Навіны

15 сакавіка 2023

Беларусь Крэмль плануе «зʼесці» хутчэй за Малдову? Як Масква хоча падпарадкаваць сабе Кішынэў

Як і ў дакуменце па Беларусі, планы на Малдову падзеленыя на кароткатэрміновыя (да 2022 года), сярэднетэрміновыя (да 2025 года) і доўгатэрміновыя (да 2030 года).

Нядаўна ў медыі патрапіў падобны дакумент, звязаны з планамі Крамля па падпарадкаванні сабе Беларусі. Галоўнай стратэгічнай задачай Расея бачыла стварэнне да 2030 года паўнацэннай Саюзнай дзяржавы. Для гэтага ў Крамлі планавалі пашырыць сваю ваенную прысутнасць у Беларусі, спрасціць працэдуру выдачы беларусам расейскіх пашпартоў, увесці адзіную валюту для дзвюх краін і забяспечыць дамінаванне рускай мовы над беларускай у якасці дзяржаўнай.

І калі для рэалізацыі планаў па падпарадкаванні Беларусі Расея плануе выкарыстоўваць ужо існуючы механізм Саюзнай дзяржавы, то ў Малдове пашыраць свой уплыў Крэмль хоча ў тым ліку праз Прыднястроўе – з гэтым рэгіёнам звязаныя асноўныя планы ў ваенна-палітычнай сферы. Як і ў дакуменце па Беларусі, планы на Малдову падзелены на кароткатэрміновыя (да 2022 года), сярэднетэрміновыя (да 2025 года) і доўгатэрміновыя (да 2030 года).

«Не перашкаджаць расейскаму войску»

Планы па Беларусі ўключалі ў сябе такія ваенныя аспекты, як пастаянная прысутнасць расейскіх войскаў, сумеснае навучанне асабовага складу войскаў, правядзенне рэгулярных ваенных вучэнняў і сумеснае супрацьдзеянне пашырэнню НАТА на ўсход.

Планы па Малдове не прадугледжвалі знаходжанне на тэрыторыі гэтай краіны расейскага вайсковага кантынгенту. Аднак пры гэтым падкрэслівалася, што афіцыйны Кішынэў не павінен перашкаджаць пастаяннаму знаходжанню вайскоўцаў арміі Расеі на тэрыторыі Прыднястроўя.

Прыднястроўе
Крыніца: president.gospmr.org

З Прыднястроўем у Крамля, паводле дакумента, звязаныя многія задачы ў ваенна-палітычнай сферы. Так, плануецца нейтралізаваць ініцыятывы Малдовы, накіраваныя на ліквідацыю расейскай ваеннай прысутнасці ў Прыднястроўі, перашкаджаць спробам уладаў Малдовы перагледзець дамоўленасці, звязаныя са статусам Прыднястроўя. Апроч гэтага Расея хоча прымусіць кіраўніцтва чужой краіны адмовіцца ад мер палітычнага і эканамічнага ціску на прыднястроўскі рэгіён.

Што тычыцца распаўсюджвання НАТА, то ў доўгатэрміновых планах Крамля ставілася мэта фармавання негатыўнага стаўлення малдаўскага грамадства да НАТА. У планах было павелічэнне прарасейскіх НДА, таксама планавалася павялічыць прысутнасць расейскіх СМІ на тэрыторыі Малдовы. Пашырэнне прысутнасці расейскіх медыяў ў Малдове, дарэчы, уваходзіла ў планы Крамля да 2030 года. Але напрыканцы мінулага года ў Малдове прыпынілі вяшчанне некалькіх расейскамоўных тэлеканалаў. Іх абвінавацілі ў прапагандзе і некарэктным асвятленні вайны ва Украіне.

«Мэта тут не ў тым, каб падступна анексаваць краіну, а ў тым, каб узмацніць прарасейскі ўплыў у Малдове. І перш за ўсё для перадухілення пранатаўскіх і праеўрапейскіх плыняў. Крэмль разглядае Малдову хутчэй як арыентаваны на Расею буфер, чым як частку Расейскай імперыі. Як і з Грузіяй, гаворка ідзе больш аб тым, каб паставіць Захаду знак «стоп» і выкарыстоўваць усе сродкі, каб не дапусціць, каб краіна стала членам ЕЗ і НАТА», – растлумачыў суразмоўца нашых партнёраў па расследаванні, які працуе ў разведцы.

Паказальна яшчэ і тое, як у Крамлі плануюць уплываць на палітычны курс дзвюх краінаў. Напрыклад, калі ў Беларусі, згодна з дакументам, ужо вырашаецца пытанне аб адзіным падыходзе ў рамках Саюзнай дзяржавы да такіх сфер як фінансы, энергетыка, адукацыя і абарона, то з Малдовай галоўнымі мэтамі зʼяўляюцца: аднаўленне ўдзелу ў СНД, ЕАЭС і АДКБ, а ў кароткатэрміновай перспектыве, прасоўванне расейскіх тавараў на малдаўскі рынак і захаванне абʼёмаў паставак расейскага газу.

«Уплываць на дэмакратыі Расеі складаней»

Палітычны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павал Слюнькін лічыць, што ў распрацоўцы такіх стратэгій Крэмль выкарыстоўвае, акрамя іншага, эканамічны ціск.

– З дакументу па Малдове мы нічога новага не даведаемся, проста зараз мы бачым, як Расея піша на паперы, што выкарыстоўвае механізмы эканамічнага ціску і палітычнай дэстабілізацыі для дасягнення сваіх інтарэсаў у іншых краінах. [...] У Малдове ўсе спробы ўплываць на палітычны курс кіраўніцтва праз эканоміку і праз стымуляванне сацыяльнай незадаволенасці, былі і раней, калі расейскі рынак закрывалі для малдаўскіх вінаў, напрыклад. Такія рычагі ціску з боку Расеі адчувалі і Грузія, і Украіна, і Беларусь. [...] Але мы бачым, што падыход да «заваёвы» Малдовы ў Крамля мякчэйшы, чым да Беларусі. Першая прычына – у Беларусі і Расеі ёсць агульная мяжа, чаго няма ў Расеі з Малдовай. Да таго ж, беларускае кіраўніцтва першапачаткова моцна залежала ад Крамля і лаяльна яму. Плюс, у нас ёсць Саюзная дзяржава – фармальны палітычны інстытут, якім можна прыкрываць спробы аказання палітычнага ўплыву, проста выкарыстоўваючы працэс інтэграцыі, – сказаў Беларускаму расследвальніцкаму цэнтру Павел Слюнькін.

Уплываць на Малдову, паводле слоў аналітыка, Расеі больш складана, паколькі яна з Расеяй мела толькі эканамічнае, а не палітычнае супрацоўніцтва ў межах СНД. Да таго ж у краін няма агульнай мяжы, а палітычны лад Малдовы адрозніваецца ад беларускага.

– Беларусь стала яшчэ больш аўтарытарнай, чым была да 2020 года. А Малдова мае даволі працяглую гісторыю дэмакратычнага ладу, там увесь час мяняецца ўлада, хоць і з больш на менш прарасейскую. Але нават калі Расея прывяла ў Малдову свайго стаўленіка, Дадона, [...] які спрабаваў блакаваць нейкія рэчы ў межах развіцця еўрапейскай інтэграцыі Малдовы і наадварот збліжацца з Расеяй, [...] парламент ці Канстытуцыйны суд Малдовы часова прыпынялі яго дзейнасць у якасці прэзідэнта паколькі лічылася, што ён перавышае свае паўнамоцтвы. Форма палітычнага ладу краіны зʼяўляецца абмежавальнікам. [...] Таму ў дэмакратычных краінах Расеі дзейнічаць складаней, – кажа аналітык.

Слюнькін падкрэслівае важны момант: дакументы і па Беларусі, і па Малдове пісаліся да пачатку вайны ва Украіне. Пасля 24 лютага 2022 года стратэгія адносна дзвюх краін не магла не змяніцца.

– Вайна вельмі моцна паўплывала на тое, якія планы і якая стратэгія выкарыстоўваецца і будзе выкарыстоўвацца ў адносінах да Беларусі і Малдовы. Таму мы зараз гаворым пра дакументы, якія ў шырокім сэнсе састарэлі па многіх параметрах. Але ўсё роўна трэба разумець, што Расея ад сваіх мэт не адмаўляецца. [...] У Малдове яна зараз робіць спробы арганізацый каляровых рэвалюцый, мітынгаў, гэта значыць выкарыстоўвае больш гнуткія метады. Калі раней Крэмль ціснуў на краіны праз газавы і экспартны шантаж, [...] зараз ён спрабуе працаваць і з сацыяльнай незадаволенасцю – у Малдове гэта выразна відаць. Там вялікі працэнт насельніцтва нейтральны ці сімпатызуе Расеі, – кажа аналітык.