, як майстар-клас? Прыкладна такі, як ён праводзіў на трэцім чэмпіянаце па рубцы дроваў сярод супрацоўнікаў сваіх медыяў. То бок, калі сіл для рубкі дроваў ужо няма, ты чытаеш лекцыю пра тое, як гэта правільна: вось так замахваешся, б'еш сюды, у гэтую кропку. 

З гэтай жа прычыны Лукашэнка пачаў даваць указанні пра тое, як правільна праводзіць выбарчую [кампанію], спарынг-партнёрам, якія і так, агулам, неахвотна ўдзельнічаюць у гэтым фарсе. Прычым літаральна». 

Пра дэвіз электаральнай кампаніі і імітацыю народнай просьбы

«Катастрофа з палітычнымі лозунгамі і слоганамі. Кампанія-флэшмоб “Трэба" была недарэчнай з самага пачатку, калі імітавала народную просьбу да Лукашэнкі ісці на выбары ўжо пасля таго, як ён сваё жаданне выказаў. Вось, напрыклад, у Полацку: "Трэба, трэба, трэба, — хорам звярнуліся да Лукашэнкі госці свята "Жывіце доўга і на выбары ідзіце"". Хоць, дакладней тут было сказаць "дайдзіце".

Але хто б мог падумаць, што гэтае "ТРЭБА" стане адзіным дэвізам, зместам і сэнсам усёй яго выбарчай кампаніі. Яны могуць сказаць "трэба", але не могуць адказаць на ўдакладняючае пытанне "а навошта?”. Таму што гэта першыя выбары, у якіх ніякай тэмы. У 2010 годзе — абяцанне тысячы долараў. У 2015-м — "вы ж не хочаце, як ва Украіне, пацярпіце мяне яшчэ пяць гадоў". А цяпер засталося толькі "трэба". Не лічыць жа ўсур'ёз праграмай абяцанне выправіць за два-тры гады ўсё тое, што ён не зрабіў за папярэднія трыццаць гадоў».

Галоўная інтрыга выбараў, якія маюць адбыцца, і надзейны тыл

«Два кандыдаты ў кандыдаты [ў прэзідэнты] ужо абвясцілі аб зняцці сваіх кандыдатур, што зрабіла гэтыя выбары яшчэ больш фантасмагарычнымі. Калі вы з такой цяжкасцю знайшлі жадаючых удзельнічаць у гэтым фарсе, то навошта здымаць іх так хутка?

А калі выказаць здагадку пра немагчымае, што іх вылучэнне было непажаданым, што перашкаджала выкарыстоўваць стандартны фільтр "прэтэндэнты не змаглі сабраць дастатковую колькасць подпісаў за сваё вылучэнне"? Тым больш, што ніхто з кандыдатаў асабліва не імкнуўся збіраць подпісы за сябе. А некаторыя, асабліва заўзятыя, збіралі іх за Лукашэнку.

І добра б толькі гэтыя кандыдаты. Усе кандыдаты імкнуцца на гэтых выбарах не адсвечваць. Нават [дэпутат Алег] Гайдукевіч з яго цвёрдай рукой знік з усіх эфіраў.

Усе кандыдаты імкнуцца не адсвечваць настолькі, што зняцце дваіх стала галоўнай інтрыгай электаральнай кампаніі. <...> Вось, як патлумачыла [галоўны ідэолаг Менску Вольга] Чамаданава: "Мы — надзейны тыл, у чым можна не сумнявацца".

Пры чым тут тыл, спытаеце вы. А вось пры чым. Лукашэнка ў інтэрв'ю Першаму расейскаму каналу так тлумачыў з'яўленне альтэрнатыўных кандыдатаў: “Я думаю, яны проста дзейнага прэзідэнта хочуць засцерагчы”».

Розніца паміж перамогай і разгромнай паразай

«Літаральна напярэдадні загадкавых здыманняў з "прэзідэнцкай гонкі" былі апублікаваныя дадзеныя сацыялагічнага даследавання "Фактары ўстойлівага развіцця", праведзенага аналітычным цэнтрам ЕсооМ з 1 па 21 кастрычніка 2024 года. Калі хто забыўся, ЕсооМ традыцыйна лепш за ўсіх прагназуе вынікі выбараў, таму што ведае іх загадзя.

Рэспандэнту прапаноўвалася адказаць на пытанне "у якой ступені вы давяраеце прэзідэнту Рэспублікі Беларусь?”. "Давяраю" адказалі 80,4%. Запомніце гэтую лічбу — 80%. Гэта столькі, колькі сам Лукашэнка лічыць, што ён набраў на выбарах 2020 года.

Лічба 80 ўсплывае яшчэ раз. У чэрвені мінулага года на сустрэчы са старшынём ЦВК [Ігарам] Карпенкам Лукашэнка заявіў: "Каля 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Ну, за 20%, якія вагаюцца і якія супраць, мы яшчэ пазмагаемся". І вось ужо ў лютым гэтага года: “... бачым, што цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш за 87% насельніцтва. Адназначна падтрымліваюць". 

А цяпер трохі электаральнай матэматыкі. <...> Дадзена: 80% — гэта эўфемізм выніку на выбарах 2020 года. Пасля гэтага была пастаўленая задача пазмагацца за незадаволеных. Не менш міфічныя 87% азначаюць, што задача была пастаўлена заваяваць на свой бок не менш за траціну праціўнікаў і тых, што вагаюцца. <...> 

Гэта на першы, неспрактыкаваны погляд здаецца, што 80% і 87% — якая да д'ябла розніца. А насамрэч у іх [уладаў] уласнай шкале каардынатаў — гэта розніца паміж перамогай і разгромнай паразай».