На момант публікацыі адно з прадпрыемстваў беларускага гіганта ў Расеі «Амкадор-Анега» прапануе новую тэхніку з фінскімі дэталямі, у тым ліку забароненымі для ўвозу ў Расею. У харвестэрах Амкадор 2541, Амкадор 2551, Амкадор 2561, Амкадор 2531 выкарыстоўваюцца маніпулятары і харвестэрныя галоўкі Kesla. «Амкадор-Анега» таксама вырабляе шэсць форвардэраў і іншыя машыны, якія абсталяваныя маніпулятарамі гэтага вытворцы.
Праз дзень пасля ўварвання ва Украіну, 25 лютага 2022 года, генеральны дырэктар Kesla Сіма Саастамойнен заявіў, што кампанія адмяняе пастаўкі на «Амкадор-Анега» на агульную суму € 10 млн. Пазней прадаваць краіне-агрэсару некаторыя дэталі фінскага вытворцы стала нельга з-за абмежаванняў ЕЗ. Тэрмін выканання апошняга дасанкцыйнага кантракта скончыўся ў сакавіку 2023-га – праз год пасля пачатку вайны.